Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Казько на Свабодзе


Міхась Скобла, Менск

(Міхась Скобла: ) "Апошні раз я сьмяяўся над разгорнутай кнігай гадоў пяць таму, калі чытаў аповесьць Віктара Казько "Выратуй і памілуй нас, чорны бусел". Запомнілася, бо апошнім часам кнігі ў нас пішуцца спрэс сур'ёзныя.

Казькова аповесьць таксама далёка не камічная, але над многімі старонкамі, што іскрыліся здаровым беларускім гумарам, стрымацца ад сьмеху было проста немагчыма. Асабліва там, дзе апісваліся прыгоды мэханізатараў палескага калгасу "Верны шлях" зь мянушкамі Сталін, Берыя ды Кагановіч.

Потым аповесьць спляжылі на "Беларусьфільме" няўдаліцы-экранізатары. Пісьменьнік не адчаяўся ды працягваў пісаць новыя рэчы. Сёньня Віктар Казько — госьць "Вольнай студыі".

Спадар Віктар, з вашых даўніх твораў мне прыгадваецца яшчэ эсэ "Дзікае паляваньне каралёў сталіншчыны", надрукаванае ў маскоўскім часопісе "Юность" неўзабаве пасьля разгону менчукоў на Дзяды ў 1988-м. З тае пары беларусаў разганяюць пэрыядычна. Але застрашыць дарэшты ўсё ж не ўдаецца. А можа ўдаецца — і "дзікае паляваньне" дасягае сваёй мэты?"

(Віктар Казько: ) "Ведаеш, Міхась, ад тых Дзядоў у мяне яшчэ засталося ў памяці, як міліцыя пагнала моладзь ад могілак і людзі пайшлі ў мэтро. А мы зь сябрам на машыне паехалі па праспэкце Скарыны, а з намі (ці за намі) кінулася міліцыя.

Міліцыянты спадзяваліся, што на нейкім прыпынку моладзь выйдзе, яны рыхтавалі аблавы на станцыях "Усход", "Парк чалюскінцаў", "Плошча Якуба Коласа". Чакалі, пакуль моладзь выйдзе. Але чакалі яны марна — моладзь ня выйшла з-пад зямлі, як растварылася! Быццам нешта мітычнае адбылося. Яны пайшлі туды, пад зямлю, і да гэтага часу чакаюць, дзе й калі трэба будзе выйсьці.

А наконт таго, застрашылі ці не… Пэўную частку застрашылі. Але толькі пэўную. Моладзь, якая толькі чула пра тыя разагнаныя Дзяды ад сваіх бацькоў, сёньня самая актыўная. Гэта яна сёньня ў навучальных установах патрабуе выкананьня свайго канстытуцыйнага права — выкладаньня на роднай мове".

(Скобла: ) "У вашым новым рамане "Бунт незапатрабаванага праху", што быў летась апублікаваны ў часопісе "Полымя", вы паказалі чалавека, які, умоўна кажучы, зусім нядаўна выйшаў зь пячоры, зазірнуў у сябе й спалохаўся той зьвярынай сутнасьці, якая ў ім да часу драмала. Што загнала чалавека, які даўно адвык паляваць на мамантаў, чалавека ХХ стагодзьдзя, назад у пячору?"

(Казько: ) "А ён адтуль ніколі дарэшты й не выходзіў — ні фізычна, ні біялягічна. А апошнім часам, калі пайшло столькі хлусьні, ён вылезьці з тае пячоры ня можа. Я прывяду адзін прыклад, можа, ён не зусім да месца ў нашай гутарцы, тым ня менш…

Я рэдка ўключаю беларускае дзяржаўнае радыё — можна натрапіць на Чайку. А тут уключыў і акурат натрапіў на Чайку. Вядзе яна размову зь нейкай увогуле прыстойнай настаўніцай. І тут тэлефонны званок ад слухачкі. Тэлефануе бабулька й зьвяртаецца да настаўніцы: "Слухайце, што мне рабіць? Мой унук прыходзіць са школы дый кажа: бабуля, мне патрэбен прэзэрватыў!" Больш за ўсё бабулю абурыла — дзе яна знойдзе для дзесяцігадовага ўнука неабходнага памеру прэзэрватыў? (Сьмяецца.)

Гэта і сьмешна, і роспачна. Гэта сьведчаньне таго, што адбываецца з нашым грамадзтвам. Гэта дзікасьць, у тым ліку і нашых уладаў. Але больш за ўсё гэта сьведчыць пра нашы пячоры".

(Скобла: ) "Падчас чытаньня вашага раману "Бунт незапатрабаванага праху" мне прыгадаўся яшчэ адзін гістарычны эпізод. Вялікі кампазытар і скрыпач Нікола Паганіні яшчэ пры жыцьці быў адлучаны ад царквы й пасьля сьмерці сваякі не маглі яго пахаваць. 56 гадоў (!) ягоны прах вандраваў па зямлі, пакуль каталіцкія ўлады далі дазвол на пахаваньне.

У рамане ўражвае эпізод пахаваньня паліцая, якому аднавяскоўцы не даюць месца на могілках. Вы гэта прыдумалі, ці нешта падобнае сапраўды было?"

(Казько: ) "Гэтая гісторыя была насамрэч у Жыткавіцкім раёне, на жаль, я забыўся назву вёскі. Яна не давала мне спакою гадоў дваццаць. Я расказаў яе ў свой час у Нью-Ёрку на сустрэчы зь землякамі, калі быў там на сэсіі ААН. Там былі эмігранты, быў, дарэчы, і родны брат Якуба Коласа. Выгаварыцца выгаварыўся, а ўсё роўна нешта даймала.

У жыцьці беларускага народу у ХХ стагодзьдзі ўсё ж не было нічога больш жахлівага за вайну. Былі, праўда, часы яшчэ страшнейшыя, калі гінула палова насельніцтва. Сёньня ў нас у Беларусі жыцьцё, як на вайне, і нават горш. Таму што на вайне людзі ведалі, за што змагаліся — там была Радзіма, там быў фашызм, адзін і другі бок. І пасьля вайны яшчэ змаганьне працягвалася. Але было відно сьвятло ў канцы тунэлю. Вылазілі зь зямлянак, будавалі хаты.

Сёньня ж Беларусь у безнадзейным стане — менавіта як Беларусь. Калі за бальшавікамі беларуса пазбавілі ягонага апірышча, пазбавілі ягоных лясоў, балотаў — гэта было ня проста асушэньне. Савецкая мэліярацыя — гэта ня толькі экалёгія, гэта ўзялі бульдозэрам, скрэпэрам згрэблі нашу памяць, нашу гісторыю. Пусьцілі зь ветрам тарфянікі на Месяц і беларуса туды ж адправілі. А цяпер Як на вайне, і нават горшае. Таму што на вайне людзі ведалі, за што змагаліся — там была Радзіма, там быў фашызм, адзін і другі бок. І пасьля вайны яшчэ змаганьне працягвалася. Але было відно сьвятло ў канцы тунэлю. Вылазілі зь зямлянак, будавалі хаты. Сёньня ж Беларусь знаходзіцца ў безнадзенйным становішчы, менавіта як Беларусь. Калі ў бальшавіцкую эпоху беларуса пазбавілі ягонага апірышча, пазбавілі яго лясоў, балотаў — гэта было няпроста асушэньне. Савецкая мэліярацыя — гэта ня толькі экалягічная праблема, гэта ўзялі бульдозэрам, скрэпэрам згрэблі нашу памяць, нашу гісторыю. Пусьцілі зь ветрам тарфянікі на Месяц і беларуса туды ж адправілі.

А цяпер мы за гэта плоцім — стратай сваіх каранёў, сваёй душы. І я ў прыгаданым табой сюжэце гэта якраз і хацеў паказаць. Усё ж, нягледзячы ні на што, у людзей хоць на самым донцы душы засталося нешта сьвятое. Засталося адчуваньне віны перад сваім часам, перад сваёй хатай, засталася неабыякавасьць да таго, з кім на тым сьвеце яны будуць дыхаць адным паветрам".

(Скобла: ) "Вы адзін зь нямногіх беларускіх літаратараў, які працягвае супрацоўнічаць з маскоўскімі выданьнямі, у прыватнасьці, з часопісам "Дружба народов".

Як вашы расейскія калегі-пісьменьнікі ставяцца да Лукашэнкавага саюзу Беларусі й Расеі? Падчас нядаўніх Дзён культуры мы ўбачылі, як некаторыя расейскія палітычныя ды культурныя дзеячы ахвотна падстаўляюць свае грудзі пад незаслужаныя імі ордэны Францішка Скарыны".

(Казько: ) "Пад ордэн Францішка Скарыны кожны гатовы падставіць свае грудзі. Можна назваць усяго некалькі асобаў, якія б адмовіліся, як гэта зрабіў некалі Салжаніцын, адмовіўшыся ад расейскага ордэну.

Але ўсе расейскія дэмакраты — дэмакраты да пэўнай мяжы, пакуль ідзецца пра сьцягваньне новай імпэрыі. Яны разумеюць наш стан, разумеюць, хто такі Лукашэнка (дастаткова адзін раз яго паслухаць, каб атрымаць пра яго яскравае ўяўленьне). Тут яны нам спачуваюць.

Але калі даходзіць да незалежнасьці Беларусі, да таго, каб яна болей ніколі не называлася "северо-западным краем", тут забываюцца ўсе. Забывае той жа Салжаніцын, які называе Казахстан "подбрюшьем" Расеі. Гэта імпэрскае мысьленьне. Яны бачаць толькі Расею, толькі сябе на чале ўсяго".

(Скобла: ) "Вы шмат гадоў (да нядаўняга часу) працавалі на кінастудыі "Беларусьфільм", якая перажыве не найлепшыя часы. Зьмяняюцца дырэктары, здымаюцца супэрфільмы пад патранажам Лукашэнкі — нічога не дапамагае, кінастудыя занядбаная. Што яе можа выратаваць?"

(Казько: ) "Усё пачалося з паваеннага часу, калі галоўнай тэмай на "Беларусьфільме" стала партызанская. Беларусь была рэспублікай-партызанкай, і кінастудыя была партызанскай. Зьнятыя на ёй "партызанскія" фільмы ішлі па ўсім СССР — трэба сказаць, зь немалым посьпехам.

І гэткая сітуацыя датрывала да сёньняшняга дня. Фільм Пташука "Момант ісьціны" з таго самага шэрагу. Гэта таксама спроба вярнуць кінастудыю "Беларусьфільм" у партызанскае рэчышча, у камуністычны час. Тая праўда, якая задзейнічаная ў гэтым фільме — гэта СМЕРШ, гэта органы. Мы ад гэтага адхрышчваемся, імкнемся адысьці, а нас упарта ізноў спрабуюць вярнуць у той жахлівы час. Нам ізноў навязваюць "смершаўскі" гераізм.

Мне пра такі "гераізм" у рэдакцыі часопісу "Нёман" расказваў адзін былы палкоўнік. Прыгадваў адступленьне савецкіх войскаў пад Масквой: "Войска з тэхнікай адступае па дарозе, а мы — ідзем па ўзбочынах. Чаму па ўзбочынах? А там паўзьлі нашы раненыя, дык мы іх дабівалі..."

Усё гэта ўжо — на суд гісторыі. Калі нешта рабіць пра СМЕРШ, то рабіць, паказваючы ўсю тую праўду, якая яшчэ не дайшла да нас, якая захоўваецца ў архівах КГБ. Але ж хацелася праекту веку! А ўрэшце атрымалася, што мы ўваходзім у трэцяе тысячагодзьдзе з тым, што мелі ў сярэдзіне й на пачатку ХХ стагодзьдзя".

(Скобла: ) "Якое ўражаньне засталося ў вас пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з работнікамі культуры, якую афіцыйныя СМІ падавалі як эпахальную падзею?"

(Казько: ) "Нічога больш хлусьлівага, больш жахлівага прыдумаць было немагчыма.

Перад гэтай эпахальнай падзеяй Лукашэнка сказаў, выступаючы па тэлебачаньні, што ў нас няма сваіх рэпіных і шаляпіных. Такім чынам ён адмовіў Беларусі ў культуры. Адразу пасьля гэтай заявы з тым жа кавалерыйскім наскокам ён зьбірае апляваных, пазбаўленых годнасьці й вартасьці дзеячоў і пачынае ім нешта даводзіць пра культуру...

Тыя пісьменьнікі й дзеячы культуры, мастацтва, музыкі, якія круцяцца каля дзяржаўнай кармушкі — гэта тое, што на эстрадзе называецца падтанцоўкай. Лукашэнкава дзяржаўная "падтанцоўка" пазбаўленая сапраўднай мастацкасьці, пазбаўленая творчага пачатку.

Сёньня беларускі пісьменьнік існуе не дзякуючы дзяржаве, а насуперак ёй. Ідзе стварэньне эстраднай падтанцоўкі пад будучыя прэзыдэнцкія выбары".
XS
SM
MD
LG