Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь мяцежная: антыбальшавіцкі супраціў 1920-х гадоў.


Міхась Скобла, Менск

(Міхась Скобла: ) "Якуб Колас яшчэ ў 1921 годзе ў вершы "Беларускаму люду" не пабаяўся назваць бальшавікоў "чужаніцамі" ды "махлярамі чорных дарог". Дзіўна было б думаць, што Беларусь паслухмяна збочыла са свайго, хай сабе яшчэ не да канца пратаптанага шляху, на тыя "чорныя дарогі".

Але праўда пра змаганьне беларусаў з "чужаніцамі" з Усходу да нядаўняга часу была надзейна схаваная. Цягам апошняга дзясятку гадоў заслона прыадкрылася, і мы ўбачылі падзеі ды асобаў, што прэтэндуюць на месца ў падручніках гісторыі незалежнай Беларусі.

Нядаўна ў Вільні пабачыла сьвет кніга пад назовам "Беларусь мяцежная: з гісторыі антысавецкага ўзброенага супраціву 1920-х гадоў". Ейная аўтарка — гісторык Ніна Стужынская, яна сёньня з намі ў "Вольнай студыі".

У сваёй кнізе вы падрабязна разглядаеце два агмені беларускага антыбальшавіцкага супраціву — Слуцкае паўстаньне й дзейнасьць арганізацыі "Зялёны Дуб".

Калі пра слуцкіх паўстанцаў нават за савецкім часам зьяўляліся цэлыя кнігі, то пра "зялёнадубцаў" сур'ёзных дасьледаваньняў папросту не было. Тут пальма першынства належыць вам. Што зь сябе ўяўляла ваенна-палітычная арганізацыя "Зялёны Дуб"?"

(Ніна Стужынская: ) "У тым часе, на пачатку мінулага стагодзьдзя, "Зялёны Дуб" быў абсалютна тыповай патаемнай палітычнай арганізацыяй баёвага тыпу. Гэта была партыйная арганізацыя пад назвай Беларуская сялянская партыя "Зялёны Дуб".

Напачатку (а гісторыя "Зялёнага Дубу" пачалася ў 1910 годзе) гэта была культурніцкая моладзевая арганізацыя, што таксама тыпова для ўтварэньняў падобнага кшталту. Зь цягам часу на асноведзі тагачасных падзеяў — Першай сусьветнай вайны, кастрычніцкага перавароту, разлому Расейскай імпэрыі — моладзь далучалася да вялікай палітыкі і ўрэшце прыйшла ў яе".

(Скобла: ) "Наколькі масавым быў антысавецкі рух увогуле і ў прыватнасьці — рух "зялёнадубцаў"? Юрка Віцьбіч у сваёй нью-ёрскай кнізе "Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі" (1996) сьцьвярджае, што, да прыкладу, у Вяліскім паўстаньні брала ўдзел 50 000 чалавек. Якія лічбы можаце прывесьці вы?"

(Стужынская: ) "Я б адразу параіла ня блытаць дзьве формы супраціву. Спачатку на Беларусі мелі месца ўзброеныя паўстаньні. Яны сапраўды былі масавыя, хоць часам дрэнна падрыхтаваныя, стыхійныя. Асабліва гэта датычыць выступаў на Віцебшчыне, на якія вы спаслаліся.

Але ўсё ж Віцьбіч быў недалёкі ад праўды. Таму што паўстаньні насілі характар хваляў. Напрыклад, у адным раёне паўставала 15 000 чалавек. Не пасьпявалі расправіцца зь імі, як у суседнім раёне паўставалі новыя 10 000–15 000. І таму Віцьбіч мае рацыю, калі гаворыць пра такі масавы рух.

На зьмену паўстаньням прыйшоў партызанскі рух. Яго акурат арганізаваў і каардынаваў у Беларусі "Зялёны Дуб". Беларуская антысавецкая партызанка распачалася ў канцы 1920 году. Яна ўвабрала рэшткі паўстанцкага руху, азначылася як супраціў ужо ў іншай форме. Дывэрсіі, узброеныя сутычкі — гэта тыповая партызанская барацьба.

Партызанскі рух быў дастаткова масавы й добра арганізаваны. Кожныя два тыдні разьведупраўленьне Заходняга фронту давала зводкі па арганізатарах, па рэгіёнах дзеяньня, па колькасьці дывэрсіяў. Возьмем толькі жнівень 1920 году. На гэты час дзейнічала 120 партызанскіх аддзелаў. І гэта толькі на тэрыторыі шасьці паветаў!

Дастаткова паглядзець мапу, падрыхтаваную бальшавіцкім разьведупраўленьнем, якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве Беларусі, каб упэўніцца — змаганьне вялося сур'ёзнае. Глядзім на поўнач Беларусі. Там дзейнічаў атрад атамана Эртмана — 1 500 чалавек. У цэнтральнай Беларусі пазначана: "зялёнадубцы" — 300 чалавек. Побач — балахоўцы і г.д. Складзем усе лічбы і атрымаем толькі за адзін месяц ад 3 000 да 4 500 чалавек".

Са справаздачы №2 Слуцкага павятовага ваенрэўкаму за час з 16-га па 31-га сьнежня 1920 году:

"Отношение населения к Советской власти в большинстве неудовлетворительное… Развившееся в период польской оккупации национальное движение и отсутствие политработников не позволяет его парализовать.

18-го декабря белорусские войска ворвались в мест. Семежево и Вызну. Наши потери: пулемётов "Максим" — 1, ящиков пулемётных — 6, винтовок — 7, патронов к ним — 5 000 штук, лошадей — 8, кухонь — 1, двуколок — 2, крупы — 30 фунтов, мяса — 25 фунтов… Сведения о потере людей будут указаны в приложении.

В лесах нейтральной зоны, по рекам Лань и Моречь, имеются шайки дезертиров — добровольцев Беларусской армии в количестве до 3 000 чел., с оружием до 500 винтовок, 4 пулемёта и 2 орудия…"

(Скобла: ) "У свой час рэцэнзэнты згаданай Віцьбічавай працы з амэрыканскага Інстытуту вывучэньня гісторыі ды культуры СССР закідалі аўтару, што апісаныя ім паўстаньні ня маюць нічога агульнага з нацыянальным антыбальшавіцкім рухам. Маўляў, гэта былі разрозьненыя выступы, што мелі розныя мэты. Ці быў беларускі антысавецкі супраціў менавіта НАЦЫЯНАЛЬНЫМ?"

(Стужынская: ) "Несумненна, гэта быў нацыянальны рух. Гэта было змаганьне грамадзянаў Беларусі, людзей, якія ўсьвядомілі сябе беларусамі, ня толькі насельнікамі гэтай зямлі, але і грамадзянамі беларускай краіны, асобнай краіны, што паўставала на абломках Расейскай імпэрыі. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова пачытаць дакумэнты.

Са Статуту Беларускай сялянскай партыі "Зялёны Дуб":

"Беларуская сялянская партыя "Зялёны Дуб" ставіць сваёй глаўнай мэтай вызваленьне Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай навалы і адбудаваньне свайго незалежнага гаспадарства. Партыя лічыць, што дзеля дасьціжэньня гэтай мэты патрэбна вясьці непрэрыўную партызанскую вайну з бальшавікамі, заняўшымі болей як палавіну тэрыторыі Беларускай зямлі…

Партыя "Зялёны Дуб" лічыць, што Савецкая Расія зьяўляецца такім жа ворагам Беларускай Народнай Рэспублікі, якім была для яе Царская самадзяржаўная Расія.

Ісходзючы з гэтага, "Зялёны Дуб" трымаецца арыентацыі на Захад і лічыць, што толькі цесная сувязь і дружба з аднаго боку з Польшчай, а з другога боку з Украінай могуць стварыць палітычную кан'юнктуру, пры якой можэбна істнаваньне незалежнага Беларускага Гаспадарства.

Партыя "Зялёны Дуб" лічыць, што частка залатога фонду, захвачаная Савецкай Расіей ад Царскай Расіі, зьяўляецца законнай уласнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі.

Статут чытаў і згодзен зь ім
атаман "Зялёнага Дубу" Дзяргач".

"Зялёнадубцы" мелі цьвёрдую грамадзянскую пазыцыю. У адным з дакумэнтаў мне сустрэўся запіс селяніна зь вёскі Рэпішча: "Ніхто ня мае права пазбавіць чалавека Радзімы, ніхто, нават дзяржава".

(Скобла: ) "Прыкладна месяц таму па расейскім тэлеканале НТВ быў паказаны мастацкі фільм "Приступить к ликвидации", у якім апавядалася пра зьнішчэньне ў паваенны час "антысавецкай банды" ў ваколіцах Горадні. У фільме фігуравалі канкрэтныя геаграфічныя назвы — Слонім, Азярніца. Атаман "банды" меў прозьвішча Крук. Яго ўрэшце растралялі з засады доблесныя чэкісты.

Ці варта тлумачыць, што з гледзішча Масквы Крук мог быць толькі "бандытам". Але ж і ў замежных пэрыёдыках 1920-х гадоў, напрыклад, ва ўплывовай ангельскай газэце "Times", пра партызанскія антысавецкія атрады паведамлялася як пра "бандыцкія". Відаць, былі падставы й для такіх ацэнак?"

(Стужынская: ) "Гэта пытаньне дэфініцыі. Самі сябе паўстанцы называлі партызанамі. На Віцебшчыне — народнымі апалчэнцамі альбо народнымі мсьціўцамі. А слова "бандыт" мела на той час палітычную афарбоўку.

Напрыклад, бальшавікі затрымлівалі чалавека і абвінавачвалі ва ўдзеле ў антысавецкім выступе. А ён, ратуючыся, адказвае: "Не-не, я проста злодзей! Я не бандыт!" Таму што бандытызм цягнуў на палітычны артыкул.

А некаторыя партызаны самі сябе называлі бандытамі. Захаваліся вершы атамана Аберона зь Віцебшчыны. Яны называюцца "Песьні бела-бандыта". Такім чынам сэнс слова "бандыт" на той час быў адрозны ад сучаснага. Ён меў найперш палітычнае адценьне".

(Скобла: ) "У вашай кнізе шырока выкарыстаныя архіўныя дакумэнты, у тым ліку фатаграфіі. Са здымкаў глядзяць шляхотныя спакойныя твары беларускіх змагароў Мікалая Крывашэіна, Уладзімера Ксяневіча, Аляксандра Маркевіча, Макара Краўцова ды іншых. А які быў маёмасны стан удзельнікаў руху? Што яны пакідалі, выбіраючыся ў лес?"

(Стужынская: ) "Гэта была сярэдняя кляса, вясковыя гаспадары. Гэта была вайна гаспадароў супраць безгаспадарчасьці й эканамічнага авантурызму новай улады.

Вось тыповы ўдзельнік партызанскага руху: Піменаў Пракоп Данілавіч. Год нараджэньня — 1883. Беларус. Малапісьменны. Зь вёскі Гарадзішча, што на Шклоўшчыне. Прыняў удзел у буйным паўстаньні ў траўні 1919 году, цэнтрам якога была ягоная родная вёска, а кіраўнікамі — ягоныя браты. Да 1917 году ў ягонай гаспадарцы былі: 10 дзесяцінаў зямлі, 2 хаты, 2 пуні, 2 каня, 2 каровы, 3 сьвіньні, 3 авечкі, 1 плуг, 1 баран. А сям'я налічвала дзесяць душаў".

(Скобла: ) "На пячатках "Зялёнага Дубу" побач з гербам "Пагоня" выразна відзён чэрап са скрыжаванымі косткамі. Што гэта мела азначаць?"

(Стужынская: ) "Гэта азначала толькі адно — людзі вырашылі ў сваёй справе ісьці да канца. Ісьці самахвярна. Паўстанцы не маглі ўцячы, не маглі трапіць у палон. Яны ня мелі альтэрнатывы — толькі сьмерць".
XS
SM
MD
LG