Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пляваць я хацеў на беларускую ўладу!"


Міхась Скобла, Менск

Міхась Скобла: ) "На мінулым тыдні беларускі перакладчык Васіль Сёмуха быў узнагароджаны нямецкім ордэнам. Такім чынам прэзыдэнт Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны ацаніў шматгадовую Сёмухавую працу па перакладзе на беларускую мову твораў нямецкае клясыкі. Гэтая падзея й сталася нагодай для нашае гутаркі.

Спадар Васіль, я віншую вас з высокай узнагародай. Вы сталі кавалерам ордэна "За заслугі перад Фэдэратыўнай Рэспублікай Нямеччынай". Але сёньня, калі ў Беларусь, паводле афіцыйных мэдыяў, зноў засылаюцца шпіёны й дывэрсанты з Захаду, атрымліваць гэткую ўзнагароду даволі рызыкоўна. Не баіцёся, што вас абвесьцяць нямецкім агентам?"

(Васіль Сёмуха:) "Калі ў нас такія падзеі… Што ж, можаце лічыць мяне нямецкім шпіёнам, я не баюся. У свой час я чытаў у газэце "Славянский набат", што Сёмуха прадаўся Захаду. А колькі праўды ў гэтым — самі мяркуйце. Я памятаю словы Валодзі Караткевіча (ён любіў іх паўтараць): "Калі ваўку няма чым сраць, дык ён — лыкам"… Вось і тут гэтае лыка ну з усіх дзірак пнецца".

(Скобла: ) "Апошнім часам вам даводзіцца працаваць пераважна "ў шуфляду", паколькі перакладныя кнігі ў дзяржвыдавецтвах амаль не выходзяць. Зразумела, што без сусьветнае клясыкі беларуская культура абысьціся ня зможа. Але наколькі тое, што вы перакладаеце, можа быць актуальным для Беларусі менавіта сёньня?"

(Сёмуха: ) "Мае пераклады апошніх гадоў усе актуальныя. Нават тыя, якія, на першы погляд, такімі не здаюцца.

Чым актуальная, напрыклад, "Кніга цара Давіда" нямецкага пісьменьніка Штэфана Гайма? У ёй апісваюцца біблійныя падзеі, часы цараваньня цара Салямона — самага мудрага, самага справядлівага цара, так, прынамсі, мы пра яго ведаем.

Але ў кнізе выкрыты мэханізм ягоных тыраніі, дэспатыі, дыктатарства. І калі вы паглядзіце, што рабіў цар Салямон дзеля ўмацаваньня свайго трону, то вы й сярод кіраўнікоў сучасных дзяржаваў пазнаеце такіх Салямонаў, якія дзейнічаюць тымі самымі сродкамі.

Усе дыктатуры падобныя адна на адну як два пальцы. Чытаць пра гэта й разумець гэта, я лічу, актуальна, бо мы перажываем гэтыя часы — часы дыктатара Салямона".

(Скобла: ) "А хіба старажытныя й сучасныя дыктатуры падобныя між сабой? Хіба іхныя мэтады й сродкі не зьмяніліся на працягу тысячагодзьдзяў? Якія яны?"

(Сёмуха: ) "Перш за ўсё — заткнуць глотку сродкам масавай інфармацыі. Гэта рабілася тады (хоць сродкі інфармацыі былі іншыя), гэта робіцца й цяпер. Мэта адна — паставіць на калені вучоных, філёзафаў, гісторыкаў, каб яны перапісвалі гісторыю так, як трэба. Нават па біблійных тэкстах відно, як перапісвалася гісторыя цара Давіда, што не супадае адно з другім, розныя трактоўкі даюцца.

Няма такога сьмертнага граху, якога не было б на сумленьні цара Давіда. У яго былі па локці рукі ў крыві. Ён і ад Бога адступаўся. І здраджваў свайму народу. І ваяваў супраць свайго народу. І злачынствы разбойныя ўчыняў. Усё гэта паказана ў рамане Штэфана Гэйма. Гэта вельмі цікава.

І мы з вамі можам назіраць, як душыцца свабода слова ў Беларусі, як перапісваецца беларуская гісторыя. У той час усё гэта рабілася таксама. Дык актуальна гэта ці неактуальна? Актуальна!"

(Скобла: ) "Вы перакладаеце зь нямецкай мовы ўжо каля сарака гадоў. Сорак гадоў спасьцігалі Нямеччыну ў сваіх уяўленьнях, сваіх мроях, паколькі ўвесь гэты час былі невыязны, нядобранадзейны для саветаў.

І вось летась вы мелі магчымасьць упершыню наведаць Нямеччыну. Якія ўражаньні склаліся ў вас падчас візыту? Ці ёсьць у немцаў разуменьне таго, што адбываецца ў нашай краіне?"

(Сёмуха: ) "Для мяне самым галоўным было — сустрэцца ў Нямеччыне са звычайнымі жывымі людзьмі, якія нясуць крыж пакаяньня перад Богам за ўчыненае калісьці ня імі канкрэтна, а іхнымі кіраўнікамі.

Цяпер нямецкі народ каецца. Сёньня нямецкі народ дае прыстанішча сусьветнавядомаму пісьменьніку, гонару й сумленьню нашай нацыі Васілю Быкаву.

Парадокс гісторыі — чалавек, які так шмат у сваёй сфэры зрабіў для змаганьня з фашызмам, якога беларуская ўлада абвінавачвае ў фашысцкіх поглядах, — гэтаму чалавеку дае прыстанішча менавіта нямецкі народ.

Гэта ганьба для нашай краіны, для нашай улады, для нас усіх, што Васіль Быкаў вымушаны шукаць даху над галавой у Нямеччыне. Але гэта гаворыць і за немцаў. Яны разумеюць нашу сытуацыю.

Што датычыцца фашызму… Вось некалькі дзён таму я слухаў па радыё дэпутата гэтак званай "палаты прадстаўнікоў" Касьцяна. Ён дагаварыўся да таго, што народам у свой час былі патрэбныя Гітлер, Сталін і Піначэт! Я ня ведаю, каго Касьцян хоча параўнаць з названымі асобамі, але яўна, што ён мае на ўвазе кагосьці.

І гэты камуніст засядае ў парлямэнце! І я скажу, чаму ён там засядае — таму, што ёсьць чым сядзець, задніца ёсьць. А галавы няма. І ён думае тым, на чым сядзіць, калі гаворыць такое".

(Скобла: ) "Вы прыгадалі Васіля Быкава. На гэтым тыдні была апублікаваная заява 19-ці беларускіх пісьменьнікаў з патрабаваньнем спыніць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі шальмаваньне Быкава. Пад заявай стаіць і ваша прозьвішча. Вы чакаеце нейкай афіцыйнай рэакцыі ад беларускіх уладаў?"

(Сёмуха: ) "Мне пляваць на беларускія ўлады ў сувязі з Быкавым! Усё тое, што гэтая ўлада выплюхнула на галаву геніяльнага пісьменьніка, нашага Васіля Быкава — гэта хлусьня! І таму я ад іх нічога людзкага й добрага не чакаю.

Калі Лукашэнка (я сам чуў) абвінавачвае пісьменьніка па радыё, маўляў, Быкаў ня згодны з маёй палітыкай, Быкаў — радыкал фашыстоўскага толку, ну ведаеце… А калі там нейкі Казіятка ці Азаронак вылазяць на экран з падобнымі выказваньнямі, то апрача агіды я анічога не адчуваю.

Людзі, якія, кажучы біблійнымі словамі, ня вартыя завязаць шнуркі на сандалях Васіля Быкава, дазваляюць сабе такое плявузгаць на ўвесь белы сьвет! А наша ўлада гэтаму патурае, лічыць гэта свабодай слова. Гавары што хочаш кепскага на Быкава — гэта добра, а ў абарону пісьменьніка — гэта кепска… Пляваць я хацеў на такую ўладу!"

(Скобла: ) "Давайце пагаворым пра мову вашых перакладаў. Усе, хто чытаў па-беларуску Якаба фон Грымэльсгаўзэна, Германа Гесэ, Візму Бэлшавіцу ды іншых славутых пісьменьнікаў, не маглі не захапіцца мовай.

Я перад нашай гутаркай зазірнуў у перакладзеную вамі кнігу Фрыдрыха Ніцшэ "Так сказаў Заратустра" й не ўстрымаўся, каб ня выпісаць колькі выразаў і словаў: Заратустра ШЧАСЬЦІЎСЯ з духу свайго й АДЛЮДНЕНАСЬЦІ; ЛЮДОВІШЧА на пляцы; хадзіць у пурпурах ШАНОЎЛІ; ЛЮБАЦЕРПЦЫ й ЛЮБАСЬНІКІ ісьціны; МОЛЬБІТЫ ўсталі з каленяў; вусны ЗЬНЯМОВІЛІСЯ…

Але словаў гэтых няма ў сучасных нарматыўных слоўніках. У якіх моўных сусеках вы іх адшукалі?"

(Сёмуха: ) "У мове. Іх няма ў нарматыўных слоўніках, але яны ёсьць у мове. Усе гэтыя словы ўласьцівыя беларускай мове.

Я чуў ад нашага Салямона, што па-беларуску нельга выказаць вялікіх думак, бо ці бачыце, беларуская мова бедная. А існуе ўсяго дзьве вялікія мовы — ангельская й расейская.

Праўда, у апошнім інтэрвію "Советской Белоруссии" Салямон пашырыў гэты сьпіс да шасьці. Але і ў гэтым сьпісе месца беларускай мове не знайшлося. Але ад гэтага мудрага Салямона за шэсьць гадоў я не пачуў ніводнай разумнай думкі — ні на адной з моваў! Пры чым тут мова?

Увогуле, паняцьце пра вялікія й малыя мовы даволі ўмоўнае. Скажыце, у якой мове сьвету вы знойдзеце 45 словаў для адценьняў сьнегу? А ў мове чукоцкіх эскімосаў іх 45! Таму што гэта іхнае жыцьцё! І ніякая ангельская ці кітайская мовы не заменяць ім сваёй, роднай. Дык што ёсьць вялікая мова? Вялікая тая, якую Бог даў кожнаму чалавеку й народу".

(Скобла: ) "Нягледзячы на тое, што сёньня вы змушаныя перакладаць "у шуфляду", усё ж многія вашыя пераклады запатрабаваныя, прачытаныя.

Я сам быў сьведкам, як падчас хросту немаўляці настаяцель менскай Петрапаўлаўскай царквы айцец Георгі Латушка карыстаўся пераствораным вамі па-беларуску Псалтыром. "Фаўст" паводле ж вашага лібрэта быў пастаўлены ў Нацыянальным опэрным тэатры…

А якую сваю перакладчыцкую працу вы самі лічыце найбольш значнай?"

(Сёмуха: ) "Паводле патрэбнасьці для народу, для грамадзтва, я лічу гэтую пару — Біблія й "Фаўст". Маім грамадзянскім абавязкам было перакласьці гэтыя творы.

А ў паэзіі мне найбліжэй творчасьць латыскай паэткі, нашай сучасьніцы, Візмы Бэлшавіцы. Пакуль што я пераклаў адзін зборнічак яе вершаў "Белы алень". Бэлшавіца піша пра тыя праблемы, якія й нас спрадвеку мучылі й працягваюць мучыць, пра лёс інтэлігенцыі ва ўмовах дыктатуры — ці то сталінскай, ці то лукашэнкаўскай.

Мы — белыя алені. Інтэлігенты ў наш час, у моры электарату — белыя алені, альбіносы, белыя вароны, якія першымі гінуць ад ваўкоў, ад драпежных кіпцюроў.

А яшчэ Візма Бэлшавіца піша пра тое, што такое нацыянальная здрада. Адзін зь яе найлепшых твораў — "Запіскі Генрыка Латыскага на палях Лівонскай хронікі". Гэта тое, што мы сёньня перажываем. Яна піша пра Генрыка, пра чалавека, які быў выхаваны ў чужой культуры, у чужой цывілізацыі. А вярнуўшыся на радзіму, ён праходзіцца па ёй агнём і мечам, пакараючы яе як чужынец. Такі быў Генрык Латыскі, такі, я лічу, наш сёньняшні Аляксандар Лукашэнка".

(Скобла: ) "Мы з вамі гутарым напярэдадні аднаго з найгалоўнейшых хрысьціянскіх сьвятаў — Вялікадня. Заўтра над Беларусьсю лунацьме пярэкліч званоў, разгавеюцца, хто пасьціў.

Якія вашыя пажаданьні, зычэньні суайчыньнікам-хрысьціянам, пажаданьні чалавека, які, нагадаю, падараваў усім нам Беларускую Біблію?"

(Сёмуха: ) "Я хацеў бы, каб менавіта ў гэты дзень мы ўсе ўспомнілі пра подзьвіг вялікага Бога-Чалавека Ісуса Хрыста, які прыняў вялікія пакуты на сябе за нашыя грахі.

І каб мы жылі так, як жыў Ісус Хрыстос, спавядалі ягоныя жыцьцёвыя прынцыпы. Каб мы жылі пад сьцягам Ісуса Хрыста — бел-чырвона-белым, які сымбалізуе кроў нашага Збаўцы на чыстым полі чалавечай душы".
XS
SM
MD
LG