Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўленьне да чалавечага цела як складнік культурнага комплексу беларусаў


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 7 сьнежня 2000 г.)

Удзельніца: Вацлаў Арэшка.
Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) "Гармонія душы й цела - ці неадвечная мара чалавека. Але кожны ведае, што душа й цела суіснуюць канфліктна. Людзі пераважнае большасьці, калі не на справах дык на словах, клапоцяцца пра душу. Душой вызначаюць і стан культуры. Духоўнасьць - у аснове мастацтваў. А цела? Стаўленьне да чалавечага цела, ці ёсьць істотным складніком культурнага комплексу? Ці можа яно нам распавесьці пра лад жыцьця, традыцыі й звычаі? Увогуле, што ёсьць цела?"

(Арэшка: ) "Цела - гэта наш уласны кавалак сусьвету. Тая малая прастора, якую адабраць можна толькі з жыцьцём. Ад таго, як чалавек успрымае гэтую прастору, як засвойвае яе, залежыць воблік культуры, воблік цывілізацыі."

(Ракіцкі: ) "Нашым госьцем - гісторык культуры Вацлаў Арэшка."

"Калі людзі пачалі ўсьведамляць цела як каштоўнасьць і калі людзі пачалі засвойваць гэтую каштоўнасьць?"

(Арэшка: ) "Найбольш яскравым прыкладам такой цывілізацыі, якая цаніла цела, была антычная. Але хрысьціянская культура нарадзіла канфлікт паміж целам і душою, перавага далася душы. Таму на працягу двух тысячагодзьдзяў адбывалася, па-сутнасьці, змаганьне за душу, але на самой справе чалавецтва большую частку гэтага пэрыяду змагалася за цела, за ягоныя правы, за права цела на функцыянаваньне, на існаваньне, на прыгажосьць. Якраз гэтае й было тым адкрываньнем, вынаходніцтвам цела, якім адзначаная
эпоха Рэнэсансу, пазьнейшыя пэрыяды, і асабліва нашае ХХ стагодзьдзе. Гэта новае адкрыцьцё чалавечага цела."

(Ракіцкі: ) "Спадар Арэшка, а калі пачынаецца адлік, так бы мовіць, сучаснага стаўленьня да цела?"

(Арэшка: ) "Я думаю, што гісторыю сучасных адносінаў да цела трэба пачынаць ад Сярэднявечча, калі да цела ставіліся значна прасьцей і натуральней. Была яшчэ моцная тая самая народная, паганская вітальнасьць, што найлепш увасоблена ў такім абрадзе, як Купальле. Тады яшчэ ня ўмелі цаніць цела як каштоўнасьць, ня ўмелі любавацца ягонай пекнасьцю, але ў адпаведныя моманты й не імкнуліся яго хаваць. У Эўропе часоў Сярэднявечча мыліся ў лазьні сем'ямі, а ў гарадзкіх лазьнях і кабеты, і мужчыны - разам. Нярэдкаю была такая карціна, калі па вузкіх вулачках Брэмену або Кракаву сьпяшаліся людзі ў чым маці нарадзіла, з адным толькі ручніком у руках: галава сямейства, за ім жонка, дачкі, сыночкі. Пакідаць у лазьні адзеньне было небясьпечна, бо маглі скрасьці. Таму прасьцей было паказаць тое, што скрасьці немагчыма - сваё цела. У ложак таксама клаліся цэлымі сем'ямі, часта й разам са сваімі гасьцямі. І звычайныя цялесныя патрэбы спраўляліся зь не такімі перасьцярогамі, як зараз. Пачуцьця інтымнасьці яшчэ не існавала."

(Ракіцкі: ) "А калі ж узьнікае паняцьце й адчуваньне інтымнасьці, і якія гэта мела наступствы для культуры?"

(Арэшка: ) "Як гэта ні парадаксальна, адчуваньне адасобленасьці аднаго чалавека ад драгога, пэўнай дыстанцыі ад свайго цела, якое якраз патрэбнае для пачуцьця інтымнасьці, зьвязанае з той жа хрысьціянскай маральнасьцю."

"У сярэдзіне ХУІ стагодзьдзя пачынаецца эпоха контррэфармацыі. Касьцёл абвяшчае вайну распусьце, аднаўленьню маралі, а, значыцца, пачынаецца вайна зь целам. У першую чаргу, з жаночым. Пад уплывам касьцёлу пачынае фармавацца новае пачуцьцё цела: грахоўнага, забароненага, а пры гэтым, больш салодкага й прывабнага плоду. Мастацтва барока й ракако, а за ім і мода ХУІІ-ХУІІІ стагодзьдзя, гуляюць ужо ня проста ў аголенае ці апранутае цела, але ў цела прыаголенае, калі на самае цікавае ўказвалася выразным намёкам, які будзіў эратычную фантазію. Нястомны апісальнік звычаяў Рэчы Паспалітае Анджэй Кітовіч так апісаў моду сярэдзіны ХУІІІ стагодзьдзя:"

"Калі насталі тыя доўгія сукні, насталі таксама й горсы, гэтак выразныя, што ўсе плечы аж па лапаткі й палова персі аж да барадавачак сукняю не былі прыапранутыя, што было відовішчам, уражваючым, ды хцівасьць запаляючым. Засланялі ж яны, па-праўдзе, тыя прынады свае хусткамі, альбо палятынкамі са страўсавага пер'я, але ж гэткія то былі прыкрыўкі, што вузкаю палоскаю кінутага ценю, болей яшчэ бляску надавалі целу, якое нібы празь сетку альбо краты праглядалася."

(Ракіцкі: ) "Значыць, з эпохі Рэнэсансу, эпохі вяртаньня да антычнае культуры распачынаецца цікавасьць і да аголенага цела? Якія зьмены ў мастацтве, увогуле ў культуры, адбываюцца ў сувязі з гэтым?"

(Арэшка: ) "Менавіта эпоха Рэнэсансу пачынае захапленьне аголеным целам і ў нашым краі таксама. З Рэнэсансу вядомыя калекцыі "свавольных абразоў", якія прывозіліся з замежжа або часам замаўляліся й мясцовым майстрам беларускімі й польскімі магнатамі. Часьцей за ўсё - гэта былі палотны з выявамі антычных багоў й багіняў. У спальнях, у пакоях для банкетаваньня, нават некаторых корчмах маляваліся й фрывольныя фрэскі. Нажаль, у змаганьні зь цялеснасьцю паступова перамагала ханжаства. І на працягу ХУІІ стагодзьдзя такія абразы зьнікаюць, альбо хаваюцца ў аддаленыя пакоі, на гарышчы."

"Некаторыя аматары маляванай прыгажосьці самі зьнішчалі свае зборы, як, напрыклад, маршалак Вольскі, які ў 1629 годзе, незадоўга перад сьмерцю, загадаў спаліць сваю галярэю непрыстойных карцінаў, а на фрэсках - замаляваць галізну сукенкамі. Да сярэдзіны ХУІІ стагодзьдзя непрыняцьце нагасьці цалкам замацоўваецца ў шляхецкае культуры. Выдатна сьведчаць пра гэта ўспаміны Яна Хрызастома-Пасэка, які ў складзе аддзела Чарніцкага ваяваў тады ў Даніі, і так апісаў мясцовыя дацкія звычаі:"

"Сьпяць яны голымі, так, як маці нарадзіла, і ня маюць таго за якую сарамоту, распранаючыся й апранаючыся адзін пры другім, а не сьцерагуцца нават і госьця і пры сьвечцы здымаюць увесь свой арнамэнт. А на астатак і кашулю здымаюць і вешаюць усё гэтае на калочках, і так ужо толькі, галышом, дзьверы пазамыкаўшы і сьвечкі згасіўшы, улазяць у свае пасьцелі спаць. Калі ж мы ім казалі, што "так гэта непрыгожа, у нас таго й жонка пры мужы ня ўчыніць", адпавядалі, што "тут у нас ня маеш ніякай сарамоты і ня рэч ёсьць саромецца за свае ўласныя чэлясы, якія Пан Бог стварыў". На тое ж нагое спаньне адказвалі, што "досыць я маю сваёй кашулі ды іншага ўбору, які служыць мне праз увесь дзень і пакрывае маё цела, мушу, прынамсі, уначы мець уласную толькі аслону, а да таго ж навошта мне розныя вошы браць да ложку, маючы ад іх у салодкім спаньні перашкоду!" Розныя няцноты выраблялі ім нашыя хлопцы, але ўсё роўна не пераламана звычаю".

(Ракіцкі: ) "Спадар Арэшка, як доўга існаваў у Рэчы Паспалітае маральны рыгарызм у адносінах да аголенага цела?"

(Арэшка: ) "Асноўны пэрыяд, калі цела было адкінутым як бы з "афіцыйнага ўжытку" - гэта ад сярэдзіны ХУІІ да другой паловы ХУІІІ стагодзьдзя, калі пачынае панаваць французкая культура. Прыходзіць французкая мода - гэта адкрытыя, вельмі фрывольныя сукенкі, і беларускія шляхецкія модніцы даволі некрытычна ставяцца да гэтае моды, а часам вельмі лёгка ўспрымаюць самыя сьмелыя, самыя фрывольныя ўзоры. Прыклады такой моды можна знайсьці ў апісаньні рэдуты (балю) ў Горадні, зробленым Янам Ахоцкім, аўтарам вядомых мэмуараў, частка якіх апісвае падзеі ў Беларусі ў канцы ХУІІІ стагодзьдзя:"

"…Можна было сьніць, што ты знаходзішся на Алімпе, перасоўваліся Вэнэры, Дыяны, Псыхэі… урэшце нібы на Таіці, пані, апранутыя, ці хутчэй распранутыя пад дзікункі. Найбольш, аднак, было грачанак, усе без кашуляў, у тоненькіх сукенках з доўгімі хвастамі – яны дазвалялі бачыць і любавацца ўсімі пекнасьцямі, якімі абдарыла іх натура… Гэты непрыстойны спосаб апранацца разышоўся і па правінцыі, хаця сьціплыя й сур'ёзныя асобы яго высьмейвалі…"

(Ракіцкі: ) "Так ці інакш, Вы ўсё такі, гаворачы пра цела, закранулі праблему яго прыгажосьці й ў пэўнай ступені яго эратычнасьці. Што найбольш прываблівала мужчынаў ў жанчынах у тую эпоху, пра якую мы найчасьцей гаворым - у ХУІІ, ХУІІІ стагодзьдзях? Што лічылася прыгожым, а што лічылася непрыгожым? І чаму?"

(Арэшка: ) "Адносіны да прыгожых часткаў цела зьмяняліся. Якраз у ХУІІ стагодзьдзі мастацтва барока фармуе вельмі характэрны вобраз жаночай прыгажосьці, які выяўляецца найлепш у карцінах Рубэнса ці Пусэна. Гэта – пышная, станістая кабета з румяным тварам, зь ня вельмі вялікімі грудзямі, моцнымі ляжкамі й акруглым азадкам. Паэты й мэмуарысты таксама апяваюць "залацістыя валасы", "рубінавыя вусначкі", "чорныя вочкі", "румяныя шчочкі". Пазьнейшая эпоха ракако - гэта эпоха больш субтыльнага тыпу жанчыны. Той самы Ахоцкі дае вельмі характэрнае апісаньне прыгажунь тых часоў:"

"Рысы твару мела яна цудоўныя, колер скуры алябастравы, ажыўлены чыста кармінавым румянцам, фігура гнуткая й тонкая, ручкі і ножкі дробненькія, у дадатак жа – голас і погляд, якія за сэрца хапалі".

"Але ў той жа час простыя саслоўі ды й шляхта звычайна падабалі кабетаў з больш выразнымі кшталтамі. Гэта, магчыма, таксама характэрная асаблівасьць нашага рэгіёну. Вацлаў Патоцкі згадвае, што "гайдукі ў войску захапляліся дзяўчатамі, цыцкі якіх роўныя былі бубнам". Тоўстыя дзеўкі ўпрыгожвалі жыцьцё Караля Радзівіла - Пана Каханку. У даўніну папулярнымі былі такія выслоўі: "Дзяўчына, як арэх", ці "баба бяз бруха, як гарнец бяз вуха".

(Ракіцкі: ) "А што цанілі ў мужчынах?"

(Арэшка: ) "Мужчына ў нашым краі таксама меў сваю мадэль прыгажосьці, якая апісвалася, цанілася ня толькі ў вачох слабога полу, але й мэмуарыстымі, й замежнымі падарожнікамі. Вось як апісаны тып шляхціца, француза Латрэна, ў другой палове ХУІІ стагодзьдзя. Шляхціц азначаецца звычайна яснаю скураю, румянымі пухлымі шчакамі, слушным ростам, адкрытым поглядам выразных вачэй."

"Цаніліся ў мужчыны ня тонкасьць рысаў твару, але найперш станістасьць, паважнасьць паставы. Сармацкі прыгажун - гэта найперш рыцар, чалавек мужны й дужы."

(Ракіцкі: ) "Вы гаворыце, што вельмі важным станавілася прыгажосьць цела. А ці разумелі людзі таго часу, што для таго, каб цела было прыгожым, трэба да яго ставіцца беражліва? Ці сачылі яны за ім?"

(Арэшка: ) "Нягледзячы на зацікаўленасьць целам, дбаць пра яго ў эпоху барока яшчэ не навучыліся. Менавіта гэты пэрыяд адзначаецца заняпадам культуры мыцьця ўвогуле ва ўсёй Эўропе. У ХУІІ стагодзьдзі шляхта, нават вышэйшая магнатэрыя, практычна перастае рэгулярна мыцца. Адзін з магнатаў ХУІІІ стагодзьдзя шчыра прызнаваўся ў сваіх успамінах, што цалкам мыўся толькі два разы ў сваім жыцьці - на сваё нараджэньне й перад вясельлем."

"Нягледзячы на тое, што гігіена была не на такім высокім узроўні, тым ня менш, лад жыцьця таксама быў арыентаваны на закалку, на суровасьць, і гэта тычылася таксама шляхты й магнатэрыі. Чым забаўлялася шляхта? У першую чаргу паляваньнем, вайною. Гэтыя заняткі патрабуюць фізычнае моцы, дужасьці. Расказваюць пра таго ж Радзівіла Пані Каханку, што ён ніколі не насіў такой рэчы як пальчаткі. Нават у самыя моцныя маразы апранаўся даволі сьціпла і ў халодныя начы на паляваньні, без ўсялякай шкоды для сябе, мог спаць на голай зямлі. Шляхта адмыслова закаляла сваіх дзяцей."

(Ракіцкі: ) "І вось тут узьнікае вельмі цікавы парадокс. З аднаго боку, прыкметай эпохі зьяўляецца вельмі моцны ўплыў хрысьціянскай рэлігіі, калі аддавалася перавага душы, а ня целу. Зь іншага боку - сам побыт, само жыцьцё прымусіла людзей задумацца пра каштоўнасьць цела й дбаць пра яго."

(Арэшка: ) "А ў гэтым ёсьць натуральная дынамічнасць. Мы змагаеся з тым жа целам - выганяем яго ў дзьверы, а вяртаецца яно праз вакно. Нікуды ад яго не падзецца, бо цела будзе з намі ад самага пачатку й да самага канца".

XS
SM
MD
LG