Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўленьне расейцаў да беларуска-расейскага аб’яднаньня.


Юры Дракахруст, Прага

Пяцігодка ўтварэньня беларуска-расейскага саюзу – падстава ня столькі для падвядзеньня вынікаў, колькі для вызначэньня пэрспэктываў і будучых пагрозаў. Наконт вынікаў, дарэчы, варта заўважыць, што самага небясьпечнага і незваротнага за гэты час усё ж не адбылося – Беларусь ня стала часткаю Расеі, у апошнія гады праўленьня Барыса Ельцына інтэграцыя наогул ператварылася ў гульню дзеля задавальненьня ўнутрыпалітычных патрэбаў кіраўнікоў абедзьвюх краінаў.

З прыходам да ўлады Ўладзімера Пуціна гульні калі ня скончыліся, то набылі больш сур’ёзны і небясьпечны характар. Гаворыць вядучы навуковы супрацоўнік расейскага сацыялягічнага цэнтру ВЦІОМ Леанід Сядоў.

(Сядоў: ) “Прыход да ўлады Пуціна ў гэтым сэнсе шмат што памяняў. Пры Ельцыне ўсе гэтыя манэўры вакол беларуска-расейскага саюзу ўспрымаліся як нейкая гульня. Вельмі гучна выступалі праціўнікі аб’яднаньня. Пуцін зь яго агульным накірункам палітыкі ў бок дзяржаўнасьці, аднаўленьня сымбаляў, і ня толькі сымбаляў, ранейшага савецкага жыцьця – пры ім людзі неяк больш паверылі ў тое, што рэальна адбудзецца аб’яднаньне”.

Гаварыў расейскі сацыёляг Леанід Сядоў.

Кіраўнікі дзяржаваў, нават аўтарытарныя, якія падаюцца цалкам самавольнымі, у рэшце рэшт, – нявольнікі грамадзкай думкі, народнага меркаваньня. Нават падманваючы ці эксплюатуючы яго, яны ў любым выпадку застаюцца ад яго залежнымі. А часам і наадварот – палітычны лідэр і масавая сьвядомасьць узаемна падпітваюць, накачваюць адно аднаго, штурхаючы грамадзтва ў пэўным накірунку.

Адраджэньне савецкіх сымбаляў, савецкай палітыкі ўзмацняе прагу да яшчэ аднаго атрыбуту савецкасьці – дзяржавы ад Берасьця да Ўладзівастоку.

На першы погляд, здвалася б, супраць нарастаньня інтэграцыйнай прагі мусяць дзейнічаць моцныя фактары. У жыцьцё прыходзіць новае пакаленьне, для якога СССР – мінуўшчына, а людзі, што пражылі ў Савецкім Саюзе амаль усе жыцьце, сыходзяць зь яго. І сапраўды, сацыялягічныя апытаньні фіксуюць, што маладым расейцам прага да аб’яднаньня ўласьцівая ў значна меншай ступнені, чым старым.
Але ж імкненьне да аб’яднаньня чамусьці расьце і прычым істотна, расьце і сярод насельніцтва ў цэлым, і нават сярод расейскай моладзі. Паводле апытаньняў расейскага Фонду “Общественное мнение” у канцы мінулага году колькасьць тых, хто заяўляў пра гатоўнасьць галасаваць за аб’яднаньне з Беларусьсю на гіпатэтычным рэфэрэндуме, перавышала 70%. Дзеля параўнаньня – у красавіку 1997 году, калі была падпісаная дамова пра стварэньне саюзу, колькасьць “інтэграцыяністаў” паводле гэтага пытаньня была на 10% менш.

Свае меркаваньні наконт прычынаў росту інтэграцыйных настрояў у Расеі прапануе супрацоўнік Фонду “Общественное мнение” Рыгор Кертман.

(Кертман: ) “Паколькі наогул у Расеі ўзровень даверу да ўлады, перш за ўсё да прэзыдэнта, істотна вышэй, чым некалькі гадоў таму, то рэзкія зрухі на міжнароднай арэне ўспрымаюцца больш пазытыўна. Некаторыя пры ўсім пазытыўным стаўленьні да інтэграцыі яшчэ некалькі гадоў таму адчувалі пэўны непакой – як гэтая ідэя будзе рэалізаваная Ельцыным. Зараз гэты непакой зьнік.

Другое, ня менш важнае, гэта тое, што, магчыма, чыста эмацыйная настальгія па савецкім часе памяншаецца ў моладзі. Але разам з тым расьце і адчуваньне нацыянальнай прыніжанасьці. Патрэба ва ўзмацненьні Расеі, у моцнай дзяржаве, якая выклікае павагу, а можа і страх на міжнароднай арэне, зараз безумоўна ўзрастае. Гэтая тэндэнцыя пачалася яшчэ ў 1999 годзе ў сувязі з падзеямі на Балканах. У гэтым сэнсе аб’яднаньне з Беларусьсю ўспрымаецца як крок да павелічэньня моцы Расеі .

У гэтым пляне моладзь вельмі адчувальная да рэальнага ці ўяўнага нацыянальнага прыніжэньня, і гэты фактар працуе.

Апроч гэтага адносны аптымізм наконт эканамічнай і палітычнай стабільнасьці ў Расеі зьмяншае перасьцярогі, што рэарганізацыя дзяржаўнасьці можа дэстабілізаваць сытуацыю. Зараз з пункту гледжаньня шараговага расейца няма ніякіх падставаў баяцца таго, што далучэньне маленькай Беларусі да вялікай Расеі выкліча нейкія ўзрушэньні, напрыклад, у сфэры валютнай ці палітычнай”.

Гаварыў расейскі сацыёляг Рыгор Кертман.

Такім чынам мае месца ня столькі настальгія па канкрэтным Савецкім Саюзе (моладзі сапраўды ня надта ўласьцівая), колькі настальгія па магутнай Расейскай імпэрыі.

Да таго ж зьніклі некаторыя перасьцярогі, якія раней прымушалі расейскую грамадзкую думку ставіцца да аб’яднаньня больш асьцярожна. Некалькі год таму быў пострах, што далучэньне Беларусі да Расеі ў нейкім адмысловым статусе разваліць самую расейскую фэдэрацыю – такога ж статусу запатрабуюць Татарстан, Башкартастан, Інгушэція. У пуцінскай Расеі лідэры гэтых рэспублікаў, выкінутыя з Савету Фэдэрацыі, падпарадкаваныя прэзыдэнцкім генэрал-губэрнатарам, ужо нічога не запатрабуюць.

Паводле дадзеных Фонду “Общественное мнение” ўсе апошнія гады расейцам ў большай ступені была ўласьцівая думка, што яны жывуць больш заможна, чым беларусы. Праўда, пасьля крызысу 1998 году гэтая ўпэўненасьць крыху пахіснулася, але і тады прыкладна траціна лічыла больш заможным расейскае жыцьце і толькі чвэрць – беларускае. Але зараз самаацэнка расейцаў ізноў стала ўпэўненаю: амаль кожны другі аддае перавагу расейскаму дабрабыту, і толькі кожны пяты мяркуе, што лепш жывуць беларусы.

А вось ацэнкі палітычнай абстаноўкі за апошнія паўтары гады зьмяніліся кардынальна. Раней расейцы лічылі, што палітычная сытуацыя ў Беларусі больш стабільная, чым у Расеі. Але ужо ў сярэдзіне мінулага году каля 40% расейцаў лічылі, што ў палітычным пляне іх жыцьцё спакайнейшае, чым у Беларусі, і толькі прыблізна кожны чацьверты прытрымліваўся адваротнай думкі. І гэта пры тым, што якраз на апошнія паўтары гады прапала другая чачэнская вайна.

Здавалася б, калі расейцы ў большасьці сваёй упэўненыя ў тым, што і добрабыт у іх вышэй, і палітычная сытуацыя спакайней, дык нашто аб’ядноўвацца з больш беднаю і менш стабільнаю краінай? Ізноў гаворыць супрацоўнік цэнтру ВЦІОМ Леанід Сядоў.

(Сядоў: ) “Асноўная матывацыя гэтага жаданьня аб’ядноўвацца мае, я б сказаў, нацыянальна-патрыятычны характар. Людзі мяркуюць, што братэрскія народы былі штучна разьдзеленыя і вось нарэшце зьявілася магчымасьць ізноў аб’яднацца. Такую матывацыю ў нашых апытаньнях прыводзіць прыкладна траціна насельніцтва Расеі. Што ж тычыцца эканамічных выгодаў, то тут хутчэй існуюць пэўныя сумненьні – толькі 13% упэўненыя ў тым, што гэта будзе выгадна, а 12%, наадварот, лічаць, што Расея панясе шкоду ад аб’яднаньня. Тут меркаваньні дзеляцца пароўну. Але не яны, не эканамічныя аспэкты ляжаць у падмурку настрояў на карысьць аб’яднаньня”.

Гаварыў сацыёляг Леанід Сядоў.

Сацыялягічныя апытаньні ў Беларусі фіксуюць істотныя адрозьненьні паміж стаўленьнем да беларуска-расейскага аб’яднаньня насельніцтва ў цэлым і эліты, гэта значыць, упраўленцаў, кіраўнікоў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, галоўных рэдактараў мэдыяў і г. д. Беларускай эліце, у тым ліку і чынавенству, уласьцівае больш стрыманае стаўленьне да пэрспэктывы аб’яднаньня, сярод яе больш прыхільнікаў незалежнасьці Беларусі. Справа тут ня толькі ў тым, што пэўную частку эліты складае беларускамоўная гуманітарная інтэлігенцыя, апантаная нацыянальнай ідэяй. У сэнсе новых магчымасьцяў, прэстыжу, грошай менавіта эліта грамадзтва найбольш выйграла ад набыцьця краінаю незалежнасьці.

У Расеі ж гэтага разрыву паміж меркаваньнямі насельніцтва ў цэлым і эліты не назіраецца. Распавядае супрацоўніца сацыялягічнага цэнтру РАМІР Натальля Лайдзінэн.

(Лайдзінэн: ) “Апытаньне праводзілася ў 10 буйных расейскіх гарадах, усяго было апытана 500 чалавек, якія прадстаўляюць ворганы выканаўчай і заканадаўчай улады, бізнэс-струкуры, дзяржпрадпрыемствы, мэдыі. Гэтыя людзі лічаць, што Беларусь і Расея ня мусяць быць незалежнымі адна ад адной – гэта меркаваньне 64% элітнай групы Расеі. Гэтыя меркаваньні бізнэс-эліты не зьяўляюцца ўнікальнымі. Мы правялі адмысловае апытаньне паводле рэпрэзэнтатыўнай усерасейскай выбаркі і атрымалі вынік, што беларуска-расейскі саюз ў той ці іншай ступені пазытаўна ўспрымаюць 66% расейцаў. Гэта вельмі высокі паказчык. Такім чынам мы можам казаць, што як прадстаўнікі бізнэс-эліты, гэтак і просты народ, падтрымліваюць саюз Расеі і Беларусі. 69% апытаных сярод расейскіх элітных групаў мяркуюць, што беларусы не выступаюць за поўную незалежнасьць нашых краінаў адна ад адной”.

Гаварыла супрацоўніца сацыялягічнага цэнтру РАМІР Натальля Лайдзінэн.

З дадзеных, што яна прывяла, вынікае, што расейская эліта ня толькі сама лічыць, што Беларусі ня варта быць незалежнаю, паводле іх меркаваньня і самі беларусы ня нядта зацікаўленыя ў захаваньні сваёй незалежнасьці.

Што, дарэчы, не адпавядае рэчаіснасьці. У пытаньні аб’яднаньня беларуская масавая сьвядомасьць вызначаецца хутчэй супярэчлівасьцю – калі казаць каротка, беларусы хочуць быць і разам з Расеяй, і незалежнымі. Калі, прыкладам, пытаньне ставіцца рубам – за аб’яднаньне ці супраць, большасьць адказвае “за”. Але калі прапануецца набор варыянтаў, у якім ёсьць і проста добрасуседзкія адносіны незалежных дзяржаваў, і саюз, то колькасьць прыхільнікаў зьліцьця ў адзіную дзяржаву рэзка зьніжаецца і складае ўжо меншасьць. Як тое ня дзіўна, расейскай масавай сьвядомасьці ўласьцівая тая ж супярэчлівасьць. Ізноў гаворыць супрацоўнік Фонду “Общественное мнение” Рыгор Кертман.

(Кертман): “Калі рэспандэнтам задаецца пытаньне, ці будуць яны галасаваць за аб’яднаньне Расеі і Беларусі, ці супраць яго, людзі ў пераважнай большасьці не задумваюцца пра тое, якія формы можа прыняць гэтае аб’яднаньне. Аб’яднаньне ўспрымаецца як нейкі сымбалічны акт, які азначае пачатак рэінтэграцыі Савецкага Саюзу. І выступіць супраць аб’яднаньня Расеі і Беларусі – гэта значыць ня проста адхіліць канкрэтны праект саюзнай дамовы, гэта значыць пайсьці насуперак духу часу. Пераважная большасьць гэтага ня хоча.

Калі размова ідзе пра канкрэтныя варыянты аб’яднаньня, то колькасьць рэспандэнтаў, згодных падтрымаць найбольш рэалістычны варыянт кшталту стварэньня канфэдэрацыі, рэзка зьмяншаецца. Пераважнай большасьці грамадзянаў здаецца больш натуральным альбо варыянт уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі – такі варыянт звычайна набірае 25-30% галасоў, і прыкладна столькі ж галасоў бярэ іншы варыянт – проста больш шчыльна супрацоўнічаць у межах існуючых структураў. Варыянт канфэдэрацыі з няпэўнасьцю дзяржаўнай структуры, з меркаванай роўнасьцю бакоў, падаецца большасьці сумнеўным. У нашым апошнім апытаньні толькі 16% выказаліся за саюз, кіраваны Саветам, дзе кожная краіна мае роўны голас. Гэты варыянт стаўся найменш папулярным”.

Гаварыў сацыёляг Рыгор Кертман.

Як бачым, “блакітная мара” значнай колькасьці беларусаў – быць у Расеі, але з Расеяй роўнымі, і таму незалежнымі, самім расейцам ня надта падабаецца. Такое сутыкненьне ўяўленьняў мы можам назіраць і ў спрэчках беларускіх і расейскіх інтэгратараў па пытаньні адзінай валюты. Афіцыйны Менск хоча, каб грошы друкавалі разам і на роўных, Масква жорстка настойвае на тым, каб адзіным эмісійным цэнтрам быў Цэнтральны банк Расеі.

І ўсё ж застаецца пытаньне – чаму і ў Расеі падчас апытаньняў колькасьць прыхільнікаў стварэньня адзінай дзяржавы зьніжаецца, калі прапаноўваецца набор варыянтаў узаемаадносінаў дзьвюх краінаў? Чаму так адбываецца ў Беларусі – зразумела, незалежнасьць ёсьць каштоўнасьць для большасьці беларусаў, і шмат хто зь іх баіцца пры аб’яднаньні яе згубіць. А расейцам чаго баяцца, чаму ня кожны расейскі “інтэграцыяніст” падтрымлівае аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў у адну? Свай адказ прапануе Рыгор Кертман.

(Кертман: ) “Я не выключаю, што такі варыянт успрымаецца, як супярэчны агульнай лёгіцы рэінтэграцыі. Калі ўжо ствараць агульную дзяржаву, дык ня толькі з Беларусьсю, але й прынамсі з Украінаю, Казахстанам і г.д. Магчыма, такая абмежаваная рэінтэграцыя, стварэньне толькі беларуска-расейскай дзяржавы ўяўляецца чымсьці такім, што зачыняе шлях далейшай рэінтэграцыі. Ёсьць, зразумела, і нейкая невялічкая частка апытаных, якія лічаць, што беларускую дзяржаўнасьць трэба паважаць і ня трэба яе ліквідаваць пры такім аб’яднаньні. Тое, што такое аб’яднаньне будзе азначаць паглынаньне Беларусі – гэта відавочна”.

Гэта быў расейскі сацыёляг Рыгор Кертман.

Іншымі словамі, паводле яго меркаваньня клопатам расейцаў пра беларускую незалежнасьць у вельмі малой ступені можна патлумачыць той факт, што большасьць зь іх аддае ўсё ж перавагу больш стрыманым формам інтэграцыі. Рыгор Кертман мяркуе, што такая асьцярожнасьць, як тое не парадаксальна, тлумачыцца звышінтэграцыйнымі настроямі – расейская грамадзкая думка зацікаўленая ў далейшым пашырэньні аб’яднаньня, якое б ахоплівала ўсе краіны былога СССР. І на гэтым шляху пазбаўленьне Беларусі сувэрэнітэту можа стаць нават перашкодаю.

Адсюль, дарэчы, вынікае, што сама па сабе Беларусь расейцаў мала цікавіць – пэрспэктыву аб’яднаньня зь ёю сярэдні расеец разглядае, як ступень, этап да аднаўленьня былога СССР.

Такія зьмены ў расейскай масавай сьвядомасьці ўяўляюць сабою ўзрастаньне пагрозы беларускай незалежнасьці, нават у той яе палавіністай форме, якую ўвасабляе Аляксандар Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG