Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрыстос і дамавікі: беларускае грамадзтва ў пошуках веры.


Юры Дракахруст, Прага

У 90-х гадох у Беларусі адзначаўся імклівы рост рэлігійнасьці. Калі ў 1994 годзе падчас апытаньняў прыкладна кожны трэці называў сябе вернікам, то ужо ў 1997-1998 гадох кожны другі казаў, што ён – рэлігійны чалавек. У 1998 годзе 30% людзей ставіліся да веры няпэўна – у іх адсутнічае як вера, гэтак і нявера, і толькі прыкладна кожны дзясяты упэўнена вызначаў сябе як няверніка. Прычым цікава, што да ваяўнічых атэістаў, гэта значыць тых, хто варожа ставіцца да веры у Бога, аднесьлі сябе толькі каля 2% апытаных.

Гэтыя дадзеныя пра рост рэлігійнасьці пацвярджаюцца і ростам аўтарытэту царквы – узровень даверу да яе, паводле апытаньняў, пераўзыходзіць узровень даверу да іншых грамадскіх і дзяржаўных інстытутаў, уключна з войскам і кіраўніком дзяржавы.

Для краіны, дзе агрэсыўны атэізм на працягу дзесяцігодзьдзяў быў часткай афіцыйнай ідэалёгіі, вынік зусім неблагі. Боская справа ўсё ж перамагае, ці, кажучы больш асьцярожна, прага чалавека да веры невыкараняльная.

Гэтая больш асьцярожная фармулёўка дазваляе больш пільна прыгледзецца да характару гэтага рэлігійнага адраджэньня. Пра тое, як ставіцца хрысьціянскае выравызнаньне да прымхаў і забабонаў, гаворыць праваслаўны сьвятар Кастусь Бандарук.

(Бандарук: ) “Калі да прымхаў мы ставімся усур’ёз, гэта сьведчыць пра крызыс веры ў Бога, пра скажэньне релігійнасьці. Уся шкоднасьць і заганнасьць прымхаў палягае ў тым, што яны вынікаюць з недаверу да Бога. Калі чалавек зьвяртаецца не да ўсемагутнага і ўсяведнага Бога, а карыстаецца варажбою ці магічнымі штучкамі, дык значыць, некаторыя зьявы і падзеі знаходзяцца па-за ўвагай і па-за воляй Бога.
Гэта значыць, што мы цалкам адкідаем Боскі провід , а гэта з хрысьціянскай верай несумяшчальнае. Што ж тычыцца перасяленьня душаў альбо астралёгіі, яны таксама нясумяшчальныя з хрысьціянскай вераю. У Пісаньні сказана, што вырашана ў дачыненьні да людзей раз памерці – а потым суд. Паводле Бібліі, жыцьцё адно і непаўторнае. Адносна астралёгіі – гэта, магчыма, найбольш выразны прыклад спадчыны паганскіх часоў. Астралёгія зыходзіць з таго, што ўсё у чалавечым жыцьці наканаванае, што свабода – гэта псыхалягічная фікцыя. Лёс чалавека не залежыць ад зорак, а ад яго самога і ад таго, што пашле яму стваральнік зорак – Бог”.

Гаварыў сьвятар Кастусь Бандарук.

Разам з тым як высьвятляецца, рост рэлігійнасьці, веры ў Хрыста ў цяперашняй Беларусі суправаджаецца не зьмяншэньнем, але больш шырокім распаўсюджваньнем веры ў рэшткі паганскіх культаў. Пра гэта гаворыць аўтар працаў па сацыялёгіі рэлігіі, супрацоўнік цэнтру сацыяльна-палітычных дасьледваньняў пры Белдзяржунівэрсытэце Лідзія Новікава.

(Новікава: ) “Ад чвэрці да паловы вернікаў-хрысьціянаў адначасна вераць ва ўсе гэтыя чараваньні, “порчу”, сурок. Больш таго, больш за чвэрць вернікаў здольныя верыць нават у перасяленьне душаў, магчыма нездагадваючыся, што гэта фрагмэнт зусім іншай рэлігіі.
Як паказваюць дасьледаваньні, у падмурку гэтай рэлігійнасьці ляжыць не жаданьне народу прыпасьці да сваіх культурных першакрыніцаў (хаця у пэўнай ступені і гэта), а страх міталягізаванай таталітарнай сьвядомасьці перад рэчаіснасьцю, зь якой яно безумоўна сутыкаецца пры разбурэньні асноўнага структуратворчага міту, у дадзеным выпадку камуністычнага. Гэтая хворая дэідэалягізаваная сьвядомасьць, якая гістарычна імгненна страціла свае ідеалягічныя падмуркі, яна пачынае шукаць ідэалягічных альтэрнатываў і зьвяртаецца перш за ўсё да псыхалягічна блізкіх ідэалёгіяў. І таму масавая сьвядомасьць ад масавага атэізму штурхнулася у бок рэлігіі. Аднак традыцыйнай рэлігійнасьцю гэтую новую рэлігійнасьць назваць нельга. Гэта эклектычны стан масавай сьвядомасьці, які характарызуецца нясумяшчальнымі верамі і ў Бога, і ў рэшткі паганскіх культаў, і ў паранавуковую міталёгію”.

Гаварыла сацыёляг Лідзія Новікава.

У прынцыпе вера ў рэшкі паганскіх культаў ды ў новае паганства – не такі ўжо вялікі грэх нават з кананічнага пункту гледжаньня. Ізноў гаворыць сьвятар Кастусь Бандарук.

(Бандарук: ) “Менавіта хрысьціянская царква інтэгравала элемэнты паганскіх культаў. Гэта быў вынік цьвярозага разьліку. Паганскія звычаі, месцы культу – сьвяцілішчы, аказаліся вельмі трывалымі, зьнішчыць іх, забараніць было немагчыма. Заставалася замяніць іх хрысьціянскім веравучэньнем альбо абрадамі, каб паказаць што новае – гэта вышэйшая форма старога. Рымскае сьвята сонейка было цяжка выкараніць і таму хрысьціяне пачалі сьвяткаваць Раство Хрыста, які названы сапраўдным Сонейкам Праўды. Царкава пераняла мноства паганскіх звычаяў і абрадаў, надаючы ім свой іншы сэнс”.


Гаварыў сьвятар Кастусь Бандарук.

Гістарычна хрысьціянскае веравызнаньне інтэгравала ў сваю абраднасьць традыцыйныя паганскія звычаі, але зараз адбываецца адраджэньне так бы мовіць неінтэграванага паганства. Пэўную ролю ў гэтым адыгрываюць і традыцыя, і мэдыі, у тым ліку і афіцыйныя. Прыгадаем, што нашыя чыноўнікі былі выхаваныя савецкім казённым атэізмам, які і саму хрыстовую веру лічыў прымхам. Таму і зараз шмат хто зь іх ня бачыць розьніцы паміж рэлігійнай верай і прымхамі. Гаворыць сацыёляг Лідзія Новікава.

(Новікава: ) “Так званыя “народныя вераваньні”, пра якія мы гаворым, былі распаўсюджаныя ў масавай сьвядомасьці заўсёды, у тым ліку і ў савецкія часы. Але зараз яны атрымалі дадатковыя імпульсы, часткова дзякуючы мэдыям: соньнікі, чаравальныя кнігі, нават па тэлебачаньні рэгулярна даюць гараскопы. Гэта наладжвае масавую сьвядомасьць на пэўную хвалю”.

Мяркуе сацыёляг Лідзія Новікава.

Варта прыгадаць, як у апошнія гады перабудовы цэнтральнае тэлебачаньне, кіраванае яшчэ ЦК КПСС, гадзінамі трансьлявала сэансы Кашпіроўскага. Але валіць усю віну на мэдыі як у гэтым, гэтак і ў іншых выпадках, наўрад ці варта. Прапанова спараджаецца адпаведным попытам.

Паводле вынікаў дасьледаваньняў сацыёлягаў Белдзяржунівэрсытэту, зараз рэлігійным беларусам нават больш, чым іх суайчыньнікам-нявернікам, уласьцівая вера ў прымхі, дамавікоў, сурокі, ва усё тое, што сп-ня Новікава называе парарэлігійнай міталёгіяй. Людзі калі ўжо вераць, дык вераць ва ўсё разам. Але і нерэлігійныя ня ёсьць ўмацаваныя супраць рэшткаў паганства ў новым паранавуковым абліччы веры ў перасяленьне душаў, астралёгію, экстрасэнсаў ды іншае. Ізноў гаворыць Лідзія Новікава.

(Новікава: ) “Цікава што прага веры вельмі яскрава бачная, калі прааналізаваць сувязь паміж рэлігійнасьцю і вераю ў паранавуковую і парарэлігійную міталёгію. Атрымліваецца так – чым вышэй узровень асабістай рэлігійнасьці, тым вышэй узровень веры ў парарэлігійныя зьявы, у рэшткі дахрысьціянскіх мітаў. Чым менш рэлігійны чалавек, тым больш ён схільны верыць у паранавуковую міталёгію. Іншымі словамі, псыхалягічная патрэба ў веры хоць у што-небудзь, яна застаецца ў масавай сьвядомасьці нязьменнаю”.

Гаварыла сацыёляг Лідзія Новікава.

Цяперашняе беларускае грамадзтва ў духоўнай сфэры паводзіць сябе як надзвычай галодны чалавек, які, дарваўшыся да ежы, пхае ў сябе розныя стравы, ня думаючы, наколькі яны спалучаюцца адна з другой.
Часам такая неразборлівасьць прыводзіць да вельмі непрыемных наступстваў як для асобнага чалавека, так і для грамадзтва.

Прага веры штурхае людзей на яе пошукі ня толькі ў паганства ды паранавуковую міталёгію, але і ў палітыку. Нездарма ў пэрыяды краху ідэалёгіяў, краху старой веры неверагодна падвышаецца попыт на харызматычных лідэраў, на, так бы мовіць, “збавіцеляў”. Боскі запавет “Не ствары сябе куміра” ці ня першым зьнікае з масавай сьвядомасьці. Шмат людзей дабраахвотна гатовыя аддаць кесару ня толькі кесарава, але й Богавае.

Духоўны крызыс, калі ён спалучаецца з сацыяльным, мае яшчэ адну праяву – шырокае распаўсюджваньне “тэорыі змовы”. Чаму лад, што, здавалася, будзе існаваць стагодзьдзі, імгненна рассыпаўся ў пыл? Чаму адны вокамгненна сталі багатымі, а іншыя – жабракамі? Чаму спалілі тое, чаму пакланяліся яшчэ ўчора? Дзе шукаць адказ, калі разам з ідэалёгіяй зьнік сьвет, які яна тлумачыла? І ў роспачнай сьвядомасьці выходзяць на паверхню архаічныя структуры, прачынаецца паганец-дзікун, які сек ідала за адсутнасьць дажджу і лічыў прычынаю сваёй хваробы сурокі суседа. Праўда, мейсца вінаватага ідала і суседа-ведзьмака занялі мафія, бізнэсмэны, габрэі, Захад, Расея – словам, патаемны злы дух, які паўсюль і нідзе. Гэта яны разбурылі, заваражылі наш утульны і звыклы сьвет. Якое спрыяльнае поле дзейнасьці для сучасных шаманаў, якія маніпулююць гэтай нянавісьцю, замешанай на постраху. Нават веру Хрыстовую, для якой няма ані эліна, ані юдэя, яны спрабуюць ператвараюць у пляменное вераваньне славянаў, скіраванае супраць “ведзьмакоў”-чужынцаў.

Шляхі гасподні нявызначаныя. Крах камунізму – ідэалёгіі ўсе ж-такі ўнівэрсальнай і рацыянальнай – не прывёў да засваеньня больш глыбокіх ідэалёгіяў, да сапраўднай веры, наадварот, грамадзкая сьвядомасьць нібыта правалілася ў цемру, на стагодзьдзі ўніз, у архаічныя культы. У палітыцы гэта адлюстравалася ў пераходзе ад усё ж-такі сучаснай камуністычнай дзяржавы да прымітыўных азіяцкіх дэспатыяў. Як пісаў расейскі пісьменьнік Юры Дамброўскі “Малпа прыходзіць за сваім чэрапам”.

Зразумела, гэта – толькі адна з тэндэнцыяў, уласьцівых цяперашняму стану духоўнага жыцьця грамамадзтва. Далёкія продкі, што ўпершыню прыходзілі да Хрыста, таксама несьлі на сабе цяжар прымхаў і паганства.

Пры гэтым цікава адзначыць, што рэлігійны пад’ём, які назіраўся ў сярэдзіне 1990-х гадоў, зараз паводле сацыялягічных апытаньняў, запаволіўся, калі зусім не спыніўся. Колькасьць людзей, што лічаць сябе рэлігійнымі, ужо некалькі год утрымліваецца прыблізна на ўзроўні 50%. Да таго ж структура вернікаў робіцца падобнай на тую, якая існуе ў краінах Заходняй Эўропы. Ізноў гаворыць сацыёляг Лідзія Новікава.

(Новікава: ) “Сярод нявернікаў часьцей, чым сярод вернікаў, сустракаюцца асобы, якія жывуць у буйных гарадох, з вышэйшай адукацыяй, гэта часьцей мужчыны, чым жанчыны, часьцей моладзь, чым старыя”.

Гаварыла сацыёляг Лідзія Новікава.

У рэшце рэшт, хаця савецкі атэізм быў зьявай выключнай, сэкулярызацыя была ўласьцівая ўсёй хрысьціянскай цывілізацыі. Пустыя храмы ў Нямеччыне ці ў Францыі не патлумачыш дзяржаўным атэізмам. У гэтым сэнсе і Беларусь пасьля рэлігійнага пад’ёму як рэакцыі на крах камуністычнай ідэалёгіі, прыходзіць да сярэднеэўрапейскага стандарту.


XS
SM
MD
LG