Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэвалюцыі выбарчых скрыняў - Славаччына, кастрычнік 1998 году.


Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст. Прэм’ера Славаччын

У 1994 годзе Рух за Дэмакратычную Славаччыну, кіраваны Мэчыярам, прыйшоў да ўлады праз цалкам дэмакратычныя выбары. Праблемы пачаліся потым. Славаччына пры Мечыяре пачынала ўсё больш адрознівацца ад іншых краінаў Усходняй Эўропы.

Апазыцыя, якая мела каля 40% галасоў у парлямЭнце, ня мела ніякага ўплыву на прыняцьцё важнейшых рашэньняў у дзяржаве, нават ў самім парлямэнце ў камісію нагляду за дзейнасьцю спэцслужбаў ня быў дапушчаны ніводны апазыцыянэр. І нездарма – спэцслужбы зрабіліся палітычнаю зброяю ў руках прэм’ера, была наладжаная сыстэма ўсеагульнага нагляду за апазыцыянэрамі, грамадзкімі актывістамі, незалежнымі журналістамі. Неаднаразова менавіта незалежных журналістаў зьбівалі зразумела ж невядомыя асобы.

У жніўні 1995 году служба выведкі і контрвыведкі выкрала сына дзейнага прэзыдэнта краіны Міхала Ковача, напаіла яго нейкімі напоямі, вывезла ў Аўстрыю і пакінула каля бліжэйшага аддзелу паліцыі. Гэтая апэрацыя была спробаю дыскрэдытаваць прэзыдэнта, які, ня маючы амаль ніякіх паўнамоцтваў, як мог перашкаджаў прэм’еру ўсталёўваць рэжым асабістай улады.

Пра тое, якім чынам дзейнічалі пры Мэчыяры сродкі масавай інфармацыіі, распавядае прэзыдэнт славацкага інстытуту грамадзкіх праблемаў Рыгор Мясежнікаў.

(Мясежнікаў: ) “Падчас праўленьня Ўладзіміра Мэчыяра існаваў свабодны друк, свабода слова. Але ўсе дзяржаўныя СМІ былі цалкам манапалізаваныя ўрадам. Прыкладам, славацкае тэлебачаньне стала каналам махровай урадавай прапаганды гебэльсаўскага тыпу. Тэлебачаньне займалася “прамываньнем мазгоў” грамадзянаў, у эфіры гучалі пачварныя абвінавачваньні супраць апазыцыйных дзеячаў і незалежных журналістаў. Так што сытуацыю ў Славаччыне ў тыя гады можна параўноўваць з сытуацыяй у тых краінах, дзе ўрады падаўляюць свабоду слова па меншай меры ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі”.

Гэта быў славацкі палітоляг Рыгор Мясежнікаў.

Рэаліі гэтыя беларусам пазнаць няцяжка. Падабенства ўзмацняецца і тым чыньнікам, што Славаччына пры Мэчыяре была адзінаю краінаю Ўсходняй Эўропы , якая, мякка кажучы, зь вялікай падазронасьцю ставілася да інтэграцыі ў Эўропу, да ўступленьня ў НАТА і ў Эўразьвяз. Заходняя палітыка Браціславы прадстаўляла сабою сумесь ксэнафобіі і шантажу. Уладзімір Мэчыяр казаў, што калі Захад неадкладна, без ўсялякіх умоваў ня прыме Славаччыну ў свае эканамічныя і абарончыя структуры, ён паверне краіну да Захаду іншым мейсцам , а з прапановамі аб сяброўстве зьвернецца на Ўсход. І сапраўды зьвяртаўся.

Адносіны Браціславы і Масквы не былі, вядома, такімі шчыльнымі, як Менску і Масквы, але паказальны факт – славацкая спэслужба была адзінаю па-за межамі СНД, якая мела прадстаўніцтва ў расейскай сталіцы. І, як высьвятляецца зараз, славацкія выведнікі поруч зь іх расейскімі калегамі плённа працавалі ўва ўсходнеэўрапэйскіх краінах.

Зразумела, падабенства Славаччыны Мэчыяра і Беларусі Лукашэнкі дастаткова ўмоўнае: палітвязьняў у Славаччыне не было, апазыцыя, з меркаваньнямі якой не лічыліся, мела амаль палову мейсцаў у парлямэнце, існавалі незалежныя мэдыі, нават сына прэзыдэнта спэслужбы хаця і выкралі, але ўсё ж не забілі. Але, як той казаў, усё пазнаецца ў параўнаньні, і рэжым, які дзе-небудзь у Азіі лічыўся б нават надзвычай лібэральным, называлі “чорнаю дзюркаю Эўропы”.

У кастрычніку 1998 году парлямэнцкія выбары паклалі канец праўленьню Мэчыяра. Пра чыньнікі, якія прывялі да перамогі славацкіх дэмакратаў, распавядае Рыгор Мясежнікаў.

(Мясежнікаў: ) “Галоўным фактарам была грамадзкая незадаволенасьць рэжымам. Яна ўзмацнялася па меры паглыбленьня міжнароднай ізаляцыі краіны, па меры аддаленьня пэрспэктывы далучэньня Славаччыны да Эўразьвязу і НАТА. Гэтую незадаволенасьць фіксавалі сацыялягічныя апытаньні, якія паказвалі, што шмат грамадзянаў нязгодныя з урадавай палітыкаю Мэчыяра.

Пытаньне гучала так: ці здолеюць удзельнікі палітычнага працэсу “пераплавіць” гэтую незадаволенасьць у зьмену ўраду, пры там, што ўрад робіць усё магчымае, каб гэтая зьмена не адбылася.

Мне здаецца, гэта атрымалася таму, што былі створаныя шырокія дэмакратычная альянсы. Я маю на ўвазе ня нейкія фармальныя палітычныя аб’яднаньні, а нефармальныя саюзы дзеяньня.

У гэтыя саюзы ўваходзілі як апазыцыйныя дэмакратычныя партыі, гэтак і няўрадавыя арганізацыі, грамадзянскія ініцыятывы, грамадзскія фонды, прафсаюзы, незалежны друк, ворганы мясцовага самакіраваньня, па сутнасьці, увесь спэктар грамадзянскай супольнасьці. За год да выбараў распачалася барацьба за свабодныя і дэмакратычныя выбары і за справядлівы выбарчы закон, прайшла масавая непартыйная кампанія за ўдзел у выбарах. Быў праведзены агульнанацыянальны марш, кампанія “Рок за выбары” з удзелам папулярных рок-музыкантаў. І гэта мела посьпех – яўка на выбары перавысіла 84%.

Што яшчэ важна – напярэдадні выбараў апазыцыя дэманстравала сваю сілу. Усе апазыцыйныя партыі адзінагалосна казалі, што калі Мэчыяр будзе ужываць нейкія махінацыі, падлог, то дабром гэта ня скончацца, і што апазыцыя абароніць законы, Канстытуцыю і дэмакратыю”.

Гаварыў славацкі сацыёляг Рыгор Мясежнікаў.

Варта зьвярнуць увагу на шэраг важных дэталяў, адзначаных дасьледнікам з Браціславы. Народнае незадавальненьне існуючым рэжымам – неабходная, але недастатковая ўмова перамогі, справа апазыцыі – стварыць пэўнуюю палітычную форму, “пераплавіць”, паводле трапнага выразу сп-ра Мясежнікава, масавы, часам пасыўны пратэст у электаральную перамогу. А для гэтага, як бачым, неабходнае адзінства. Пра гэта сьведчыць досьвед і Славаччыны, і Сэрбіі, пра што мы казалі ў мінулай перадачы.

Яшчэ адным важным чыньнікам, які забясьпечыў перамогу славацкіх дэмакратаў у 1998 годзе, стала шырокая кампанія за ўдзел ў выбарах. Справа ў тым, што за дэмакратычныя сілы больш схільныя галасаваць маладыя і гарадзкія выбаршчыкі. Але ў пасткамуністычных краінах менавіта гэтыя групы – найбольш пасыўны электарат, яны ў найменшай ступені схільныя ўвогуле хадзіць да выбарчых скрыняў. І таму існуе простая заканамернасьць: чым больш людзей бяруць удзел у выбарах – тым лепшыя вынікі для дэмакратычных сілаў.

Славацкія дэмакраты здолелі заахвоціць народ ісьці галасаваць, у выніку – фантастычная для Эўропы яўка на выбары – 84% - і параза аўтарытарнага правадыра.

Праўда, параза ўмоўная. Нават у 1998 годзе мэчыяраўскі Рух за Дэмакратычную Славаччыну набраў больш галасоў, чым кожная дэмакратычная партыя паасобку. Але разам дэмакраты набралі больш. Адзінства спатрэбілася ім і пасьля выбараў. Тут ўжо спрацавалі асаблівасьці парлямэнцкай рэспублікі.

Дарэчы, досьвед Славаччыны часоў Мэчыяра гаворыць пра тое, што да дыктатуры вядзе шмат шляхоў, і парлямэнцкая рэспубліка ня ёсьць непераадольным бар’ерам для яе усталяваньня. Славаччына і была тыповаю парлямэнцкай рэспублікаю, у якой рэальную ўладу мае прэм’ер, прадстаўнік партыіі ці кааліцыі партыяў, якая дамінуе ў парлямэнце. Але калі ў парлямэнце ўстойліваю большасьць мае адна партыя, кіраваная харызматычным правадыром – палітычная сытуацыя ў краіне ня надта адрозьніваецца ад ўсяўладнага прэзыдэнтства.

І нездарма падчас праўленьня Мэчыяра менавіта апазыцыя ініцыявала рэфэрэндум пра ўвядзеньня пасады прэзыдэнта, які абіраецца ўсім народам. Апазыцыянэры меркавалі такім чынам стварыць альтэрнатыўны цэнтар улады і зьменшыць пры дапамозе ўсенароднаабранага прэзыдэнта неабмежаваныя паўнамоцтвы прэм’ера.

У 1998 годзе дэмакратыя ў Славаччыне перамагла. Але ці стала гэтая перамога канчатковаю? Партыя Мэчыяра застаецца самай папулярнаю ў краіне. У яе зьявіўся і саюзнік – ультраправая партыя “Курс”. Партыя гэтая – невялічкая, але яе лідэр – Робэрт Фіцо ўзначальвае сьпіс самых папулярных палітыкаў краіны. Пра яго погляды яскрава сьведчыць тое, што сваім ідэалам Фіцо лічыць кіраўніка аўстрыйскай паўфашыстоўскай партыі Свабоды Ёрга Гайдэра.

З другога боку, звычай сварыцца і дзяліць скуру незабітага мядзьведзя ўласьцівы ня толькі беларускім дэмакратам, але і славацкім таксама. Ува ўрадавай кааліцыі ўвесь час адбываюцца сваркі і расколы. Некалькі месяцаў таму прэм’ер Дзурында і міністр замежных справаў Кукан стварылі новую партыю, у дадатак да тых, на якія ўжо падзелены ўрадавы блёк.

У дадзеным выпадку мядзьведзь, скуру якога дзеляць дэмакраты, сапраўды ў 1998 годзе моцна “атрымаў па пысе”, але забітым яго назваць нельга: ён прагне рэваншу і мае пэўныя шанцы на перамогу.
Ізноў гаворыць прэзыдэнт незалежнага дасьледчага цэнтру ў Браціславе Рыгор Мясежнікаў.

(Мясежнікаў: ) “Гэтая сытуацыя зьвязана з агульным станам палітычных партыяў у Славаччыне. Магчымасьць рэваншу аўтарытарызму цалкам выключыць нельга. Але мне падаецца, што гэта малаверагодна. Партыя Мэчыяра па-ранейшаму самая моцная, але колькасьць яе прыхільнікаў не павялічылася за гэтыя гады. Прычым асабісты рэйтынг Мэчыяра зьнізіўся амаль удвая. Ён застаецца сярод папулярных палітыкаў, але ня самы папулярны. Пасьля выбараў 1998 году грамадзкасьць шмат даведалася пра тое, што адбывалася ў гады яго праўленьня, прайшлі выкрываньні тагачасных эканамічных і нават крымінальных афэраў. Так што, калі партыія Мэчыяра і здолее набраць больш галасоў, чым любая зь іншых партыяў, ён ня здолее сфармаваць урад, бо толькі адна невялічкая нацыяналістычная партыя “Курс” можа пагадзіцца ўступіць з ім у кааліцыю. Так што я лічу малаверагодным , што Мэчыяр вернецца да ўлады”.

У нашай мінулай перадачы мы ужо даведаліся пра тое, што падзеньне папулярнасьці Мілошавіча ў Сэрбіі пасьля яго сыходу было зьвязана з валам выкрывальных публікацыяў пра карупцыю падчас яго праўленьня. У Славаччыне, як бачым, адбылося тое ж самае. Аўтарытарныя рэжымы, кіраваныя “бацькамі нацыі”, дэкляруюць клопат пра простага чалавека. Але на самой справе ім уласьцівы ня гэты дэкляраваны клопат, а крадзёж з дзяржаўнае скарбонкі. І, калі праўда пра гэта робіцца здабыткам грамадзскасьці, вобраз бескарысьлівага і справядлівага правадыра блякне.

Працягваюцца ў Славаччыне дасьледваньні і іншых злоўжываньняў былога рэжыму, у прыватнасьці, выкраданьня сына прэзыдэнта ў 1995 годзе. Тагачасны намесьнік шэфа спэслужбаў сеў у турму, у мінулым годзе ў пракуратуру на допыт ў якасьці сьведкі быў прымусова дастаўлены і сам былы прэм’ер Уладзімір Мэчыяр.

Пры надыходзе дэмакратыі дыктатарам даводзіцца плаціць паводле рахункаў. Але разам з тым менавіта дэмакратыя дае шанец усім, у тым ліку і яе ворагам.

Чарговыя парляманцкія выбары ў Славаччыне стануць момантам ісьціны, яны вызначаць, ці назаўжды славакі разьвіталіся з аўтарытарызмам. На жаль ці на шчасьце, на шляху свабоды няма канчатковага прыпынку.
XS
SM
MD
LG