Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак, набліжаны да КГБ.


Аўтар і вядучы — Міхась Скобла




На графічных аркушах Рыгора Сітніцы пануе скрыжаваная прастора. Перакрыжоўваюцца кроквы новага дома, рыштаваньні ў Верхнім горадзе, лес дзідаў пад крыкі: “Рубон!”, дошкі ў паркане… Гэткая своеасаблівая нацыянальная сыстэма каардынатаў.

І нават каменныя віры прыступак старажытнагрэцкага амфітэатру рытмічна пераклікаюцца зь весьніцамі й дзьвярыма пакінутае чарнобыльскае вёскі.

"Мастак ня можа тварыць ці падрабляць тое, што аднойчы было ўжо створана Богам, а таму творчасьць зьдзяйсьняе рух ад звычайных і штодзённых зьяваў у бясконцую прастору пачуцьця й думкі, якая, пераасэнсоўваючы рэальнасьць, нараджае вобраз, знак, сымбаль", — чытаем мы аўтаэпіграф мастака да каталёгу ўласных твораў.

Але наша гутарка пачалася зь іншае тэмы.

(Міхась Скобла: ) "Рыгор, твая майстэрня месьціцца на галоўным праспэкце сталіцы, насупраць будынку КГБ. Ці не прыгнятае цябе гэткае суседзтва?"

(Рыгор Сітніца: ) "Ну, не зусім насупраць, вельмі блізка… Зрэшты, я ня дужа часта згадваю пра гэта. Для мяне больш важна тое, што раней, да 1985 году, гэтая майстэрня належала Яўгену Куліку, і яна даволі часта згадваецца ў беларускай мэмуарнай літаратуры як майстэрня “На паддашку”.

Сьвядомыя беларусы ведаюць, што раней тут зьбіраліся мастакі, гісторыкі, пісьменьнікі — дысыдэнты, якія, як маглі тады, супрацьстаялі савецкаму рэжыму. Мне пашчасьціла быць “нашчадкам” гэтай аўры, і яна мне дапамагае.

Каго толькі не пабачыла гэтая майстэрня! На ейных сьценах можна было б вешаць мэмарыяльныя шыльды: тут зьбіраліся Ўладзімер Караткевіч, Мікола Ермаловіч, Міхась Стральцоў… Дарэчы, тут я пазнаёміўся ў сярэдзіне 80-х зь Зянонам Пазьняком. Так што якое тут КГБ! Хіба пра яго думкі…"

(Скобла: ) "Нядаўна Саюз мастакоў — першы й пакуль адзіны сярод творчых саюзаў — падтрымаў палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Ніхто зь сяброў Саюзу не запратэставаў, відаць, чакаючы, пакуль расчулены ды ўдзячны Аляксандар Рыгоравіч “поўны гусьлі насыпле дукатаў”.

Мастакі сапраўды салідарныя са сваім кіраўніцтвам, ці, седзячы па майстэрнях, не заўсёды ведаюць, што там ды як у іхным Саюзе робіцца?"

(Сітніца: ) "Гэтая дурнаватая заява, прынятая Радай Саюзу мастакоў, ня мае нічога агульнага са сьветапоглядам пераважнай большасьці сяброў Саюзу. Я магу пэўна сьцьвярджаць, што 80%, а то й 90% мастакоў не падтрымліваюць палітыкі былога прэзыдэнта нашай краіны.

Пра якую падтрымку можна казаць, калі беларускае мастацтва, як і ўсё нацыянальнае, страшэнна занядбанае? А тое, што падобныя пастановы прымаюцца — гэта найперш вынік шантажу, да якога ўлады часта зьвяртаюцца. Пагражаюць, напрыклад, у дзясяткі разоў павялічыць арэндную плату за майстэрні. І гэта дзейнічае, асабліва на людзей сталага веку.

Ці іншыя хітрыкі спрацоўваюць. Вось пазаўчора была “нарада па пытаньнях культуры з удзелам прэзыдэнта”. У мяне адразу ўзьнікае пытаньне — а якой культуры праблемы абмяркоўваліся?

Можа, праблемы беларускага кнігавыдавецтва, беларускага мастацтва, якія амаль загналі ў падпольле? А хто іх, гэтыя праблемы стварыў? Тая ж улада. А хто вырашаў гэтыя праблемы са спадаром Лукашэнкам? Народных пісьменьнікаў Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча там не было. Дык пра якую культуру і з кім яны там размаўлялі?!"

(Скобла: ) "Тыдзень таму слухачы нашага радыё пачулі твой Верш на Свабоду, дзе рэфрэнам, шматкроць паўтараўся радок: “Іграй, саксафон… Ня сьвятасьць, аблуда цяпер узыходзяць на трон. Іграй, саксафон!”

Я зразумеў верш так: мастак заўсёды мае права зачыніцца ў вежы са слановай косткі — дзеля сумоўя з апекуном мастацтва богам Апалёнам. Што б там ні адбывалася вонкі…"

(Сітніца: ) "Я гэта разумею трохі іначай — мастацтва мае права сьцьвярджаць самое сябе. Мастацтва, якое сябе сьцьвярджае, сьцьвярджае дабрыню, прыгажосьць, сьвятасьць. Мастацтва — гэта дар Божы, і ніякая цемра яго не пераможа. І таму саксафон мусіць іграць і прапаведваць Божае — менавіта сьвятло і дабро".

(Скобла: ) "Давай вернемся да прыгаданай раней тваёй думкі з аўтаэпіграфу. “Мастак ня можа тварыць ці падрабляць тое, што аднойчы было ўжо створанае Богам…”

А што можа — быць су-творцам, быць спадужнікам?"

(Сітніца: ) "Мы ўсе — дзеці Божыя, талент даецца Богам, і мы мусім спраўдзіць яго. Бо калі чалавек ня спраўджвае таго, што даручыў яму Бог, то яго чакае пакараньне. Я мог бы прывесьці вялікі сьпіс людзей — сваіх калегаў, знаёмых — якія ня спраўдзілі свайго таленту й паплаціліся за гэта.

Мастак сапраўды ня можа папраўляць ці дасканаліць Боскую задуму. Але Бог, даючы яму талент, адначасова дае й сваю душу, і розум. А гэта значыць — уласны погляд на рэчы, на зьявы. І вось скарыстацца гэтым і выявіць свой погляд — гэта тое, чаго чакае ад мастака Ўсявышні".

(Скобла: ) "Вернемся, аднак, да больш надзённых рэчаў. Нядаўна ў Маскве прайшлі Дні беларускай культуры, дзе апрача ўсяго іншага была адмысловая выстава беларускага жывапісу.

Пакуль маскоўскія аматары мастацтва зьбіраліся наведаць выставу, на тэлеканале “Культура” выступіў Лукашэнка ды заявіў, што, маўляў, беларуская культура бедная, нават свайго Шаляпіна ды свайго Рэпіна ня мае… Ну чаго было ісьці на тую выставу пасьля такіх заяваў?

Што адкажа выпускніку Сельскагаспадарчай акадэміі Лукашэнку акадэмік Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва Сітніца?"

(Сітніца: ) "Лукашэнка — вялікі знаўца ня толькі сельскай гаспадаркі, але й сусьветнай культуры. Ну што яму адказаць — у кожнага свая культура.

Ну няма ў яго сваёй культуры, няма Рэпіна, няма Шаляпіна. А ў мяне ёсьць Забэйда-Суміцкі, а ў мяне ёсьць Рушчыц, ёсьць Бялыніцкі-Біруля, якія ну аніяк ня горшыя за Рэпіна, які — добры мастак, але далёка ня ўзор усясьветнага мастацтва.

Дарэчы, на той маскоўскай выставе быў і адзін мой твор, праўда, я ня ведаў, што гэта будуць нейкія Дні культуры. Ведаў, што ў Маскве рыхтуецца выстава, а я там даўно не выстаўляўся, то чаму й не паказацца.

Лукашэнку ня шкодзіла б паслухаць выступ па Беларускім тэлебачаньні дырэктара Трацякоўскай галерэі, які сказаў, што ў Беларусі ёсьць вялікае мастацтва, якое будзе дужа цікавае расейскаму знаўцу. Так што гэта праблема спадара Лукашэнкі, калі ў яго не стае культурнага выхаваньня".

(Скобла: ) "А я здагадваюся, Лукашэнка ня бачыць у нас "свайго Рэпіна”, бо ж не дагадзілі, не ўвекавечылі першага прэзыдэнта беларускія мастакі.

Вось пісьменьнік Уладзімер Якутаў сеў ды напісаў дакумэнтальную аповесьць пад назвай “Александр Лукашенко”. Яе выдалі летась спэцвыпускам часопіса “Неміга”. А што ж мастакі? Чаму да гэтай пары не стварылі параднага партрэту Аляксандра Рыгоравіча?"

(Сітніца: ) "Чаму ж не стварылі? Адно што не парадны партрэт. Згадайма Алега Карповіча, ягоную сэрыю выдатных карыкатураў на Лукашэнку.

А вядомы рымэйк Артура Клінава на кустодзіеўскую купчыху, дзе Лукашэнка п’е гарбату, над ім нейкія гусі лятуць. Вельмі вясёлы рымэйк, чалавек з добрым пачуцьцём гумару й густу мог бы нават і ў кабінэце павесіць.

Варта згадаць і “габэлен стагодзьдзя” нябожчыка Кішчанкі, які ці не 19 мэтраў вышынёй. Гэты габэлен цяпер даядае моль у Кішчанкавай майстэрні. Гэта вельмі сумна, бо мастак быў таленавіты, і вялікі сьлед пакінуў у нашым мастацтве.

На габэлене выявы Лукашэнкі й самога Кішчанкі разьмешчаныя вышэй за Госпада Бога. Аднаго гэтага было дастаткова, каб твор напаткаў лёс нікому не патрэбнае палатніны, якую кінулі на спажытак молі.

Дарэчы, гэты габэлен пачалі рабіць задоўга да “прышэсьця” нашага цяперашняга кіраўніка, і месца па-над усімі доўга заставалася пустым. Урэшце прыйшлося выткаць там галаву Лукашэнкі. Можа, прыйдзе час — і нейкай іншай галавой заменяць, але гэта ўжо не мастаковы праблемы…"

(Скобла: ) "Пры канцы нашае гутаркі хачу запытацца пра “племя младое”. Ты шмат гадоў выкладаеш у мастацкім каледжы. Што за каштоўнасьці мае сёньняшняя моладзь, якой выпала расьці й сталець у напаўсавецкай, напаўнезалежнай краіне?"

(Сітніца: ) "Як ні дзіўна, у нашых няпэўных і нявызначаных варунках вырастае далёка не безнадзейная моладзь. Шмат зьявілася нацыянальна сьвядомых маладых людзей.

Яны ведаюць і разумеюць, што сёньня адбываецца ў Беларусі. Яны адчуваюць сябе нармальнымі эўрапейцамі. Яны шмат дзе пабылі, пабачылі сьвет. Гэта мы расьлі, думаючы, што жывем у найлепшай краіне, бо, ці бачыце, у Амэрыцы гангстэры ўсіх забівалі, а нас ніхто не чапаў вечарам.

Маладыя бачаць гвалт, які чыніцца сёньня над усім беларускім, і, натуральна, як усё маладое, яны імкнуцца супрацьстаяць гэтаму гвалту. Падрастаюць нармальныя грамадзяне нармальнай эўрапейскай Беларусі. Я спадзяюся, што гэтае пакаленьне зьдзейсьніць тое, чаго не пасьпелі ці не змаглі мы".

XS
SM
MD
LG