Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Акудовіч: мы самі падмацоўваем лукашэнкаўскі рэжым


Міхась Скобла, Менск

Неўзабаве пасьля ўрачыстага ганараваньня ў Купалаўскім музэі мы сустрэліся зь ляўрэатам на ягоным працоўным месцы — у падзямельлі вытворчага аб'яднаньня "Беларус Турыст", дзе Акудовіч, як і належыць сапраўднаму філёзафу, працуе кладаўшчыком. Як тут не прыгадаць Дыягена, што, як вядома, шукаў зацішша ад жыцьцёвай мітусьні ў бочцы.

Наша гутарка адбывалася ў інтэр'еры нагрувашчаных намётаў, плецакоў ды іншага турыстычнага рыштунку.

(Міхась Скобла: ) "Я віншую вас з атрыманьнем прэміі. Прыемная і, я думаю, значная падзея ў вашым жыцьці. Але на пачатку гутаркі я б хацеў вярнуцца да падзеі, якая мецьме значнасьць для ўсіх нас яшчэ як найменш гадоў пяць — выбары 9 верасьня.

Зразумела. што мелі месца фальсыфікацыі й рэпрэсіі. Але ж адбылося й яшчэ нешта, што можа паслужыць спажывай для роздуму ня толькі палітыкаў. Не кранаючы парушэньняў заканадаўства, — што ўвідочнілася для вас пасьля 9 верасьня?"

(Валянцін Акудовіч: ) "Так, былі й хлусьня, і падман, і фальсыфікацыі масавыя. Але аб'ектыўна апазыцыя не магла перамагчы. Гэта відавочна. Чаму так сталася? Апазыцыя прайграла яшчэ гадоў 10–15 таму.

Мы прайгралі тады, калі выбіралі формулу, якую зьбіраліся запрапанаваць грамадзтву. На чым мы пабудавалі сваю ідэалёгію? На простых рэчах — беларускі народ быў няшчасны, калянізаваны, занядбаны, жыў жабрацкім нішчымным жыцьцём. І апазыцыя яму сказала: мы цябе вызвалім зь ярма й павядзем у сьветлую будучыню.

У прынцыпе, усё правільна, і шмат хто паверыў і пайшоў сьледам, праўда нядоўга ішоў — да той пары, пакуль не прыйшоў Лукашэнка. Лукашэнка прыйшоў і сказаў: "Лухта, хлопцы! Гэта ўсё няпраўда, што мы занядбаныя ды няшчасныя. Мы — вялікі народ. Мы пабудавалі вялікую камуністычную цывілізацыю, мы зваявалі палову сьвету й палову космасу, мы маем магутную індустрыю. Шкада, што разваліўся Савецкі Саюз, але нічога — мы сёе-тое падладзім, мы былі й застаемся вялікімі".

І калі народу запрапанавалі выбар: ці быць занядбанымі й няшчаснымі, ці быць нашчадкамі магутнай імпэрыі — ён выбраў гонар, ён выбраў веліч, ён выбраў перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, перамогу ў космасе й пайшоў па гэтым шляху.

Тое, што прапаноўваў Лукашэнка, было зразумела ўсім, тое, што прапаноўвала апазыцыя, патрабавала ломкі ўсіх стэрэатыпаў. Людзі сем гадоў ішлі за Лукашэнкам, і, трэба прызнаць, многія падтрымалі яго й цяпер.

Таму што мы, сем гадоў змагаючыся з рэжымам, не прыдумалі нічога лепшага, як зноў гаварыць: вы занядбаныя няшчасныя рабы, таму што ў вас такі кіраўнік. Вось скінем яго, і ўсё зьменіцца да лепшага. Мы самі гэтай мэнтальнай, яшчэ багушэвіцкай, мадэльлю занядбанага, прыбітага беларуса падмацоўваем лукашэнкаўскі рэжым, мы, калі хочаце, паразытуем на ёй.

Толькі дзеля таго, каб зьмяніць уладу, якая сапраўды ня вартая быць уладай, мы ганьбім Беларусь, ганьбім тое, што маем. Мы робім вельмі страшную рэч. Сёньня тры чвэрткі народаў сьвету жывуць у горшых умовах і не пры лепшых рэжымах. Але ў мяне такое ўражаньне, што ніхто ў цэлым сьвеце так не лямантуе пра сваю занядбанасьць, як мы".

(Скобла: ) "Калі я чытаў вашую кнігу "Мяне няма: роздум на руінах чалавека", я падкрэсьліў для сябе адну вашу парадаксальную думку пра тое, што "чалавек — ахвяра мовы. чалавек ублытваецца ў яе, як у павуту".

Здавалася б, наадварот: мова — закладніца чалавечай дзейнасьці. Ну скажам, мова безабаронная перад палітыкай — безьліч прыкладаў можна прывесьці з гісторыі. Вы ж кажаце пра адваротнае — пра зьверхнасьць мовы над чалавекам. У чым вашая рацыя?"

(Акудовіч: ) "Так, мова намі кіруе. Больш за тое, яна — вялікі хлус, яна нас падманвае. Я маю на ўвазе любую мову, у тым ліку й беларускую.

Вось глядзіце — яшчэ нядаўна пра Кастрычніцкую рэвалюцыю мы як гаварылі? 70 гадоў як мы яе толькі ні ўзьвялічвалі: рэвалюцыя, рабоча-сялянская ўлада — як гэта цудоўна! Якая вялікая справа — камунізм!

Потым штосьці зламалася, і сёньня мы гаворым, што кастрычніцкі пераварот — гэта адно з найвялікшых злачынстваў ХХ-га стагодзьдзя. Што той палітычны лад злачынны, ён загубіў мільёны жыцьцяў, што сапраўды так і ёсьць. Падзея — адна й тая ж самая, а мы ацэньваем яе абсалютна іншымі словамі! А пройдзе яшчэ колькі часу, і мы, магчыма, будзем зноў гаварыць пра яе з дапамогай іншых словаў!

Вось як бязьлітасна з намі абыходзіцца мова. Чалавеку толькі здаецца, што гэта ён скарыстоўвае словы. Гэта мова намі гаворыць! Можна падумаць, што вось цяпер я гавару тое, што думаю... Я гавару тое, чаму мяне навучыла мова. Мова — гэта даўным-даўно асобная цывілізацыя, пад якую, калі мы прыходзім у сьвет, хочам-ня хочам, а мусім падладжвацца".

(Скобла: ) "Я ведаю, што вы цяпер укладаеце "Анталёгію беларускага мысьленьня". Раскажыце пра гэты праект, і чым вашая анталёгія мае адрозьнівацца ад фундамэнтальнай "Беларускай думкі ХХ-га стагодзьдзя", укладзенай Ю.Гарбінскім і выдадзенай тры гады таму ў Варшаве?"

(Акудовіч: ) "Мне наш праект здаецца вельмі істотным. Таму што мы перажылі фантастычны пэрыяд — злому цывілізацыі, эпохаў. І вось у гэты пэрыяд, у апошнія 10–12 гадоў, здолела намацаць сябе й пачаць фармавацца сучаснае беларускае мысьленьне. Мы гэтым праектам пакажам, што ў нас ёсьць свая філязофія, сваё мысьленьне, якое стаіць нароўні з сучаснай эўрапейскай філязофскай думкай.

А "Беларуская думка ХХ-га стагодзьдзя" — выдатная рэч, я ад яе ў захапленьні. Але падбор матэрыялаў для яе ажыцьцяўляўся найперш паводле нацыянальных, палітычных крытэраў. А ў нашай анталёгіі будуць самыя розныя ракурсы, ня толькі Беларусь як інтэлектуальна-філязофская праблема, але й праблема сьмерці, праблема адсутнасьці й г.д.".

(Скобла: ) "Сёлета пабачыў сьвет першы нумар філязофска-літаратурнага часопісу "Паміж", аўтарамі якога выступаюць вашыя вучні — студэнты Беларускага калегіюму. З публікацыяў відно, што аўтарытэт настаўніка для вучняў непахісны, а ваш калега Ігар Бабкоў называе вас "культавай постацьцю беларускага інтэлектуальнага жыцьця ад сярэдзіны 90-х гадоў".

Але ж вы яшчэ і містыфікатар. Напрыклад, з пэўных крыніц я маю зьвесткі, што існуе (пакуль у рукапісе) гэткі зборнік — "Вершы Валянціна Акудовіча", але гэта зусім ня вашыя творы. Навошта вам спатрэбілася прыўласьніць плён чужога інтэлекту?"

(Акудовіч: ) "Тут усё так, але не зусім. (Сьмяецца.) Ідэя зборніка належыць згаданаму Ігару Бабкову. Як гэта ўсё адбывалася? Калі мы зьбіраліся пасьля розных сур'ёзных паседжаньняў — Рады калегіюму ды іншых і трошкі разьнявольваліся, то Бабкоў і Алесь Анціпенка пачалі пісаць вершы — пра мяне й для мяне. Яны мяне садзілі, як мастак садзіць мадэль, і пісалі.

Прычым спачатку пісалі на розных старых кнігах, і мне даводзілася пасьля сустрэчаў валакчы іх дахаты! І я ўзмаліўся, каб яны пісалі на шматках паперы. Але ім гэтага падалося мала, і яны падахвоцілі да пісаньня ўсіх, хто зьяўляўся ў калегіюме ці там, дзе мы былі.

Памятаю, як у Познані затрымлівалася нейкае пленарнае паседжаньне, і ўся беларуская дэлегацыя — Лявон Вольскі, Алесь Анціпенка, Ігар Бабкоў, Кася Камоцкая, Аляксандар Памідораў — паселі й пачалі пісаць вершы ад імя Акудовіча! Жарты жартамі, але зь цягам часу назьбіралася вершаў 200, экспромтаў вядомых і невядомых паэтаў, гэта своеасаблівая каштоўнасьць!"

(Скобла: ) "А не баіцёся, што пасьля выхаду кнігі хто-небудзь з сапраўдных аўтараў зьвінаваціць вас у плягіяце, заявіўшы пра свае аўтарскія правы?"

(Акудовіч: ) "Не баюся. (Сьмяецца.) Дзе-небудзь на апошняй старонцы я абавязкова пазначу, што "вершы Акудовіча" пісалі... і пералічу ўсіх".

(Скобла: ) "Відавочна, што мы жывем у час эскаляцыі ваенных настрояў. Думаецца, што да тых 14 000 войнаў, якія адбыліся за ўсю гісторыю чалавецтва, наш час, на вялікі жаль, дадасьць безьліч новых — дастаткова прыгадаць тэракты ў ЗША, ад якіх скалануўся цэлы сьвет. Збройна змагаюцца міжсобку народы, краіны, цывілізацыі.

Вы ж пішаце пра вайну своеасаблівую — вайну культураў. У чым вам бачыцца агрэсіўнасьць сусьветных культураў, і ці мае ў такім разе нейкія элемэнты агрэсіўнасьці культура беларуская?"

(Акудовіч: ) "Так, культуры больш агрэсіўныя за войскі. Культуры ваююць між сабой нават тады, калі маўчаць гарматы. Расейская культура зьнішчыла культураў больш, чым войскі Расейскай імпэрыі народаў за ўсю гісторыю. Часам можна пачуць цьверджаньне, што на тэрыторыі Расеі жывуць больш за 100 нацыянальнасьцяў. Не жывуць яны. Гэта тое, што яшчэ не дастрававала, не даніштожыла дарэшты расейская культура. Нічога, хутка даніштожыць.

Але так адбывалася паўсюль і заўсёды. Сёньня запаланяе сьвет амэрыканская культура.

І беларуская культура ў гэтым сэнсе не адрозьніваецца ад іншых. Калі б ёй не даводзілася ўвесьчасна змагацца супраць экспансіі расейскай культуры, то яна набралася б моцы й літаральна за 5–10 гадоў датрушчыла б палескую культуру. Была ж праглынутая на нашай тэрыторыі крыўская культура, цэлая цывілізацыя крываў! Была праглынутая ліцьвінская культура...

Але пакуль ідзе вайна культураў, культуры застаюцца. А вось у час высокатэхналягічных, камунікатыўна-адкрытых грамадзтваў зьнікае сама культура як зьява, як фэномэн. Калі чалавек зь пялюшак выхоўваецца на тэлевізары, на кампутары, дзе на экране на адной адлегласьці — і піраміда Хэопса, і Мірскі замак, і Эйфэлева вежа, то на якой культуры ён выхоўваецца? Пачынаецца час квазі-культуры — вось у чым вялікая праблема".

(Скобла: ) "Кажуць, што пэсыміст — гэта добра інфармаваны аптыміст. Вы чалавек, бясспрэчна, інфармаваны. Ці ровень вашай інфармаванасьці пакідае магчымасьці для беларускага нацыянальнага аптымізму?"

(Акудовіч: ) "Выдатны наш паэт Леанід Галубовіч назваў мяне "бадзёрым пэсымістам". Я не гляджу на беларускую сытуацыю пэсымістычна. Я гляджу пэсымістычна на ідэю татальна зьбеларусіфікаванай Беларусі, якую спрабавалі ўцялесьніць у жыцьцё нашы адраджэнцы. Гэтая ідэя, на жаль, ніколі ня будзе зрэалізаваная.

Беларусь ніколі не была аднанацыянальнай, аднакультурнай, тут заўсёды будуць прысутнічаць і расейская, і польская культуры, і, магчыма, англамоўная культура зьявіцца ў недалёкай будучыні.

Нам трэба кінуць намаганьні рабіць беларускай усю Беларусь. Неабходна сканцэнтраваць свае сілы на тым, што мы можам утрымаць, разгарнуць, зрабіць моцным. Мы павінны заняць сваё месца ў вясёлкавай, шматстайнай Беларусі, працаваць там, у тых сфэрах, дзе беларушчына прысутнічае ў сваім чыстым выглядзе".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG