Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць незанятыя месцы ў беларускай палітычнай прасторы?


Юры Дракахруст, Прага

Ці хапае ў Беларусі палітычных партыяў? Пытаньне, зразумела, не пра арытмэтыку – некалькі гадоў таму іх наогул было больш за 30, але і зараз пасьля перарэгістрацыі колькасьць партыяў перавышае паўтары дзясяткі. Шчыра кажучы, цяжка паверыць у тое, што ў беларускім грамадзтве існуе такая безьліч прынцыпова розных палітычных ідэяў, праектаў будучага краіны.

Скарачэньне колькасьці партыяў, нават без адміністрацыйнага ціску – цалкам натуральны працэс, які, аднак, ня выключае зьяўленьня новых палітычных арганізацыяў. У мінулай перадачы мы ўжо казалі, што толькі прыкладна кожны трэці беларускі выбаршчык выказвае прыхільнасьць да той ці іншай з існуючых партыяў, гэта значыць, у пэўнай ступені лічыць іх выразьнікамі сваіх інтарэсаў. А што б магло прыцягнуць увагу, заваяваць сымпатыі астатніх? Гаворыць палітоляг Сьвятлана Навумава.

(Навумава: ) “На мой погляд на сёньняшні дзень ёсьць дзьве праблемы, якія знаходзяцца ў цэнтры грамадзкай дыскусіі – гэта праблема рэформаў, якія зараз сарамліва называюць пераменамі, і праблема інтэграцыі з Расеяй. У нас ёсьць партыі, якія адстойваюць рэформы і сувэрэнітэт, і ёсьць партыі, якія, апаніруючы першым, выступаюць за інтэграцыю і нават за аднаўленьне СССР і за адмову ад рэформаў. На мой пагляд, сёньня ў грамадзтве ёсьць попыт на партыю, якая будзе падтрымліваць інтэграцыйныя працэсы і разам з тым будзе апазыцыйнаю, паколькі яна будзе рэфарматарскаю. Нешта падобнае мусіць зьявіцца. Цяперашнія апазыцыйныя партыі могуць казаць усё, што заўгодна, але яны асацыююцца з вобразам пасьлядоўных сувэрэншчыкаў і рэфарматараў”.

Сапраўды, палітычныя партыі краіны вызначаюць сябе паводле дзьвюх “восяў каардынатаў” – “інтэграцыя з Расеяй – незалежнасьць” і “рэформы – адмова ад рэформаў”. Пры гэтым месца “інтэграцыя + рэформы” нікім не запоўненае. Але ці ня ёсьць гэтае месца фармальным, уяўным?

Вельмі паказальнаю зьяваю дзесяцігодзьдзя незалежнасьці сталі заняпад і эвалюцыя панславісцкіх партыяў і рухаў. Панславісцкай палітыкі, панславісцкай прапаганды ў Беларусі больш чым багата, пачынаючы ад кіраўніка дзяржавы, які гаворыць “мы, рускія” і імкнецца наладзіць “крыжовы паход” славянаў супраць усяго сьвету. Панславізм, асабліва ў моманты абвастрэньня палітычнай сытуацыі, робіцца ці не афіцыйнаю дзяржаўнаю ідэалёгіяй. Здавалася б у надзвычай русіфікаванай краіне з няпэўным нацыянальным пачуцьцём палітычныя плыні, што напішуць на сваіх сьцягах “Беларусь ёсьць Расея”, мусілі б карыстацца дастаткова важкаю падтрымкаю. Да таго ж у канцы ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзя ў Беларусі існавала даволі моцная інтэлектуальная плынь, якая мела назву “западнарусізм”, на якую цяперашнія панславісты маглі б абаперціся.

Напачатку 90-х гадоў у Беларусі паўсталі панславісцкія партыі: “Славянскі сабор “Белая Русь”, Лібэральна-дэмакратычная партыя, шмат шуму рабіў Народны Рух Беларусі, ідэалягічным стрыжнем якога была менавіта ідэя адзінства славянаў. І куды ўсё падзелася: Народны Рух, створаны за грошы кебічаўскага Саўміну, ціха сканаў. Некалькі сябраў “Славянскага Сабору” сталі штатнымі прапагандыстамі Лукашэнкі, сёй-той патрапіў нават ва уладныя габінэты, але як партыя “Сабор” у канцы 90-х таксама зьнік, як кажуць, у цемры гісторыі.
Яшчэ больш цікавая эвалюцыя адбылася з былымі беларускімі жырыноўцамі – Лібэральна-дэмакратычнай партыяй. Напачатку свайго існаваньня яна здавалася звычыйнай філіяй партыі Жырыноўскага з адпаведнай імпэрскай рыторыкай. Але з цягам часу рыторыка гэтая пачала сьціхаць, пакуль ня зьнікла ўвогуле. І зараз ад “сокалаў Гайдукевіча” ўжо не пачуеш заклікаў пра далучэньне Беларусі да Расеі.
Некаторыя назіральнікі разглядаюць партыю Гайдукевіча як своеасаблівую бізнэсовую фірму, палітычны “дах”, які дазваляе зарабляць капейку. Але калі нават прыняць такое вызначэньне ЛДП, тым цікавей яе эвалюцыя: высьвятляецца, што славянскае братэрства – тавар ня надта хадавы.

Тут варта прыгадаць, што на ўсіх больш-менш свабодных выбарах апошніх гадоў панславісцкія партыі ў Беларусі кожны раз правальваліся з аглушальным трэскам, рэдка калі выходзячы нават на трэцяе месца.

Шмат беларусаў гатовыя прызнаць сябе нават галіною адзінай з рускімі і ўкраінацамі нацыі, не зразумела, праўда, што гэта такое, але з простаю тэзаю “беларус ёсьць проста расеец” згодная, як высьвятляецца, нязначная колькасьць грамадзянаў.

Пра гэта сьведчаць і вынікі дасьледаваньняў грамадзкай думкі.
Падчас агульнанацыянальнага апытаньня, праведзенага ў красавіку гэтага году лябараторыяй НОВАК, 45% апытаных аддалі перавагу аб’яднаньню Беларусі і Расеі, пры якім абедзьве дзяржавы заставаліся б сувэрэннымі, і менш за 10% выказаліся за ўваходжаньне Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Паводле апытаньня, праведзенага сацыялягічнай службай інфармацыйнай агенцыі Белапан таксама ў красавіку гэтага году, 12% менчукоў выказаліся за поўнае зьліцьцё дзьвюх дзяржаваў, як тое было ў СССР, і 2% - за ператварэньне Беларусі ў суб’ект Расейскай Фэдэрацыі. У агульнанацыянальным апытаньні, праведзеным у тыя ж тэрміны Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, за ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі выказаліся 16% рэспандэнтаў. На пытаньне “Ці хочаце Вы, каб Беларусь была незалежнаю дзяржаваю?” станоўча адказалі 70% апытаных, адмоўна – 11%.

Як бачым нават пры крыху розных фармулёўках пытаньняў вынікі атрымліваюцца прыблізна аднолькавыя – незалежнасьць зьяўляецца каштоўнасьцю для большасьці беларусаў. Людзей, якія сьвядома гатовыя адмовіцца ад сувэрэнітэту краіны дзеля аб’яднаньня з Расеяй – прыблізна 10-15%. Гэтым, магчыма, і тлумачыцца заняпад панславісцкіх партыяў.

Праўда, гэты заняпад ня ёсьць аргумэнт на карысьць таго, што месца “інтэграцыя+рэформы” немагчыма запоўніць. Панславісцкія партыі заўсёды былі сіламі агрэсіўна-антырэфарматарскімі, нездарма ў 1994 годзе менавіта Славянскі Сабор падтрымаў на выбарах “вызваліцеля ад капіталізму” Аляксандра Лукашэнку.

Памкненьні далучыць Беларусь да Расеі, каб падштурхнуць яе па шляху рэформаў, з пункту гледжаньня лёгікі выглядалі менш супярэчлівымі – усе апошнія гады ўсходні сусед істотна апярэджваў Беларусь на шляху да капіталізму.

Гаворыць намесьнік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Аляксандар Дабравольскі.

(Дабравольскі: ) “У нас было некалькі спробаў стварыць такія палітычныя арганізацыі. Першая – гэта, напэўна, стварэньне Руху за дэмакратычныя рэформы, які быў аналягам падобнага расейскага руху. Далей была спроба стварыць беларускі “Яблык”. Як паказвае практыка, гэтыя спробы ніяк не знаходзілі грамадзкай падтрымкі, і ніводная з гэтых арганізацыяў, прэтэндуючы на прарасейскасьць і дэмакратычнасьць, ня здолела стварыць дзеяздольных структураў і заваяваць сымпатыі электарату”.

Вельмі паказальнай была эвалюцыя і Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, адным з кіраўнікоў якой зьяўляецца сп-р Дабравольскі. Зараз яе адрозьненьні, скажам, ад БНФ Вячоркі куды меншыя, чым паміж АГП і БНФ гатунку 1995 году. А калі прыгадаць, што “продкам” АГП была Аб’яднаная Дэмакратычная Партыя, што ў сваю чаргу нарадзілася з беларускай дэмплятформы ў КПСС, то зьмены выглядаюць яшчэ больш відавочнымі: ад рэспубліканскай філіі саюзных кампартыйных лібэралаў да партыі выразных прыхільнікаў беларускай незалежнасьці.
Тлумачэньне гэтай зьявы палягае апроч іншага ў асаблівасьцях грамадзкай сьвядомасьці: паводле шматлікіх апытаньняў, грамадзкай думцы ўласьцівая даволі цесная сувязь паміж незалежніцкімі і рэфарматарскімі ўяўленьнямі і адпаведна – паміж інтэграцыянісцкімі і антырэфарматарскімі. Прычым гэтая зьява назіраецца ва ўсіх постсавецкіх грамадзтвах акрамя расейскага. Ні ў воднай постсавецкай краіне за 10 гадоў не зьявілася колькі-небудзь уплывовай рэфарматарскай і адначасна прарасейскай палітычнай сілы. Калі і ў Беларусі шматлікія спробы заняць нейкае мейсца ў палітычнай прасторы сканчаюцца няўдала, магчыма, гэтага месца ўвогуле няма?
Нашую суразмоўніцу, палітоляга Сьвятлану Навумаву гэтыя аргумэнты не пераконваюць.

(Навумава: ) “Па-першае, ўсё мяняецца. І калі такога попыту не было раней, ён можа ўзьнікнуць зараз. Па-другое, шэраг партыяў, якія прэтэндавалі на гэтую ролю, ня выжылі зусім па іншых прычынах, не зьвязаных зь іх ідэалягічнай пазыцыяй. Па-трэцяе, мы гаворым пра тое, што шмат хто прэтэндаваў на гэта. Але гэтая іх прэтэнзія наўрад ці была дакладна сфармуляваная. Аб’яднаная Дэмакратычныя Партыя ў грамадзкай сьвядомасьці ніколі не асацыявалася з арыентацыяй на Расею і на рэформы. Яна заўсёды была партыяй сувэрэншчыкаў па сваёй практыцы”.

На карысьць меркаваньня сп-ні Навумавай можна прывесьці яшчэ адзін аргумэнт, які выглядае надзвычай важкім. Зараз вядомая пяцёрка прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду аб’ядналася менавіта на плятформе “рэформы плюс інтэграцыя з Расеяй”. Прычым варта адзначыць, што ў агульнай плятформе “пяцёркі” размова ідзе ня проста пра добрыя, добрасуседзкія адносіны з Расеяй, а менавіта пра інтэграцыю, пра саюз. Словы гэтыя могуць азначаць амаль усё, што заўгодна, але ніводная дэмакратычная партыя краіны да апошяга часу такія словы не ўжывала. Да таго ж нагадаем, што працэс прыходу пяцёх дастаткова розных палітыкаў на адзіную плятформу адбываўся цалкам натуральным шляхам: не Лукашэнка ж гвалтам прымусіў іх устаць пад інтэграцыйны “штандар”.

А прымусіла, відаць, адчуваньне ці ўсьведамленьне таго, што толькі такая формула дае шанец згуртаваць вакол сябе большасьць выбаршчыкаў.

Але на самой справе сыходжаньне апазыцыйных кандыдатаў на інтэграцыйнай плятформе – ня ёсьць яшчэ сьведчаньне таго, што палітычнай прасторы Беларусі існуе “пустое месца” менавіта для палітычнай партыі, якая б спалучала ў сабе імкненьне да рэформаў і інтэграцыі з Расеяй. Справа тут – у спэцыфічнасьці прэзыдэнцкіх выбараў. Падчас выбараў у парлямэнт, нават калі яны праводзяцца паводле мажарытарнай сыстэмы, галоўнае – мабілізаваць сваіх прыхільнікаў, аднадумцаў. Яны пацягнуць за сабою тых, хто вагаецца, і вельмі часта гэтага цалкам дастаткова для посьпеху. Іншымі словамі, падчас парлямэнцкіх выбараў галоўную ролю адыгрываюць групы арганізаваных, больш-менш несупярэчліва сфармуляваных інтарэсаў.
На прэзыдэнцкіх выбарах для перамогі трэба заваяваць сымпатыі менавіта паловы выбаршчыкаў. І тут надзвычайна ўзрастае роля палітычнай “сярэдзіны” грамадзтва, якую часам грэбліва называюць “балотам”. Але як гэтых людзей ні называй, пераможцу вызначаюць менавіта яны. Асаблівасьць гэтай “сярэдзіны” – ня ў тым, што ёй уласьцівыя памяркоўныя погляды, аддаленыя ад скрайніх, а ў тым, што іх погляды маюць характар ня больш як настрояў і памкненьняў, часам нават супярэчлівых з пункту гледжаньня лёгікі.

У гэтым, дарэчы, адна з прычынаў, чаму ў Беларусі не існуе партыі Лукашэнкі. Ягоныя выбаршчыкі могуць мабілізавацца на перамогу іх куміра, каб аддаць яму права вырашаць. Але згуртаваць іх вакол нейкіх больш-менш несупярэчлівых прынцыпаў, хай сабе і дзікіх, няма ніякай магчымасьці – гэта для іх надта складаная і недасягальная форма палітычнай актыўнасьці.

Падаецца, што і формула “інтэграцыя плюс рэформы” – такі ж дапалітычны настрой, накірунак думак, якому немагчыма надаць арганізаваную палітычную форму. Выйграць прэзыдэнцкія выбары на гэтым настроі магчыма, стварыць уплывовую партыю – наўрад ці.
Зразумела, час ідзе і беларускае грамадзтва мяняецца. У 1994 годзе падчас тагачасных прэзыдэнцкіх выбараў ніводзін з кандыдатаў нават і не спрабаваў спалучыць інтэграцыю і рэформы. З другога боку, зьмены ў Расеі, новы вобраз Расеі могуць падштурхнуць фармаваньне ў Беларусі палітычных інтарэсаў, якія спалучаюць у сабе гэтыя дзьве ідэі.
Каб даведацца, што чакае нас за паваротам, трэба зрабіць чарговы крок на доўгім шляху.
XS
SM
MD
LG