Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Разьвітаньне з дыктатураю: урокі Югаславіі


Юры Дракахруст, Прага

Цяпер, калі да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі засталося менш за тры месяцы, думка міжволі вяртаецца да досьведу мінулагодняй югаслаўскай “рэвалюцыі выбарчых скрыняў”. І прычына тут ня толькі ў тым, што лёзунг “Учора – Мілошавіч, заўтра - Лукашэнка” стаў неад’емнаю часткаю маніфэстацыяў беларускай апазыцыі. Справа і ў невялікай па часе адлегласьці мінулагодніх югаслаўскіх падзеяў, і ў падабенстве народаў, сытуацыяў, прыроды цяперашняга беларускага і тагачаснага югаслаўскага рэжымаў. Каб вярнуцца да гэтай тэмы , у мяне асабіста была і дадатковая нагода – камандзіроўка ў Бялград.
“У чым былі прычыны стабільнасьці рэжыму Мілошавіча і чаму ён усё ж такі абрынуўся?” – з такім пытаньнем я зьвярнуўся да прафэсара Бялграцкага унівэрсытэту, псыхоляга Жарко Трэб’ешаніна.

(Трэб’ешанін): “Людзі верылі Мілошавічу, што б ён ні казаў. Ён стаў папулярным як чалавек, які змагаецца за тое, каб Сэрбія не апынулася на каленях.
Яму верылі, калі ён пачынаў войны і калі ён спыняў іх. Ён абяцаў, што Сэрбія стане, як Швэцыя, што людзі будуць атрымліваць па 10 тысячаў даляраў у год. І людзі верылі яму. А атрымалася – па 10 марак у месяц.
Гэта не магло цягнуцца вечна. Ёсьць мяжа цярплівасьці. Шмат хто гаворыць, што ў нас гэтая мяжа дасягаецца вельмі марудна, але за 10 гадоў мы да яе прыйшлі.
Чаму так доўга? Была абсалютная вера ў Мілошавіча, ён быў амаль Богам. Але гэты культ скончыўся. Аднак Мілошавіч трымаўся ня толькі гэтым, але і моцнаю паліцыяй і спэцслужбамі. Шмат людзей баялася і гэта было адным з дамінуючых пачуцьцяў. Быў страх страціць працу, патрапіць у вязьніцу, быць зьбітым на вуліцы, нарэшце, забітым. Страх – прычына таго, чаму людзі не зрабілі гэта раней.
Але 5 кастрычніка стала пераломным момантам. Людзі вырашылі для сябе – ці станем вольнымі, ці загінем. Калі міліцыя пачала кідаць гранаты са сьлезацечным газам, мы пабеглі, але потым вярнуліся. Было адчуваньне: калі мы ня ськінем яго сёньня, мы яшчэ 10 гадоў будзем яго слухаць і яму падпарадкоўвацца. Калі людзі зразумелі, што ён ня Бог, калі яны вызваліся ад страху, вызвалілася велізарная энэргія пратэсту. Таму Мілошавіч сышоў параўнальна бяскрыўдна”.

Гаварыў югаслаўскі псыхоляг Жарко Трэб’ешанін.

Расчараваньне ў куміры адбывалася паступова, пра што сьведчылі і дадзеныя сацыялягічных апытаньняў. Югаслаўскія сацыёлягі лічаць, што страх пры адказах людзей на пытаньні ўсё ж не скажаў сапраўдную карціну. Гаворыць дырэктар цэнтру палітычных дасьледваньняў і вывучэньня грамадскай думкі Ліліяна Бачавіч.

(Бачавіч): “Людзі гаварылі ў апытаньнях праўду, хаця страх і існаваў. За апошнія гады рэйтынг Мілошавіча з пэўнымі ваганьнямі падаў. Напачатку 90-х гадоў ён карыстаўся вялікім даверам, яму давералі каля 40% насельніцтва. Напярэдадні леташніх выбараў засталася толькі траціна тых людзей, якія верылі яму раней”.

Падчас югаслаўскай рэвалюцыі, у якой удзельнічалі сотні тысячаў людзей, загінуў толькі адзін чалавек. Чаму? Чаму на абарону дыктатара, якога яшчэ ўчора лічылі Богам, не паўсталі магутныя сілы бясьпекі, дзе быў дысцыплінаваны дзяржаўны апарат? Здаецца, нават гэтыя людзі раптам паверылі ў правату аднаго з галоўных перадвыбарчых лёзунгаў апазыцыі “Готов je” – “Ён гатовы”, “Яму канец”, і ня ў кога ня ўзьнікла жаданьне абараняць таго, хто бясслаўна прайграў. Ізноў гаворыць прафэсар Трэб’ешанін.

(Трэб’ешанін): “Готов jе” – гэта быў геніяльны лёзунг, у ім была сутнасьць. Дасьледваньні паказалі, што гэты лёзунг вельмі моцна ўзьдзейнічаў на тых, хто вагаецца, асабліва на людзей малаадукаваных. Па свайму мэнталітэту яны арыентаваныя на аўтарытарную ўладу і яны пачалі задумвацца, хто мацней – Мілошавіч ці Каштуніца. Нават людзі, якія раней былі за Мілошавіча, пачалі мяняць сваю пазыцыю. Яны ўбачылі, што іх лідэр разгублены. Яны любяць правадыра, калі ён моцны. Як толькі яны адчулі, што ён слабы , то адразу ж адвярнуліся ад яго”.

Ад некаторых сваіх бялграцкіх суразмоўцаў я чуў меркаваньне – народ прагаласаваў ня столькі “за”, колькі “супраць”, супраць Мілошавіча. Ці так гэта? Адмыслоўцы падзяляюць гэтую думку толькі часткова.

(Бачавіч): “Асоба сп-ра Каштуніцы адыграла важную ролю, але і іншы кандыдат, якога б падтрымала аб’яднаная апазыцыя, таксама перамог бы, магчыма, ня так пераканаўча. Але сп-р Каштуніца сапраўды быў ідэальным кандыдатам, у ім спалучылася шмат якасьцяў: вялікая папулярнасьць, сымпатыі да яго як сярод дэмакратычных партыяў, гэтак і ў шэрагах урадавых партыяў.Дасьледваньні нашага і іншых цэнтраў паказвалі, што важнай па сутнасьці была толькі адна рэч – каб апазыцыя аб’ядналася”.

Гэтая заўвага вельмі істотная. Як вынікае са словаў сп-ні Бачавіч, Каштуніца быў вельмі ўдалым выбарам, але ўрэшце рэшт любы адзіны кандыдат быў лепшым варыянтам, чым некалькі добрых і яшчэ лепшых.

І ўсё ж ўзьлёт менавіта Каштуніцы інтрыгуе. І ён сам, і яго партыя існавалі ў палітыцы ўсё апошняе дзесяцігодьдзе, карысталіся пэўнаю папулярнасьцю, якая, аднак, не параўзыходзіла 10%. І раптам… Гаворыць псыхоляг Жарко Трэб’ешанін.

(Трэб’ешанін): “Ён ня быў харызматычным палітыкам. Я прысутнічаў на канфэрэнцыі Дэмакратычнай апазыцыі Сэрбіі напярэдадні выбараў. Мой калега, які сядзеў побач, сказаў: “У Каштуніцы няма харызмы”. Я адказаў яму: “Пачакай”. Калі Каштуніца ўвайшоў у залю, яго сустрэў гром воплескаў, людзі ўскочылі з мейсцаў з воклічамі: “Войё – сэрбінэ” ( Войё, Ваіслаў – сэрбскі, сапраўдны сэрб). Я прыгадаў, што раней натоўпы гэтак жа скандавалі: “Слобо – сэрбінэ”. Мяне гэта зьдзівіла, хаця я асабіста заўсёды лічыў, што Каштуніца мае патэнцыйную харызму, харызма – гэта тое, што можа з’явіцца ў асобы ў пэўных абставінах. Калі гэта адбылося з Каштуніцам, ён адразу ж стаў значна больш папулярным, чым Мілошавіч нават у яго лепшыя часы. На шчасьце Каштуніца не такі палітык, які карыстаецца сваёй харызмаю, каб стаць недатыкальным і атрымаць абсалютную ўладу”.

Гэтая апошняя рыса Ваіслава Каштуніцы, якую адзначыў сп-р Трэб’ешанін, дае надзею, што Югаславія вырвецца з зачараванага кола папулізму. Ёсьць праўда і іншая пагроза. Любая рэвалюцыя спараджае спадзяваньні, якія ня можа выканаць нават Бог. І з цягам часу наступае расчараваньне ў новай ўладзе, асабліва тады, калі яна, як цяпер у Югаславіі, прымае неабходныя , але непапулярныя рашэньні. Наколькі гэтая пагроза істотная? Гаворыць Ліліяна Бачавіч.

(Бачавіч): “Паводле дасьледваньняў пэўнае расчараваньне ў новай ўладзе назіраецца, але ў яе застаецца надзвычай вялікі давер. Нават калі б гэты давер зьнізіўся ўдвая, гэта ўсё роўна быў бы вельмі высокі ўзровень падтрымкі. Да таго ж ранейшая ўлада цалкам сябе скампрамэнтавала. Што б гэтыя людзі ні абяцалі, яны ня маюць аніякіх шанцаў вярнуцца да ўлады”.

На гэтую фактычна безальтэрнатыўнасьць цяперашняй улады зьвяртае ўвагу і прафесар Трэб’ешанін.

(Трэб’ешанін) : “Так было шмат ў якіх краінах, якія перажывалі трансфармацыю - вялікія чаканьні ня спраўджваюцца. Але якая альтэрнатыва? Сацыялісты з партыі Мілошавіча ўсім абрыдлі. Сэрбская радыкальная партыя мае пэўнае кола прыхільнікаў, але людзі працьверазелі і шанцаў у іх таксама няма. Добра, што ДОС, уладная каліцыя – гэта саюз. Рана ці позна адбудзецца раскол і адна частка ДОСу застанецца ўладаю, а іншая стане апазыцыяй.”.

У адказе сп-ра Трэб’ешаніна варта зьвярнуць увагу ня толькі на зьмест, але і на форму. Разглядаючы нават гіпатэтычныя альтэрнатывы цяперашняй уладзе, ён шукае яе сярод партыяў – арганізаваных палітычных сілаў. Ані ён, ані іншыя мае бэлграцкія суразмоўцы нават не разглядалі варыянт, паводле якога з нейкага югаслаўскага саўгасу “Гарадзец” з’явіцца “народны мсьціўца”, які разгоніць усю шматпартыйную “хеўру”. І справа ня толькі ў тым, што ў Югаславіі ніколі не было саўгасаў.

Тут варта прыгадаць, што сымбаль югаслаўскай рэвалюцыі, цяперашні прэзыдэнт Югаславіі Ваіслаў Каштуніца – быў і застаецца лідэрам Дэмакратычнай партыі, і ДОС – Дэмакратычная апазыцыя Сэрбіі, якая вылучыла яго сваім кандыдатам у прэзыдэнты, была кааліцыяй менавіта партыяў. Больш таго, у Бялградзе гавораць, што зараз прэзыдэнт нават занадта выкарыстоўвае сваю папулярнасьць для ўмацаваньня аўтарытэту сваёй партыі. Сваю партыю ўзначальвае і другая паводле ўплыву асоба ў Югаславіі – прэм’ер-міністар Сэрбіі Зоран Джынджыч. Нарэшце нават Слабадан Мілошавіч пры ўсім сваім патэрналізме таксама быў лідэрам партыі - сацыялістычнай. Такім чынам тое, што ня існуе ў партыйнай форме, у югаслаўскай палітыцы ня існуе ўвогуле.

І ў гэтым - істотнае адрозьненьне паўднёвых славянаў ад іх усходніх братоў. Якую партыю, якую арганізаваную палітычную сілу прадстаўляе, узначальвае, напрыклад, Аляксандар Лукашэнка? Ці Ўладзімер Пуцін? Ці Леанід Кучма? Адмоўны адказ на тое ж пытаньне і адносна іх папярэднікаў: Барыса Ельцына і Леаніда Краўчука. Формула “прэзыдэнт – лідэр “партыі ўлады” ёсьць слоўны хітрык, бюракратычны апарат, хай нават і згуртаваны асаблівымі адносінамі, ня ёсьць партыя. Партыя Мілошавіча ня зьнікла нават калі яе правадыр апынуўся ў вязьніцы, у той час як бюракратыі ўсходнеславянскіх краінаў імгненна перабягаюць на бок пераможцы.

Са словаў маіх бялграцкіх суразмоўцаў вынікае, што аб’яднаньне сэрбскіх дэмакратычных партыяў было па-сутнасьці галоўнаю ўмоваю перамогі. Там па-за партыямі палітыкі ўвогуле няма. У Беларусі часам здаецца, што калі яна дзе і ёсьць, так менавіта па-за партыямі. І таму ў Беларусі сам па сабе факт аб’яднаньня апазыцыі і нават вылучэньня адзінага кандыдата –яшчэ не гарантыя перамогі. У Беларусі больш важна, кім будзе гэты адзіны.

У Югаславіі, як бачым, дакладны выбар адзінага таксама стаў важным фактарам перамогі. Гісторыя, якую распавеў сп-р Трэб’ешанін, як дэмакраты віталі Каштуніцу гэтак жа, як раней народныя масы – Мілошавіча, вельмі паказальная. Існуе пэўны нацыянальны стэрэатып лідэра, і шанцы перамагчы мае той, хто адпавядае яму. І паводле гэтага стэрэатыпу сэрбы і беларусы як раз ня надта адрозьніваюцца.
Я чуў, як прэм’ер Сэрбіі Джынджыч казаў па тэлебачаньні: “За 10 гадоў мы развучыліся працаваць, дзяржава – гэта не яны, якія сядзяць недзе “наверсе” і мусяць нешта даць, дзяржава – гэта мы ўсе, каб камусьці даць, трэба ў кагосьці ўзяць”. Я слухаў гэтыя абсалютна правільныя словы і разумеў, чаму Каштуніцы давераюць ажно 70% сэрбаў, а Джынджычу – у некалькі разоў меньш.
Ані за чалавека, ані за народ яго шлях ніхто ня пройдзе. Проста ўглядаючыся ў іншага, зважаючы на падабенства і адрозьненьні, лепш пазнаеш сябе.
XS
SM
MD
LG