Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ён, яна і грамадзтва: кахаць па-беларуску.


Юры Дракахруст, Прага

Як пісаў славуты францускі пісьменьнік Альбэр Камю, “галоўнае, што адрозьнівае чалавека ад жывёлы, гэта ўяўленьне. Таму ў нас полавая пажадлівасьць ня можа быць па-сапраўднаму натуральнай, гэта значыць сьляпой”.

Клясыка варта дапоўніць: чалавечае каханьне не сьляпое яшчэ і таму, што нават у справе, што тычыцца толькі дваіх, яны ніколі не застаюцца сам насам, за імі сочаць вочы грамадзтва. Ня ў тым сэнсе, што ў шчыліну ў дзьвярах падглядаюць, хаця і гэта бывае: нездарма ільвіная доля чутак, жартаў, размоваў у любым грамадзтве – пра гэта.
Але справа ў тым, што нават ў самых інтымных, асабістых пачуцьцях людзі – дзеці свайго грамадзтва: існуюць пэўныя стандарты, стэрэатыпы любоўных паводзінаў, якім яны падпарадкоўваюцца.
Выказваючы асабістае, людзі часьцяком паўтараюць агульнае, і таму масавыя ўяўленьні людзей пра каханьне – вельмі важная і адметная характарыстыка грамадзтва.

А якія ж ўяўленьні пра каханьне маюць беларусы? Вельмі арыгінальнае дасьледаваньне на гэтую тэму правяла супрацоўніца берасьцейскага навукова-адукацыйнага цэнтру “Логас” Марыя Сакалоўская.

(Сакалоўская: ) «Падчас нашага дасьледаваньня дзьве траціны апытаных адказалі, што зьведалі каханьне ў сваім жыцьці. Крыху больш паловы, паводле іх адказаў, адчуваюць сябе каханымі зараз. Каханьне ў жыцьці беларусаў займае вельмі істотнае мейсца: амаль кожны чацверты бачыць у ім нават сэнс жыцьця. І хаця прыкладна дзьве траціны апытаных адказваюць, што каханьне для іх – толькі адзін з жыцьцёвых стымулаў, толькі кожны дзясяты адзначае, што есьць рэчы больш важныя за каханьне»

Магчыма, у гэтым – адно з тлумачэньняў, чаму, нягледзячы на ўсе катастрофы, людзі працягваюць жыць і знаходзіць у жыцьці радасьць. У адказах людзей варта зьвярнуць увагу на цікавую супярэчнасьць: хаця каля двух трацінаў апытаных адзначаюць, што каханьне для іх – не на першым месцы сярод жыцьцёвых радасьцяў, толькі кожны дзясяты прызнае, што на другім. Нягледзячы на пэўную патрыярхальнасьць беларускага грамадзтва, высьвятляецца, што яно – грамадзтва каханьня, дзе ацэнка каштоўнасьці гэтага пачуцьця – на вышэйшым узроўні. І нават калі ў жыцьці асобнага чалавека яно не адыгрывае такой ужо значнай ролі, у гэтым няёмка прызнавацца нават у ананімным апытаньні.

Тут варта адзначыць, што размова ідзе не пра сям’ю, каштоўнасьць якой надзвычай высокая ў любым грамадзтве, а асабліва ў патрыярхальным, а пра пачуцьце, якое з сям'ёю, наогул кажучы, не супадае. Дарэчы, падчас згаданага дасьледаваньня толькі 60% апытаных адказалі, што каханьне безумоўна абавязковае для стварэньня сям'і, а 16% гэтак жа катэгарычна выказалі адваротную думку. Так што сям'я і каханьне ва ўяўленьні беларусаў – не адно і
тое ж.

Ізноў гаворыць сацыёляг Марыя Сакалоўская.

(Сакалоўская: ) «Што ж у каханьні падаецца нашым суайчыньнікам найбольш важным? Тут назіраецца велізарнае адрозьненьне паміж мужчынскімі і жаночымі ўяўленьнямі. Для кожных трох з чатырох прадстаўнікоў «моцнага» полу галоўнае ў каханьні – сэкс. У той жа час жанчыны найбольшую каштоўнасьць каханьня бачаць ва ўзаемаразуменьні і радасьці быць каханымі. Толькі прыкладна кожная трэцяя жанчына ставіць фізычную блізкасьць у каханьні на першае мейсца».

Магчыма, такія вынікі часткова тлумачацца зьяваю, пра якую мы ўжо казалі: гаворачы пра асабістае, людзі трансьлююць агульнапрынятыя нормы. Патрабаваньні нашай культуры адносна каханьня – не аднолькавыя для мужчынаў і для жанчын. Для жанчыны прызнаць, што для яе ў каханьні сэкс галоўнае – гэта ў пэўнай ступені кінуць выклік гэтым патрабаваньням. Разам з тым, такі велізарны разрыў – больш чым удвая – наўрад ці можна патлумачыць выключна гэтым ціскам культурных абмежаваньняў. Сваю ролю тут адыгрывае крыху адрозная прырода мужчынскага і жаночага каханьня – жанчына ў каханьні больш чалавек, чым мужчына. Але і плаціць за гэтую большую чалавечнасьць даводзіцца больш.

(Сакалоўская: ) «Адрозьніваюцца полы і па ацэнках нэгатыўных наступстваў каханьня. Толькі адзін са ста мужчынаў паведаміў, што каханьне ў ягоным жыцьці было зьвязанае з пакутамі. А сярод жанчын такіх – кожная чацьвертая. Для жанчын, як мы ўжо казалі, у каханьні значнымі зьяўляюцца больш фактараў, чым для мужчынаў, і таму недасканаласьць любоўных адносінаў спараджае ў іх больш глыбокія перажываньні».

Да гэтага цалкам абгрунтаванага меркаваньня можна тым ня менш дадаць, што ў дадзеным выпадку мы таксама сутыкаемся з пэўным ціскам культурных рэгулятараў, але ўжо на «моцны» пол. «Мужчына мусіць быць дужым і моцным мужыком» – патрабуе жорсткі культурны стэрэатып. І таму мужчынам цяжка прызнацца нават самім сабе, што каханьне бывае пакутаю і для іх. Але ўскосна яны гэта прызнаюць.

(Сакалоўская: ) «Найбольшае расчараваньне ў каханьні прыносіць беларусам адсутнасьць узаемаразуменьня і здрада. І тут мы назіраем розьніцу паміж поламі: для мужчын галоўны «расчаравальны фактар» – здрада, для жанчын – адсутнасьць узаемаразуменьня. Толькі кожная пятая жанчына падчас нашага апытаньня сказала, што ніколі б не даравала каханаму здраду, астатнія ў той ці іншай ступені гатовыя дараваць. А сутыкацца з гэтай праблемаю даводзіцца нярэдка, нават калі меркаваць па дадзеных нашага апытаньня. 57% мужчынаў і 27% жанчын станоўча адказалі на пытаньне «Ці можна адначасна кахаць некалькіх чалавек?» Мы знарок задавалі пытаньне ў такой форме: як правіла чалавеку, асабліва жанчыне, псыхалягічна цяжка прызнацца ва уласнай нявернасьці. Але калі ён ці яна не выключае такой абстрактнай магчымасьці, вельмі верагодна, што гэта ўжо адбывалася зь ім ці зь ёю ў рэчаіснасьці».

Расчароўвацца ў каханьні беларусам даводзіцца даволі часта. І пра гэта сьведчыць ня толькі ўзгаданае апытаньне, але і дадзеныя статыстыкі. Летась краіна заняла другое месца ў сьвеце па колькасьці разводаў – 46 разводаў на дзесяць тысячаў чалавек насельніцтва. Паводле гэтага паказьніка Беларусь абагналі толькі Злучаныя Штаты Амэрыкі – 50 разводаў на тысячу насельніцтва. У гэтым спаборніцтве Беларусь заўважальна апярэджвае Расею, дзе адпаведны паказчык складае 38 разводаў на 10 тысячаў насельніцтва.

Гэтае сумнае лідэрства Беларусі нельга патлумачыць самім па сабе дрэнным эканамічным становішчам, у ЗША, дзе ўзровень жыцьця ці ня самы высокі ў сьвеце, разводы больш распаўсюджаныя, чым у Беларусі. Але калі для амэрыканскага грамадзтва высокі ўзровень разводаў – зьява звыклая, то ў Беларусі ён даволі хутка расьце год ад году.

Цалкам магчыма, што прычына гэтага – шок ад хуткіх сацыяльных пераменаў. У 1991 годзе абрыныўся ня толькі палітычны рэжым, абрынулася ўся сыстэма эканамічных, палітычных ды іншых адносінаў. У Беларусі да гэтага шоку дадалося яшчэ і рэха фарсіраванай урбанізацыі: патрыярхальную вёску надта імкліва ператваралі ў горад.
Гэтая перамены не маглі не адбіцца на ўсіх грамадзкіх інстытутах, у тым ліку і на сям'і . Дарэчы, у краінах, якія былі больш падрыхтаваныя да пераменаў, не было і такіх наступстваў: у Польшчы адпаведны паказчык разводаў на 10 тысячаў насельніцтва за дзесяць год застаўся на узроўні 11-12, у Літве нават крыху зьнізіўся – з 34 да 29.

Беларускае ж грамадзтва балюча перажывае працэс мадэрнізацыі, пазбываецца сваёй патрыярхальнасьці, шукае новыя формы самаарганізацыі.

Вельмі часта, фіксуючы падобныя тэндэнцыі, назіральнікі мэханічна працягваюць іх і заломваюць рукі, падлічваючы, праз колькі год народ наогул вымрэ. Зараз сапраўды цяжка сказаць, якой у будучым стане беларуская сям'я, але каханьне ў любым выпадку застанецца, а значыць будзем жыць.

І напрыканцы – яшчэ цікавыя дадзеныя берасьцейскіх сацыёлягаў.

(Сакалоўская: ) «Жанчыны гатовыя ня толькі дараваць, але і ахвяраваць дзеля каханага. 60 % зь іх гатовыя ахвяраваць дзеля каханьня прафэсійнай кар'ераю, а кожная трэцяя гатовая ахвяраваць дзеля каханага нават уласным здароў'ем».

Зь беларускімі жанчынамі ніякі шлях не падасца доўгім.
XS
SM
MD
LG