Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошта рубрыкі "Верш на свабоду".


Валянціна Аксак, Леанід Галубовіч, Менск

Вольная студыя

(Галубовіч: ) "Вясна, шаноўнае спадарства! Цяплынь… Уздым духу і росквіт цела. Бачыце, якая б доўгая ды марозная ні была б зіма — а ўсё ж неадхільна прыходзіць яе скон і наступае вясна…

На жаль, для бальшыні беларусаў надыход вясны пакуль яшчэ не асацыюецца з Днём Волі, а найчасьцей — з гарапашнай клопатнай працай на зямлі. Соткі, гной, сяўба…І не пасьпееш сьпіну разагнуць, а ўжо лета, бульба цьвіце… Хутка, значыць, зноў поўзаць плазам па чорных зямных разорах.

Так незаўважна й прамінае сем гадоў нашай нацыянальнай няволі. У мяне складваецца ўражаньне, што нават прагрэсіўная частка нашага грамадзтва “прытамілася” ад безвыніковае барацьбы з рэжымам і — радая, што нарэшце-такі дачакалася магчымай ягонай зьмены мірным шляхам, а менавіта — праз усенародныя выбары прэзыдэнта. У нешматлікіх колах грамадзтва ўжо патроху назапашваецца эйфарыстычная энэргія ад мажлівасьці будучай перамогі…

Спадзяваньні разрозьненай апазыцыі на “захад” альбо “ўсход” — гэта разгубленасьць няўпэўненых у сабе людзей на раздарожжы: направа пойдзеш — сьмерць знойдзеш, налева павернеш — галавой навернеш, а пойдзеш прама — перад табою яма…

Куды ж нам ісьці? Безумоўна, да саміх сябе. Пераадольваючы ўсе перашкоды, найперш зьвязаныя з нашымі ўласнымі сьвядомаснымі праблемамі. Менавіта гэтыя нашыя праблемы наскрозь беларускія.

Але не зважаючы ні на што маладыя і старэйшыя пішуць вершы — а верш, заўважу мімаходзь, гэта і ёсьць свабоднае выяўленьне чалавечай волі — хто б ні строіў кепікі, падобная вершатворчасьць зьяўляецца ці не найгалоўнейшай адзнакай жыцьцяздольнасьці этнасу…"

(Аксак: ) "Вось-вось, спадар Леанід, бліжэй да вершаў… А то штосьці вы ці то ў лірыку, ці то ў публіцыстыку, а то і ў тое, і другое разам ударыліся напачатку нашае гаворкі. Дык давайце пагаворым пра вершы нашых слухачоў".

(Галубовіч: ) "Зусім нядаўна давялося мець гаворку з адным маладым чалавекам. Добрым паэтам і нацыянальна заангажаваным інтэлектуалам. Са зьдзіўленьнем і прыемным зачараваньнем разявіў я рот, калі пачуў ад яго, што ён студэнт апошняга курсу біялягічнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту.

Мала-памалу ў нашую культуру і літаратуру прыходзіць пакаленьне маладых інтэлектуалаў-прагматыкаў, якія паступова выцясьняюць адтуль залішне замроеных філёлягаў.

Як там пісаў у адным сваім вершы наш паэт-эмігрант, які, на вялікі жаль, нядаўна пайшоў ад нас, Масей Сяднёў:

На капцох не было нашай стражы,
нас тапталі, глумілі, клялі…
Я хачу, каб у нас былі нашы
Імпэратары і каралі".

(Аксак: ) "Ну, спадар Леанід, сапраўды вясна на вас падзейнічала. Ізноў вы ўбок адышлі ад галоўнае нашае тэмы".

(Галубовіч: ) "Прабачце, сапраўды вясна... Але пра вершы. Мы, як і раней, атрымалі шмат вашых вершаў. Вось, да прыкладу, страфа зь верша спадара Барташэвіча зь Менску:

Балюе па лясах апошняя завея,
апошні сьнег з палёў сыходзіць пакрысе.
Апошняя зіма… апошняя надзея,
што надышоўшы век збавеньне прынясе.

Як бачым, і тут надзея не на сябе, а на боскую прыроду.

А спадар Ільля Копыл не ўпершыню піша нам пра нацыянальныя праблемы на добрай нашай мове. Вось паслухайце: "Ён кляўся народу на беларускай мове, а потым гэтую мову амаль зьнішчыў, надаўшы статус дзяржаўнай замежнай мове".

І тут жа ўкладвае, побач з гэтым лістом, верш, напісаны па-расейску, які называецца "Ностальгия по БНР".

(Аксак: ) "Цікавую акалічнасьць вы заўважылі, спадар Леанід. Людзі пішуць вершы на Свабоду ў каардынатах несвабоды. Я маю на ўвазе вершы беларусаў па-расейску".

(Галубовіч: ) "На жаль".

(Аксак: ) "І трэба сказаць, што ня толькі нашыя слухачы жывуць у такім двухмоўі. Днямі да нас у студыю прыйшоў малады паэт. Ён прынёс вельмі добры верш. Мы яго запісалі, і я спадзяюся, што ў найбліжэйшых нашых праграмах ён прагучыць. Але ж у гаворцы зь ім выразна адчувалася, што ён зусім ня мае практыкі беларускага маўленьня. Гэта наскрозь расейскамоўны беларускі паэт".

(Галубовіч: ) "Спадар Наумік з Маладэчна жаліцца, што даўно дасылае вершы, штодня настройваецца на хвалі нашай радыёстанцыі, але дагэтуль не пачуў сваіх твораў. Ці атрымлівалі мы іх наогул? Атрымлівалі мы вашыя вершы. На жаль, пакуль што яны ня маюць пэўнай паэтычнае аздобы. Дасылайце яшчэ.

Дзякуем спадару Алесю Ляскоўскаму зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну за добрыя словы пра Зянона Пазьняка і за верш, яму прысьвечаны.

Дзякуем і Рыгору з Магілёва, які напісаў шмат нацыянал-патрыятычных словаў і лёзунгаў, а прозьвішча сваё пазначыць збаяўся… Не па-геройску неяк атрымалася. Аднак на яго — кожнаму беларусу вядомае — адвітаньне адказваем: Жыве!

Дзякуй за вершы спадарам Анатолю Лютаровічу і Аляксандру Шустоўскаму з Барысава.

Даслалі нам свае вершы таксама спадары Сяргей Лебедзеў з Маладэчна і Арцём Арашонак зь Віцебску. Дзякуй!

Дзе сьмеласьць адшукаць
сказаць: "Я не баюсь!
Я буду верш пісаць
пра маці-Беларусь!"

Так піша малады чалавек з Лунінца — і ўсё ж не адольвае страху канчаткова і падпісваецца псэўданімам: Мара. Што ж, будзем спадзявацца, што страх пройдзе, а чалавек застанецца".

(Аксак: ) "Добры верш даслаў нам зь мястэчка Сьвіслач, што на Гарадзеншчыне, спадар Анатоль Валюк. Не стае толькі аўтарскага голасу. Затэлефануйце нам, спадар Анатоль, у нашу менскую студыю (227-79-26), каб ваш верш вашым голасам прагучаў у аднэй з нашых праграмаў".

(Галубовіч: ) "Наастатак — пра недарэчнае. Мы просім прабачэньня ў Сьвятланы Багданкевіч зь Менску, выбітны верш якое прагучаў у нашым эфіры 27 сакавіка. На вялікі жаль, па нашым недаглядзе, чаму, відаць, пасадзейнічала сугучнасьць вядомых у Беларусі прозьвішчаў, вядомасьць і значнасьць аднаго зь якіх і пераважыла, — мы абвесьцілі нашую аўтарку не Сьвятланай Багданкевіч, як і павінны былі, а Сьвятланай Багдановіч. Просім прабачэньня!"

(Аксак: ) "І на гэтым разьвітваемся".

(Галубовіч: ) "Давайце ўсё ж скончым нашую сёньняшнюю перадачу менавіта Багдановічам. Нашым клясычным.

Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей
Сэрцы цьвёрдыя, быццам з каменьня.
Разаб’ецца аб іх слабы верш заўсягды,
Не збудзіўшы сьвятога сумленьня.

Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш,
Абрабіць яго трэба зь цярпеньнем.
Як ударыш ты ім, — ён, як звон, зазьвініць,
Брызнуць іскры з халадных каменьняў.

Чаго мы жадаем і нашым аўтарам. І будзем чакаць новых вершаў, асабліва ад тых, хто яшчэ не адгукаўся на нашую праграму. Усяго добрага! І — да сустрэчы!"

(Аксак: ) "Да сустрэчы ў эфіры Радыё Свабода зь вершам пра Свабоду!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG