Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: "Беларусь будзе рухацца да Беларусі"


Міхась Скобла, Менск

Днямі яшчэ адным ананімным творам у беларускай літаратуры паменела. Выступаючы на сталічнай Кастрычніцкай плошчы на недазволеным уладамі мітынгу ў падтрымку адзінага дэмакратычнага кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Ганчарыка, паэт Уладзімер Някляеў прызнаўся, што папулярны ў народзе сатырычны верш "Стаю на асфальце, у лыжы абуты..." напісаў ён. За што меў прыхільныя воплескі прысутных.

А месяц перад гэтым Уладзімер Някляеў прыехаў зь Фінляндыі, дзе жыве апошнім часам, каб асабіста агітаваць людзей галасаваць за альтэрнатыўнага Аляксандру Лукашэнку кандыдата. Сёньня паэт — госьцем "Вольнай студыі".

(Міхась Скобла: ) "Уладзімер Пракопавіч, за першы верасьнёўскі тыдзень Беларусь пасьпела перажыць і сакрушальную паразу, і трыюмфальную перамогу — я маю на ўвазе футбольныя падзеі. А які вынік чакае нас пасьля падліку галасоў?"

(Уладзімер Някляеў: ) "Вынік зразумелы ўжо цяпер. На маёй радзіме, на Смаргоншчыне, зробленыя гэтак званыя выбарчыя урны для таемнага галасаваньня. Што ўяўляе зь сябе такая урна? Гэта фанэрная скрыня з дэнцам, падбітым чатырма цьвічкамі, якія лёгка вымаюцца, і бюлетэні лёгка замяняюцца. Вось такі нас чакае вынік... Папярэдняе галасаваньне ідзе ўжо нават не з 4-га верасьня, а з 2-га — гэта я ведаю дакладна. Вынікі будуць сфальсыфікаваныя так, як гэтага захоча Лукашэнка й улада.

Але з гэтага нічога не вынікае. Гэты вынік будзе не перамогай Лукашэнкі, а ягонай канчатковай паразай. Таму што пасьля ўсяго таго, што ён зрабіў і яшчэ зьбіраецца зрабіць, у гэтага рэжыму будучыні няма. Але нам трэба было разьлічваць менавіта на 9-га верасьня, а не на тое, што будзе пасьля. Я так стаміўся ад размоваў накшталт: Лукашэнка, вядома ж, застанецца, але Захад не прызнае выбараў...

Ну што адбываецца? Вось 9-га верасьня, вось выбары, вось мэханізм адхіленьня яго ад улады. Пайшлі — і самі ўсё вырашым, пайшлі — і вырашым, незалежна ад тых цьвічкоў у скрынях, якія можна выдраць...

Мёртвыя ўжо за нас працуюць, а жывыя ня хочуць. Паднялі нябожчыкаў, можа, хто-небудзь зь іх жывы, хоць гэта фантастыка... Але зноў жа, ва ўсе бакі глядзім, а самі ў сваёй хаце навесьці парадак ніяк ня можам. Я з-за гэтага злосны, толькі з-за гэтага..."

(Скобла: ) "Вы прыехалі зь Фінляндыі адмыслова для ўдзелу ў агітацыйнай кампаніі. Як я разумею, вы яе ацэньваеце адмоўна. Ці ўсе магчымасьці былі выкарыстаныя напоўніцу?"

(Някляеў: ) "Я ніколі ня думаў, што будзе так, як адбылося. Што агітацыйная кампанія будзе праводзіцца так слаба — перш за ўсё слаба энэргетычна, неэмацыйна. Не падабаецца мне асабіста той жа Ганчарык. Ну што я магу з сабой зрабіць — не падабаецца.

Але калі Беларусь не запатрабавала свайго нацыянальнага лідэра... Нельга сказаць, што яго не было, ён быў — гэта Зянон Пазьняк. Ён стаўся незапатрабаваны. Калі рэжым гэты існуе, ён існуе з аб'ектыўных прычынаў. Калі б ён не задавальняў большасьць людзей, яго проста не было б. Калі б сёньня намэнклятура не была мацнейшаю за нацыянальны рух, не было б сёньня паперадзе намэнклятуры. Не стаяў бы Юры Хадыка за сьпіной Ганчарыка на гэтых выбарах. Гэта істотная праблема.

Але сёньня найбольш моцная энэргетычна менавіта намэнклятура, якою рухае пачуцьцё помсты, жаданьне рэваншу. Менавіта яе прадстаўнікі сталі сёньня найбольш моцнай рэальнай сілай, якая супрацьстаіць Лукашэнку. Гэта можа не падабацца, але так сталася, і трэба гэта прыняць — як працэс, як прамежак, як мяжу, якую трэба перакрочыць і пайсьці далей.

А ў нас усе хітруюць, як з таго боку, так і з гэтага, кожны за некага хаваецца, ніхто да канца не дагаворвае, што ён мае на ўвазе. Таму й маем тое, што маем. А Лукашэнка сваю ману бясконцую ўжо ператварыў за гэты час у праўду. Маніць — і пачынае сам сабе верыць. І я бачу, як яму пачынаюць верыць нават тыя людзі, якія яму да гэтай пары ня верылі".

(Скобла: ) "У мяне такое адчуваньне, што інтэлігенцыя ў сваёй пераважнай бальшыні самаадасобілася ад удзелу ў выбарчай кампаніі, ня выказала сваёй пазыцыі. Са згодніцтва беларускіх пісьменьнікаў, напрыклад, пакпіў Лукашэнка, выступаючы 4 верасьня ў Палацы Рэспублікі. Маўляў, на Дні беларускага пісьменства ў Амсьціславе ён гаварыў пра абавязковую дзяржаўнасьць расейскай мовы, а пісьменьнікі ў першых шэрагах сядзелі й згодна ківалі галовамі. Чаму так — "ніхто ж ня дасьць нам вызваленьня, ні Бог, ні цар і ні герой..."

(Някляеў: ) "Сёньня нехта адчувае сум, жаль, гаркоту па тым, што ня сталася, на што ён спадзяваўся. Нехта, наадварот, адчувае перамогу. Можа адбыцца тое, чаго ўсе мы асьцерагаемся, а ўсё да таго ідзе... Падтрымка інтэлігенцыі — гэта, вядома, важна.

Аб'ектыўна кажучы, у Лукашэнкі няма шанцаў перамагчы. У яго няма ў Менску, у абласных гарадох, ды й на вёсцы таго электарату, які ў яго быў у 1994 годзе. І вось калі ў гэтых умовах Лукашэнка здолее ўсіх падмануць і перамагчы, вось тады паўстане віна інтэлігенцыі на поўны рост. Тады мы ўбачым тыя прагалы маўчаньня, якія дапусьціла інтэлігенцыя за апошнія гады.

Хоць бы падтрымалі мяне на апошнім пісьменьніцкім зьезьдзе, калі я прапаноўваў пісьменьнікам адназначна выказаць сваю пазыцыю перад выбарамі. Пісьменьнікі павінны былі сказаць народу, за які яны так перажываюць, што яны супраць таго антыбеларускага рэжыму, які ўвасабляе Лукашэнка. Гэтага сказана не было. Пасьля знойдуцца героі, якія ўсё апраўдаюць, у тым ліку саміх сябе. Але будзе позна.

Я сам ня надта вялікі герой. А сёньня ідзе адкрытая барацьба, ламаюцца чалавечыя лёсы й жыцьці. І ў гэты час рабіць выгляд, што ты найперш творца, што ты найперш інтэлектуал і мудрэйшы за іншых — проста сорамна й ганебна. Мне гэта вельмі баліць".

(Скобла: ) "Тыдзень таму на футбольным матчы Беларусь–Украіна грамадзкі парадак ахоўвалі міліцыянты пад камандай небезьвядомага Дзьмітрыя Паўлічэнкі. Адзін з журналістаў пацікавіўся ў яго — а дзе ж ваша сапёрная рыдлёўка? "Дык сёньня ж яшчэ не 10-га верасьня", — змрочна пажартаваў Паўлічэнка ў адказ. Вы дапускаеце падобныя дзеяньні з боку ўлады пасьля выбараў?"

(Някляеў: ) "Я дапускаю любыя дзеяньні з боку гэтай улады. Я не магу сёньня наўпрост абвінаваціць Лукашэнку ў забойствах, рэальна ў мяне такіх доказаў няма. Але сама якасьць гэтай улады дапускае ў маёй сьвядомасьці такую магчымасьць.

І калі я сёньня размаўляю зь людзьмі, прычым, ня самымі дурнымі, і яны мне кажуць: "Ну, забіў — ну і што? Ідзе барацьба за ўладу", я проста ад гэтага вар'яцею! Ужо наша грамадзтва дапускае такое разьвіцьцё падзей. Вось у чым праблема інтэлігенцыі! Гэта была яе работа раней, гэта ёсьць яе работай цяпер, каб грамадзтва нават у страшным сьне не дапускала такой магчымасьці. Але, на вялікі жаль, сёньня гэта мае месца.

Мяне сёньня найперш трывожыць ня ўладны аспэкт нашага жыцьця, а маральны. Бо жыць нам далей ня толькі ў грамадзтве, але кожнаму з самім сабой. І ў пэўны момант можа некаму прысьніцца, што ёсьць на сьвеце Бог. І перад ім прыйдзецца адказваць. І як будуць апраўдвацца некаторыя, што ў наш час дапусьцілі пэўныя ўчынкі, я ня ведаю.

Я сам перад сабой не магу даць адказу, хоць, здавалася б, у апошні час зрабіў усё магчымае, каб самаапраўдацца. І да гэтай пары ня здолеў гэтага зрабіць. І думаю я пра сваіх сяброў-таварышаў зь вялікім сумам".

(Скобла: ) "Нядаўна я па тэлевізары пабачыў кранальную сцэну — Лукашэнка ў праграме "Масква–Менск" вершы чытаў. Зь Сяргея Ясеніна — "Русь уходящую". Але сёньня відавочна, што Расея ад яго нікуды не адышла. Чаму ўсё ж такі беларускі злачынны рэжым — а гэта ясна як белы дзень і ў Лёндане, і ў Варшаве, і ў Маскве — па-ранейшаму карыстаецца падтрымкай Крамля?"

(Някляеў: ) "Мяне амаль што не цікавіць, як там сядзіць і што думае Пуцін. І чаму ён сёньня маўчыць, а заўтра, магчыма, скарыстаўшы ўсю даступную яму інфармацыю, нешта скажа. Якое б ён рашэньне ні прыняў, нашы спаконвечныя спадзеўкі на некага мяне проста выводзяць зь сябе.

Ну добра — ёсьць магутны Захад, і Расея — такая як ёсьць. Ізноў мы таўчэмся — то задам туды, то перадам сюды. Адносіны да выбараў з боку Расеі, я думаю, відавочныя. Калі б Масква падтрымала Лукашэнку, то гэта была б падтрымка не на ўзроўні Селязьнёва й Жырыноўскага... Паколькі там маўчаць, значыць, у іх распрацаваны нейкі расейска-азіяцкі сцэнар.

Расея ж — краіна вечных інтрыгаў, і ўлада расейская з мэнталітэтам інтрыганаў. Таму варта чакаць ад іх нейкага чарговага падобнага сцэнару. Але мяне найперш цікавіць той сцэнар, які напісаны тут, напісаны намі. І ён, гэты сцэнар, мяне сёньня не задавальняе, і ня толькі мяне..."

(Скобла: ) "І апошняе пытаньне. Зразумела, што для зьмены ўлады ў любыя часы неабходна мець пэўныя ўмовы ды настроі — як у грамадзтве, гэтак і ў калідорах самое ўлады. У Адама Міцкевіча пра гэта дакладна: "О людзі! Кожны можа з вас у час натхнёны узносіць і бурыць уласнай воляй троны". Сёньня ў Беларусі — не натхнёны час?"

(Някляеў: ) "Я б так не сказаў, што час не натхнёны. Таму што людзі сёньня ўжо далёка ня тыя, якімі былі раней. Пакуль што скоўваюць страх, асьцярога, усё тое, што называецца быцьцём — сям'я, работа, заробак, пэнсія...

Але адбыліся значныя ўнутраныя зьмены. І ўжо нічога немагчыма адкруціць назад. Беларусь будзе рухацца да Беларусі без пытаньняў паэтычных — калі мы дойдзем, з чым мы дойдзем... Адбываецца няўмольны рух. Бо надта блізка ад нас нармальнае жыцьцё — толькі перайсьці мяжу ля Горадні, і можна гэтае жыцьцё памацаць.

Як толькі скінецца вось гэтая пошасьць, гэтая навала, якая трымае нас у страху й не дае быць самімі сабой, выявіцца ўсё тое, што за апошнія 10 гадоў стварылася ў саміх нас. І пойдзе працэс магутны, як ядравая рэакцыя — мы самі будзем зьдзіўляцца з таго, што зробім у бліжэйшы час".
XS
SM
MD
LG