Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДАРОЖЖА Ў КАЗКУ: МАСКІ І ВОБРАЗЫ КАНДЫДАТАЎ У ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ


Юры Дракахруст, Прага

У старым анэкдоце вялікі актор прыходзіў да каралевы ўначы то ў вобразе Атэлы, то Гамлета, то Рамэа, і кожны раз яна была ў захапленьні. Нарэшце яна прапанавала актору прыйсьці да яе ў ягоным сапраўдным абліччы. “Гэта немагчыма, – адказаў ён, – я ўжо пяць гадоў як поўны імпатэнт”.

Адрозьненьні сапраўднага аблічча палітыкаў ад іхных вобразаў, зразумела, не настолькі значныя – магчымасьці інфармацыйных тэхналёгіяў абмежаваныя. Але канструяваньне вобразаў – рэч у палітыцы вельмі важная і непазьбежная. Шчырасьць – гэта таксама вобраз, гэта як на тэлебачаньні, дзе сапраўднае аблічча на экране выглядае, як выродлівая маска: каб нават выглядаць натуральна, трэба грыміравацца.

Важнасьць стварэньню вобразаў надаюць і асаблівасьці пастсавецкай палітыкі – тонкія і нават значныя адрозьненьні перадвыбарчых праграмаў выбаршчыкаў ня надта цікавяць, спаборніцтва разгортваецца паміж асобамі, пэрсонамі, а, дакладней кажучы, паміж створанымі імі вобразамі.

Пра тое, якія вобразы ствараў сабе пераможца мінулай прэзыдэнцкай кампаніі, нагадвае беларускі супрацоўнік гарвардзкага аналітычнага цэнтру Ўладзімер Падгол.

(Падгол): “У 1994 годзе наш народ хварэў на хваробу “чырвоных вачэй” – гэта вялікая зайздрасьць да тых, хто езьдзіць на іншамарках, будуе вялізныя катэджы, а ў звычайных людзей зьнікаюць грошы з кніжак у ашчадбанку, цэны растуць, заробкі памяншаюцца. І вось тады Лукашэнка чытае свой даклад быццам бы па карупцыі. З гэтага моманту ён набывае вобраз цудатворца-тэрмінатара, які разграміць карупцыю, паадкручвае галовы карупцыянэрам.

Зянон Пазьняк у часе той перадвыбарчай кампаніі меў вельмі падобны на гэты псыхалягічны вобраз тэрмінатара. Акрамя гэтага Лукашэнка меў вобраз інтэгратара, які зробіць усё, як было ў СССР – і справядлівага, які адбярэ ўсё нарабаванае і падзеліць. Былі там яшчэ і драбнейшыя вобразы, прыкладам, вобраз ахвяры. Тэрмінатар хоча дапамагчы людзям, а яму не даюць: зьліквідавалі ягоную камісію, парвалі пінжак, зрабілі паклёп са сьцюардэсаю і, нарэшце, стрэл у Лёзне.

Трэба ведаць ня толькі вобразы, якія трансьлюе палітык, але і чаканьні людзей. І Лукашэнка тады менавіта і патрапіў у гэтыя чаканьні.”.

Гаварыў палітоляг Уладзімер Падгол.

Зараз, зразумела, скарыстаць маску 7-гадовай даўніны не атрымаецца: “народны мсьціўца” начальнікам, які сам – галоўны начальнік – спалучэньне ня надта натуральнае. Да таго ж тады Аляксандар Лукашэнка мог браць на сябе любыя абавязкі, абяцаць любы цуд – выбаршчыкі ня мелі досьведу таго, як ён свае абяцаньні выконвае. Зараз ведаюць, і гэта стварае для яго пэўную пагрозу. Ізноў гаворыць Уладзімер Падгол.

(Падгол): “І Лукашэнка, і Гарбачоў напачатку сваёй кар’еры былі цудатворцамі. Чым скончыў Гарбачоў? Ён скончыў тым, што вера ў яго, як у цудатворца, разбурылася. Лукашэнка зараз патрапіў у той жа стан, што і Гарбачоў напрыканцы сваёй кар’еры. Гарбачоў скончыў у двух статусах – балбатун і слабак. Сабак, бо запёрлі ў Фаросе, а балбатун, бо балбоча, а жыцьцё пагаршаецца. Сёньня Лукашэнка, як балбатун, ідзе крок у крок з Гарбачовым. Але пакуль ён моцна трымае ўладу і тое, што ён слабак - не скажаш. Ён дэманструе сваю моц і на пасадках апазыцыянераў і на зьнікненьні апазыцыянераў”.

Гаварыў Уладзімер Падгол.

Каб захаваць рэшткі цуду, даводзіцца апэляваць да самых архаічных пачуцьцяў і ўяўленьняў, ператвараць складаныя палітычныя працэсы ў народную казку пра волата, што ўратоўвае сінявокую прыгажуню з пашчы вогнепальнага цмока. Каго могуць зацікавіць прапановы наконт эканамічных пераўтварэньняў, выказаныя цмокам? Пра цяперашні перадвыбарчы вобраз Лукашэнкі гаворыць кіраўнік берасьцейскага навукова-адукацыйнага цэнтру “Логас” Анатоль Лысюк.

(Лысюк): “Гэта будзе стварэньне вобразу волата, які, з аднаго боку , выратаваў нашую краіну ад катастрофы, да якой яе вялі дэмакраты і Шушкевіч, а з другога боку ён пасьпяхова змагаецца з ворагамі і, што вельмі важна, змагаецца па сутнасьці самастойна . Ад людзей яму патрэбна толькі адно – падтрымка на выбарах, усё астатняе ён зробіць самастойна.

Гэты народны волат толькі і дбае, што пра просты народ. А паколькі людзей, як пра гэта сьведчаць сацыялягічныя дасьледваньні, больш за ўсё турбуюць эканамічныя пытаньні, то гэтыя пытаньні і будуць знаходзіцца ў цэнтры ягонай увагі . Але тут цікава: якім чынам і ў якім ракурсе? Ужо відавочна, што з аднаго боку – у форме дэманстрацыі нашых беларускіх дасягненьняў, з другога боку, будзе прысутьнічаць тло, на якім будуць адлюстроўвацца рэальныя ці ўяўныя правалы ў Расеі і на Украіне”.

Гаварыў палітоляг Анатоль Лысюк.

Разам з тым адною казкаю пасьля 7 гадоў кіраваньня не абыйдзешся. І таму, паводле назіраньня Ўладзімера Падгола, Лукашэнка ў пэўнай ступені ператвараецца ў сваю супрацьлегласьць – мяняе маску разбуральніка на маску стабілізатара.

(Падгол): “Што робіць каманда Лукашэнкі? Яны прынцыпова зьмянілі псыхалягічную парадыгму. Яны зараз рыхтуюць людзей да спакою і стабільнасьці. Галоўная ідэалягэма – абы не было вайны, рэгулярная выплата заробку і стабільнасьць. Сыстэмна людзей вядуць да прэзыдэнцкай кампаніі, убіваючы ў іхныя галовы патрэбу толькі ў парадку і стабільнасьці. Лукашэнку ўтвараецца вобраз абаронцы ад вонкавага ворагу – гэта НАТА, якое можа бамбіць; абаронцы ад унутранага ворагу – гэта агэнты НАТА, апазыцыя. А таксама стваральніка, які трансьлюе надзею на 100-даляравы заробак і вялікую пэнсію”.

Мяркуе Уладзімер Падгол.

Стаўка на стабільнасьць у часе выбараў уласьцівая любой уладзе – у любым грамадзтве немалая колькасьць людзей аўтаматычна галасуе за ўладу толькі таму, што яна ўлада. Гэта, зразумела, не заўсёды яе выратоўвае: у нашых перадачах мы ўжо ня раз распавядалі пра прыклады “выбуховага” росту рэйтынгу апазыцыйных кандыдатаў. Ці магчыма гэта пад час сёлетніх беларускіх выбараў? На гэтае пытаньне адказвае Ігар Мінтусаў, кіраўнік “Ніколло-М” – адной з самых уплывовых расейскіх агэнцыяў палітычнага кансультаваньня. У 1994 годзе каманда “Нікколо-М” кансультавала аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі.

(Мінтусаў): “Тэарэтычна “выбуховы” рост рэйтынгу аднаго з кандыдатаў магчымы. Але ў сытуацыі з Лукашэнкам, вобраз якога дастаткова ўстойлівы паводле важных параметраў – абаронцы нацыі і правадыра, які вырашае праблемы простых людзей – гэта няпроста. Я зараз кажу пра асноўныя фрагмэнты вобразу Лукашэнкі, як ён сябе пазыцыянуе адносна простых людзей, не пра інтэлігэнцыю ідзе размова. Гэты вобраз дастаткова ўстойлівы. Каб адбыўся “выбуховы” рост рэйтынгу іншага кандыдата, мусіць быць пэўная экалягічная ніша для росту ягонага рэйтынгу. Пакуль я яе ня бачу. Я бачу нішу для прадстаўніка апазыцыі, які можа стаць уладаром думак інтэлігэнцыі, стаць яе лідэрам. Але гэтага недастаткова, каб выйграць выбары ў дзейнага прэзыдэнта”.

Гаварыў расейскі палітычны кансультант Ігар Мінтусаў.

З фармальнага пункту гледжаньня яму можна і запярэчыць: паводле сацыялягічных апытаньняў амаль кожны другі беларус, а ня толькі інтэлігэнцыя, не хацеў бы бачыць Лукашэнку на ягонай цяперашняй пасадзе. Так што ў нэгатыўным сэнсе экалягічная ніша , пра якую казаў сп. Мінтусаў, існуе. Але зь ім можна пагадзіцца ў тым сэнсе, што “выбуховы” рост рэйтынгаў апазыцыйных кандыдатаў адбываецца звычайна на тле катастрафічнага падзеньня аўтарытэту існуючай улады. Да таго ж тыя, хто хорам кажуць “не” ўладзе, зусім не абавязкова гэтак жа адзінадушна скажуць “так” камусьці іншаму. Патрэбны ізноў жа прывабны вобраз. Гаворыць Уладзімер Падгол.

(Падгол) “Сёньня і Ганчарык, і Чыгір, і Домаш, на мой погляд, трансьлююць толькі адно – стабільнасьць для намэнклятуры. Ім зараз давядзецца выбраць: хто яны? Калі ў іх ёсьць пэўны матэрыяльны рэсурс, сувязі ў Маскве, і калі яны праз Маскву здолеюць утварыць чаканьне цуду, разгайдаць сьвядомасьць нашых людзей, а з сябе стварыць вобраз цудатворцаў-тэрмінатараў, якія пакараюць карупцыянэраў, у тым ліку і прэзыдэнта Беларусі зь ягоным атачэньнем, у іх ёсьць шанец. Калі яны хочуць паспаборнічаць з Лукашэнкам у галіне стабільнасьці, тут яны прайграюць.

Застаецца вельмі актуальным вобраз Зянона Пазьняка: я лічу, што пры ідэальнай тэхналёгіі раскруткі гэты замежнік-Пазьняк, калі яго дапусьцяць да выбараў, мае значна больш шанцаў, чым усе астатнія кандыдаты , якія ёсьць сёньня на палітычным полі”.

Мяркуе палітоляг Уладзімер Падгол.

У ягоных меркаваньнях цікава, што апазыцыйны кандыдат мусіць ня проста заклікаць да пераменаў – для перамогі ён павінен, як Лукашэнка ў 1994 годзе, стварыць сабе вобраз цудатворца. Дарэчы, такая наканаваная апазыцыйнаму кандыдату роля робіць неабходнасьць адзінага кандыдата асабліва пільнаю – рэфарматараў можа быць шмат, натоўп цудатворцаў не сустракаецца нават у казках.

Патэнцыйныя перавагі, якія сп. Падгол бачыць у кандыдатуры Пазьняка, тлумачацца ня столькі палітычнымі поглядамі лідэра БНФ, колькі ягонымі якасьцямі як асобы, якія, аднак, уласьцівыя ня толькі яму.

(Падгол): “Ёсьць яшчэ адзін патэнцыйна моцны вобраз: гэта Казлоўскі, былы міністр абароны – “моцная рука”. Я прыгадаю, што пэўны час таму Манаеў праводзіў дасьледваньне з пытаньнем: “За каго будзеце галасаваць, калі выбары будуць сёньня?”. І акрамя ўсіх астатніх прозьвішчаў ён паставіў дзьве пазыцыі: “невядомы кандыдат – новы палітычны лідэр” і “новы палітычны лідэр – “моцная рука”. Дык вось у гэтым рэйтынгавым дасьледваньні “новы палітычны лідэр – “моцная рука” выйграў у Лукашэнкі 9%. Казлоўскі патэнцыйна трапляе ў гэты псыхалягічны вобраз “моцнай рукі”.

Гаварыў палітоляг Уладзімер Падгол.

Гэтую асаблівасьць беларускай масавай сьвядомасьці адзначае і кіраўнік расейскай агэнцыі палітычнага кансультаваньня “Ніколло-М” Ігар Мінтусаў.

(Мінтусаў): “Беларусы – памяркоўная і асьцярожная нацыя, але ім вельмі імпануюць рэзкія, непрадказальныя, моцныя палітыкі. Гэта – узаемадапаўненьне: асьцярожным і памяркоўным людзям часта не хапае лідэра, якому яны могуць дэлегаваць усю адказнасьць за падзеі, што адбываюцца ў краіне. Беларусы – больш спакойная, менш радыкальная , больш асьцярожная нацыя, чым расейцы, але розьніца паміж палітычнымі лідэрамі, якім аддаюць перавагу і беларусы, і расейцы, нязначная. У абедзьвюх краінах ёсьць попыт на моцных, жорсткіх кіраўнікоў. І ў Расеі, і ў Беларусі большая частка нацыі не гатовая адказна вырашаць свой лёс, і таму шукаюцца палітыкі, якія гатовыя кампэнсаваць гэтую нерашучасьць, негатоўнасьць адказваць за свой лёс ярка выражанымі лідэрскімі рысамі”.

Гаварыў расейскі паліткансультант Ігар Мінтусаў.

З казкі беларуская палітыка, відаць, выберэцца ня хутка. І таму рацыянальнае рашэньне для палітыка палягае ў дакладным выбары казачнага вобразу.
XS
SM
MD
LG