Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палітычны крызыс на Ўкраіне: урокі для Беларусі


Юры Дракахруст, Прага

(Юшчанка): “Я не сыходжу з палітыкі. Я сыходжу, каб вярнуцца”

(Дракахруст: ) “Гэтыя словы былога ўкраінскага прэм’ера Віктара Юшчанкі, сказаныя ў дзень ягонай адстаўкі, вызначылі новы этап палітычнага крызысу на Ўкраіне.

Пачалося ўсё са справы журналіста Георгія Гангадзэ, выкрадзенага ў мінулым годзе. Потым быў так званы “касэтны скандал” – зьяўленьне магнітафонных стужак з запісам сакрэтных размоваў прэзыдэнта з сілавымі міністрамі, у часе якіх вырашаўся лёс журналіста. Скандал выплюхнуўся на вуліцы, спарадзіў хвалю масавых маніфэстацыяў пад лёзунгам “Украіна бяз Кучмы”. Паводзіны ўлады ў часе крызысу сталі прычынаю значнага ахалоджаньня адносінаў паміж Кіевам і Захадам. Маштабы супрацьстаяньня і ягоны цяперашні этап сьведчаць пра тое, што справа Гангадзэ была толькі дэтанатарам, які ўзарваў гару назапашанага палітычнага дынаміту.

Свае меркаваньні наконт прычынаў і прыроды ўкраінскіх падзеяў мы папрасілі выказаць двух украінскіх палітолягаў, што прытрымліваюцца розных поглядаў на цяперашні канфлікт. Спачатку слова дырэктару Кіеўскага інстытуту палітычных дасьледваньняў і канфлікталёгіі Міхаілу Пагрэбінскаму.

(Пагрэбінскі: ) “Пасьля пераабраньня Кучмы ён зрабіў крокі, якія мусілі стымуляваць зьмены ў балянсе палітычных сілаў. Ён справакаваў правядзеньне досыць бязглуздага рэфэрэндуму, але ў выніку ўпершыню ў найноўшай украінскай гісторыі Вярхоўная Рада стала нагадваць сапраўдны парлямэнт, там зьявілася акрэсьленая большасьць, прычым большасьць досыць па-рэфарматарску арыентаваная. Парлямэнт стаў самастойным гульцом на палітычным полі.

Незадоўга да гэтага на пасаду прэм’ера быў прызначаны Віктар Юшчанка – чалавек, рашуча зарыентаваны на рынкавыя рэформы і празаходні шлях разьвіцьця. Я лічу, што гэтае рашэньне было досыць інтуітыўным для Кучмы. Пасьля гэтых ягоных ініцыятываў ён стаў толькі адным з трох суб’ектаў палітыкі, з чым яму было цяжка пагадзіцца. Сышоўся шэраг элемэнтаў, якія маглі справакаваць крызыс: крызыс уладнай вярхушкі, жаданьне выкарыстаць момант тымі людзьмі, якія раней прайгралі палітычную барацьбу, і, нарэшце, Захад , які быў на баку апазыцыі, бо ён хацеў хуткай зьмены ўладнай эліты Украіны”.

Іншы погляд на прыроду канфлікту – у рэдактара ўкраінскага часопісу “Гэнэза” Сяргея Грабоўскага.

(Грабоўскі: ) “Алігархічную эканамічную і палітычную сыстэму Ўкраіна ўжо не магла вытрымліваць. Само выжываньне Ўкраіны было пастаўленае на карту. Таму пры дамінаваньні алігархаў прэм’ерам быў прызначаны Юшчанка, каб разгрэсьці гэтую сытуацыю. Вельмі хутка гэты ўрад стаў пагрозаю існаваньню алігархіі. Выявілася, што рэформы немагчыма праводзіць, не зьмяніўшы палітычную сыстэму, альбо сыстэма ня дасьць праводзіць гэтыя рэформы. Прарвала гэты “гнайнік” пасьля рэфэрэндуму мінулага году, калі паўстала пытаньне пра ўключэньне ў заканадаўства ягоных вынікаў. Калі б гэта адбылося, гэта б азначала страту палітычнай ролі парлямэнту і ўраду і канцэнтрацыю ўлады ў руках людзей з атачэньня прэзыдэнта, не зацікаўленых ў рэформах”.

Паводле словаў нашых суразмоўцаў цяперашняе ўкраінскае супрацьстаяньне ня ёсьць ранейшы канфлікт паміж рыначнікамі і антырыначнікамі, не зусім ён ўкладаецца і ў схэму “дэмакратыя супраць аўтарытарызму”. Адценьне звыклага для Ўкраіны суперніцтва Захаду і Ўсходу, празаходняй і прарасейскай арыентацыі ў гэтым канфлікце назіраецца, але ў даволі цікавай форме – ёсьць празаходнікі, няма прарасейцаў. Магчыма, лепш зразумець вытокі канфлікту дазволіць аналіз сілаў, што супрацьстаяць адна адной. Ізноў гаворыць Міхаіл Пагрэбінскі.

(Пагрэбінскі ) “Ёсьць дзьве вялікія протапартыі, якія ў будучым маглі б стаць магутнымі партыямі. Адна – гэта, умоўна кажучы, партыя Юшчанкі, якая падтрымліваецца ў асноўным Захадам Украіны, у асноўным партыямі нацыянал-дэмакратычнага і нацыяналістычнага накірунку. Іншая партыя – цэнтрысцкія сілы. І ёсьць камуністы. Шанцаў на тое, каб атрымаць ўладу, яны ня маюць і, я мяркую, ніколі ўжо мець ня будуць. У нас немагчымая сытуацыя, падобная на тую, што была ў Малдове.

Калі быў прызначаны на пасаду Юшчанка, цэнтрысцкія партыі меркавалі, што здолеюць дамовіцца зь ім пра правядзеньне палітыкі ў інтарэсах шырокага кола палітычных сілаў. Хутка высьветлілася, што Юшчанка ня хоча ўлічваць інтарэсы цэнтрысцкіх сілаў, якія маюць уплывовыя фракцыі ў парлямэнце.

Што тычыцца эканамічных момантаў, то ў Юшчанкі і партыі, што зь ім канкуруе, уяўленьні амаль аднолькавыя. Гэта – шлях у Эўропу і рынкавыя рэформы. Але калі казаць пра гуманітарную палітыку, то яна ва ўрадзе Юшчанкі была прадстаўленая людзьмі, якія вызнаюць нацыянал-дэмакратычныя ці нацыяналістычныя ідэалы, якія не падзяляюць цэнтрысцкія партыі.

Лідэр сацыялістаў Мароз выступіў ініцыятарам “касэтнага скандалу”, потым справакаваў дакладную дыфэрэнцыяцыю палітычных сілаў, але месца для сацыялістаў не засталося. Моцная правая апазыцыя фармавацца будзе, але калі і не на чале зь Юшчанкам, то ён будзе выкарыстаны, як сьцяг апазыцыі”.

Варта дадаць, што прычыны папулярнасьці Юшчанкі – ня толькі ягоная абаяльнасьць, але і канкрэтныя вынікі працы: пры яго праўленьні рэзка палепшылася сытуацыя з выплатаю заробкаў і пэнсіяў, у мінулым годзе ўкраінская прамысловая вытворчасьць вырасла на чвэрць. Пры нацыяналісьце і празаходніку Юшчанку істотна павялічыўся таваразварот у гандлі з Расеяй. І зь Беларусьсю, дарэчы. Гэта скрозь зубы прыгадала нават беларускае тэлебачаньне ў рэпартажы, прасякнутым казённым энтузіязмам з прычыны адстаўкі празаходняга ўкраінскага прэм’ера.

У апісаньні палітычнага поля Ўкраіны Сяргей Грабоўскі шмат у чым ня згодны з Міхаілам Пагрэбінскім.

(Грабоўскі: ) “Апазыцыя складаецца з шэрагу правых і правацэнтрысцкіх партыяў і левацэнтрысцкіх, такіх, як партыя Мароза і украінскі камсамол. Міт пра тое, што апазыцыя на Ўкраіне абапіраецца на Захад краіны – гэта глупства. Прыкладам, адна з асноўных апазыцыйных партыяў “Бацьківшчына” Юліі Цімашэнкі – гэта цэнтральная Ўкраіна. Сацыялістычная партыя Мароза – гэта таксама цэнтральная і часткова ўсходняя Ўкраіна. З другога боку, далёка ня ўсе партыі з Захаду Ўкраіны бралі ўдзел у акцыях “Украіна бяз Кучмы”. Прыкладам, Народны Рух на чале з Удавенкам дыстанцыяваўся ад іх. Так што пра нейкі рэгіянальны ўхіл апазыцыі гаварыць нельга.

Алігархічныя партыі такія палітолягі, як Пагрэбінскі, часта называюць цэнтрысцкімі . Яны сапраўды цэнтрысцкія, але не ў эўрапэйскім сэнсе, яны знаходзяцца каля цэнтру ўлады, каля прэзыдэнцкай адміністрацыі”.

Гэта быў Сяргей Грабоўскі.

Аднак ён сам згодны з тым, што вызначэньне цяперашняга крызысу, як сутыкненьне алігархаў і антыалігархаў, не зусім дакладнае.

(Грабоўскі: ) “Юлія Цімашэнка была адным з галоўных гульцоў кляну былога прэм’ера Лазарэнкі. Але і сярод алігархаў ёсьць розныя настроі. Гэтая розьніца ёсьць і сярод алігархаў, якія падтрымліваюць прэзыдэнта. Адны зацікаўленыя ў захаваньні status quo, які павязаны з ценевай эканомікаю і палітыкаю, іншыя зацікаўленыя ў эўрапэйскіх правілах рынкавай гульні”.

Варта адзначыць важны агульны момант, які ў розных фармулёўках канстатуюць абодва нашыя суразмоўцы: за мільгаценьнем карцінак масавых акцыяў пратэсту і іх разгонаў адбываецца перафармаваньне палітычнага поля Ўкраіны – цяперашні крызыс спарадзіў новую апазыцыю.

Паводле сп-ра Пагрэбінскага, вынікі сацыялягічных дасьледваньняў даюць наступную карціну пэрспэктываў супернікаў.

(Пагрэбінскі: ) “Калі ў людзей пытаюцца, за ўладу ці за апазыцыю – прыблізна 20% людзей кажуць, што яны за ўладу і 20% за апазыцыю. Калі людзі кажуць, што яны за апазыцыю, то на Ўсходзе яны хутчэй маюць на ўвазе “чырвоную” апазыцыю, камуністаў, а іншыя маюць на ўвазе правых. Дасьледваньні паказваюць, што патэнцыял правай апазыцыі складае прыблізна 12-15%. Але калі людзей пытаюць пра стаўленьне да прэзыдэнта, то давер да яго вельмі нізкі, за час крызысу ягоны рэйтынг зьменшыўся на траціну. Калі раней у яго было каля 10% поўнага даверу, то зараз гэты паказчык зьменшыўся да 6%. Калі б усе правыя аб’ядналіся вакол Юшчанкі, яны маглі б сабраць 20-25% галасоў, столькі ж, колькі камуністы. Аб’яднаньне цэнтрыстаў менш верагоднае, чым аб’яднаньне правых, бо ў іх няма вызначанага лідэра і ім цяжка аб’яднацца”.

Да словаў сп-ра Пагрэбінскага варта дадаць, што паводле тых жа апытаньняў, калі б прэзыдэнцкія выбары адбыліся сёньня, то пераканаўчую перамогу на іх атрымаў бы менавіта Віктар Юшчанка. Паводле Канстытуцыі чарговыя выбары мусяць адбыцца праз тры гады, але ня варта забываць і пра непапулярнасьць дзеючага прэзыдэнта, і пра тое, што на трэці тэрмін ён балятавацца ня можа. Менавіта таму крызыс на Ўкраіне далёка ня скончыўся адстаўкаю Юшчанкі і прэзыдэнцкія выбары могуць адбыцца значна раней. І не з прычыны моцы правай апазыцыі, а таму, што ўкраінскія алігархі, пры ўсіх іхных грахах, добра і далёка пралічваюць сытуацыю. Нельга выключаць, што цяперашнія апанэнты Юшчанкі ў рэшце рэшт на яго і зробяць стаўку.

Шмат хто ў Расеі і ў Беларусі лічыць, што наступствам украінскага крызысу стане зьмена зьнешнепалітычных прыярытэтаў Кіева, яго паварот на Ўсход. Гэтыя спадзяваньні тым больш дзіўныя, што яны ўжо гарэлі сінім агнём у 1994 годзе, калі пэўныя колы ў Маскве пасьля перамогі Кучмы на прэзыдэнцкіх выбарах спадзяваліся, што ён прывядзе Ўкраіну ў Расею. У нядаўнім інтэрвію расейскай “Независимой газете” Віктар Юшчанка на пытаньне, ці ёсьць ён прарасейскім прэм’ерам, ветліва адказаў, што прарасейскім мусіць быць расейскі прэм’ер, а ўкраінскі – праўкраінскім.

З гэтым меркаваньнем згодны і зусім не прыхільнік былога прэм’ера наш суразмоўца Міхаіл Пагрэбінскі.

(Пагрэбінскі: ) “Ці можа зьмяніцца вэктар украінскай зьнешняй палітыкі? Я лічу, што істотных зьменаў адбыцца ня можа. Калі казаць пра рэалістычныя шляхі разьвіцьця Ўкраіны, яны не прадугледжваюць рашучага павароту Ўкраіны да Расеі. Нават калі ўскладняцца адносіны з Захадам і ЗША, нават размовы ня можа ісьці пра палітычнае аб’яднаньне накшталт саюзу Беларусі і Расеі. Большасьць украінскай палітычнай эліты з абодвух бакоў канфлікту мае пэўны кансэнсус наконт таго, што Ўкраіна мусіць быць дзяржаваю, якая ськіраваная ў Эўропу, захоўваючы добрыя адносіны з Расеяй”.

Лічыць палітоляг Міхаіл Пагрэбінскі.

Якія ж высновы можна зрабіць зь цяперашняга ўкраінскага крызысу? Ён паказвае, што “вуліца” сама па сабе ня здольная зьмяніць уладу. Яе ўплыў можа быць вырашальным толькі тады, калі імпульс вулічнага пратэсту перадаецца ў структуры самой улады, калі ўваходзіць у рэзананс з настроямі і намерамі насельнікаў урадавых і дэпутацкіх габінэтаў.

Больш таго, правадырамі вуліцы ў рэшце рэшт робяцца сёньняшнія ці ўчарашнія людзі той жа ўлады. У гэтым сэнсе найноўшая гісторыя на Ўкраіне паўтараецца ў другі раз: у 1993 годзе тагачасны прэм’ер Кучма пайшоў у адстаўку ў выніку падобнага ж крызысу. Але адстаўка стала для яго трамплінам для скачка ў прэзыдэнцкае крэсла.

Украінскі крызыс яшчэ раз пацьвердзіў тэзу пра ролю асобы ў гісторыі. Сцэнар разьвіцьця падзеяў мог бы быць іншым, калі б не асоба Віктара Юшчанкі. Ён ня ўдзельнічаў ані ў раскручваньні “касэтнага скандалу”, ані ў акцыях “Украіна бяз Кучмы”, ён нават падпісваў разам з Кучмам адозвы супраць вулічных маніфэстантаў. Тым ня менш, апазыцыя не хавала, што яе лідэр – менавіта звышпапулярны прэм’ер. Адразу ж пасьля ягонай адстаўкі амбітная Юлія Цімашэнка, былы віцэ-прэм’ер ва ўрадзе Юшчанкі, публічна заявіла, што саступае месца лідэра апазыцыі і кандыдата ў прэзыдэнты былому шэфу.

Зразумела, у саміх па сабе крызысах нічога радаснага няма. Але што ў жыцьці чалавека, што ў жыцьці грамадзтва сталеньне адбываецца менавіта праз гэтыя ростані на доўгім жыцьцёвым шляху.
XS
SM
MD
LG