Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымы беларускі Каштуніца?


Юры Дракахруст

Удзельнічаюць: Давід Ротман, Уладзімір Дорахаў, Ірына Бугрова.

(эфір 27.10.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

Пра выбары ў палату прадстаўнікоў зараз ўжо няма чаго і гаварыць. Як ня дзіўна, амаль усе атрымалі тое, чаго дамагаліся: Лукашэнка – паслухмяных дэпутатаў, ініцыятары байкоту – непрызнаньне гэтых самых дэпутатаў з боку Захаду.

Напярэдадні 15 кастрычніка ўдзельнікі апазыцыйных мітынгаў у Беларусі скандавалі: "Сёньня – Мілошавіч, заўтра – Лукашэнка". Але самая тактыка байкоту, абраная бальшынёю апазыцыі, выключала магчымасьць таго, што беларускія парляманцкія выбары стануць паўтарэньнем югаслаўскага сцэнару. Дзеля якіх мэтаў беларусы маглі б выйсьці на вуліцы, калі Цэнтарвыбаркам аб'явіў лічбу яўкі 60%, а апазыцыя 45%? Каб дамагчыся ад улады прызнаньня, што выбары не адбыліся, за новыя парляманцкія выбары? Апазыцыя ж і не прэтэндавала на перамогу, якую Лукашэнка, як Мілошавіч у Югаславіі, мог бы паспрабаваць "скрасьці". З прычыны нізкай яўкі на выбары на барыкады ня кідаюцца і народы, куды меньш памяркоўныя, чым беларусы.

Тым больш, што ўсім зразумела, што галоўным прызам, галоўнай падзеяй стануць прэзыдэнцкія выбары, што адбудуцца ў будучым годзе.

Ці магчымы беларускі Каштуніца, ці можа за месяцы, што засталіся да выбараў, зьявіцца чалавек, палітык, які змог бы на роўных змагацца з Лукашэнкам, а нават і перамагчы яго? Зьявіцца – ня значыць "выйсьці з лесу", гэта можа быць і вядомы чалавек, у якім пакуль проста ня бачаць будучага лідэра. Дарэчы, заявы пра тое, што ў 1994 годзе ў Беларусі прэзыдэнтам стаў "чалавек ніадкуль" – таксама журналісцкае перабольшаньне. З 1990 году паводле тагачасных дасьледваньняў Лукашэнка цьвёрда трымаўся ў дзесятцы самых папулярных палітыкаў краіны.

Ставячы нашае пытаньне пра беларускага Каштуніцу, мы ня будзем высьвятляць моманты надзвычай важныя, але другасныя: ці не сфальсыфікуе, не "скрадзе" ўлада перамогу беларускага Каштуніцы, ці не пасадзяць яго ў турму, як паставяцца да яго Захад і Расея. У той жа Югаславіі ўсе гэтыя праблемы таксама існавалі, але рабіліся важнымі пры адной умове: зьявіўся чалавек, які спадабаўся сэрбам больш, чым Мілошавіч. Не было б гэтага – не было б і нічога з таго, што адбылося ў Югаславіі ў апошнія месяцы.

Сытуацыю сучасную і тую, што была ў 1993 годзе напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, параўноўвае кіраўнік Цэнтру палітычных і сацыяльных дасьледваньняў Белдзяржунівэрсітэту прафэсар Давід Ротман.

(Ротман): "У 1993 годзе пад час нашых апытаньняў высьветлiлася, што давер як да ўлады, гэтак i да апазыцыi быў на надзвычай нiзкiм узроўнi. У вынiку праз паўгады палiтык, якi не належаў анi да ўлады, анi да апазыцыi, стаў прэзыдэнтам краiны. Цi iснуе зараз нешта падобнае? Апошнiя дасьледваньнi фiксуюць падзеньне аўтарытэту пэўных уладных структураў i падзеньне аўтарытэту апазыцыi. Але паводле нашых дадзеных рэйтынг Лукашэнкi застаецца стабiльна высокiм, ён захоўваецца на ўзроўнi 40-45% на працягу апошніх гадоў ягонага праўленьня. Так што зараз сытуацыя крыху адрозная ад сытуацыi, якая была за паўгады да папярэднiх прэзыдэнцкiх выбараў".

(Дракахруст: ) "У 1994 годзе незалежны кандыдат Лукашэнка мог перамагчы ва ўмовах татальнага расчараваньня людзей як ва ўладзе, гэтак і ў апазыцыі, памятаеце ягоны тагачасны лёзунг: "Я ня зь левымі і ня з правымі, я – з народам". Зараз, як вынікае з дадзеных прафэсара Ротмана, расчараваньне ва ўладзе не такое моцнае, каб людзі раптам палюбілі чалавека "збоку", які стаіць па-над супрацьстаяньньнем паміж уладаю і апазыцыяй.

Але існуюць і іншыя погляды. Па-першае, паводле дадзеных апытаньняў, цяпер за незалежнага кандыдата гатовыя прагаласаваць больш людзей, чым за прадстаўніка апазыцыі. Дадатковыя меркаваньні выкладае супрацоўнік менскага міжнароднага інстытуту палітычных дасьледваньняў Ірына Бугрова".

(Бугрова): "Вельмі важна, што гэты чалавек мусіць быць з групы так званых незалежных кандыдатаў. Незалежны кандыдат сёньня выглядае прыймальна, бо ён ня выклікае нэгатыўных вобразаў, якія адштурхоўваюць насельніцтва як сваёй падкрэсьленай апазыцыйнасьцю ці радыкалізмам, гэтак і вельмі блізкай прыналежнасьцю да намэнклятуры.".

(Дракахруст: ) "На погляд сп-ні Бугровай, ужо зараз можна вызначыць рысы, якія мусіць мець новы лідэр".

(Бугрова): "Я мяркую, што сёньня б больш выйгрышна глядзеўся кантрастны лідэр. Зьвярніце ўвагу – паводле апытаньняў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў зараз ідэальным палітыкам для беларусаў зьяўляецца Пуцін. Пуцін – гэта таксама папуліст, але ён "ціхі" папуліст у адрозьненьні ад "гучнага" папуліста Лукашэнкі.

У мяне такое ўражаньне, што зараз паводле ўсіх чаканьняў вымалёўваецца партрэт чалавека, які будзе кантрастны адносна Лукашэнкі, гэта мусіць быць канструктыўны лідэр, бо ўсе апытаньні кажуць, што да радыкальных дзеяньняў дзеля пераменаў гатовая невялічкая колькасьць людзей. Другі момант зьвязаны з тым, што гэты лідэр мусіць быць "ціхім" папулістам, ён павінен ставіцца да Лукашэнкі крыху гіранічна, дэманстраваць стрыманасьць, а не агрэсію. Ён мусіць усьміхацца і глядзець паблажліва на тое, што і як гаворыць Аляксандар Рыгоравіч".

(Дракахруст: ) "Да выбараў – прыкладна 8-9 месяцаў, няхутка, але часу ня так ужо і шмат. Вось, дарэчы, дадзеныя апытаньняў югаслаўскага Цэнтру палітычных дасьледваньняў і вывучэньня грамадзскай думкі: у лютым гэтага году за 8 месяцаў да выбараў пра давер да Мілошавіча казалі 17% апытаных, а да Каштуніцы - 7%. Разрыў відавочны, але ня надта вялікі – у два разы. Сучасныя ж дадзеныя апытаньняў у Беларусі – крыху іншыя, паводле верасьнеўскага апытаньня НІСЭПД 38% апытаных заявілі, што давераюць Лукашэнку.

Усё ж карціна – не такая адназначная. Гаворыць намесьнік дырэктара НІСЭПД Ўладзімір Дорахаў."

(Дорахаў): "На першы погляд, няма ніякіх шанцаў ня толькі што перамагчы, але і кінуць колькі-небудзь сур'ёзны выклік Лукашэнку. Ягоны рэйтынг – каля 40% – разоў у 8 пераўзыходзіць рэйтынг самага папулярнага зь ягоных канкурэнтаў, і гэтыя суадносіны захоўваюцца шмат гадоў.

Тым ня менш, пэўныя перадумовы зьяўленьня беларускага Каштуніцы існуюць. Папулярнасьць Лукашэнкі, давер да яго павольна, з ваганьнямі, але няўхільна зьніжаюцца. Надзвычай невялікай сталася і група перакананых прыхільнікаў кіраўніка дзяржавы, яна ўжо амаль у тры разы меншая, чым група ягоных перакананых праціўнікаў.

Дадзеныя апытаньняў сьведчаць пра тое, што колькасьць людзей, што гатовыя галасаваць на прэзыдэнцкую пасаду за прадстаўніка апазыцыі ці за незалежнага кандыдата, амаль роўная колькасьці тых, хто маюць намер галасаваць за Лукашэнку ці іншага прадстаўніка "партыі ўлады". Сярод якасьцяў, якія людзі хацелі б бачыць у прэзыдэнце, пераважаюць прыхільнасьць рынкавай эканоміцы і падзелу ўладаў. Але ўсё гэта – ня больш чым перадумовы, шанцы, якія могуць быць і не скарыстаныя, ці прамантачаныя".

Гаварыў палітоляг Ўладзімір Дорахаў.
Такім чынам, пэўныя перадумовы ёсьць, але шмат што залежыць ад дзеяньняў апазыцыі. Ужо навязлая на зубах тэма – выстаўленьне адзінага кандыдата. Зьвяртаючыся ізноў да югаслаўскага досьведу, варта адзначыць, што кандыдатура Каштуніцы стала вынікам дамовы паміж амбітнымі лідэрамі 18-ці партыяў, працаваць на адзінага кандыдата Каштуніцу пагадзіліся, напрыклад, такія не апошнія ў Сэрбіі людзі, як былы мэр Белграду Джынджыч і былі кіраўнік генштабу Перэшыч. Але нават выстаўленьне адзінага кандыдата – умова неабходная, але не дастатковая.
Ізноў гаворыць Уладзімір Дорахаў.

(Дорахаў): "Каб атрымаць беларускага Каштуніцу, варта ўлічваць вопыт Каштуніцы натуральнага, югаслаўскага. Грэбаваць народнымі ўяўленьнямі, нават народнымі забабонамі – гэта наканаваная параза. Калі б кандыдат Каштуніца ня бэсьціў НАТАўскія бамбаваньні, ён ня меў бы ніякіх шанцаў на перамогу. Гэта зараз ужо прэзыдэнт Каштуніца паціскае руку Хав'еру Салану, які ў мінулым годзе гэтымі бамбаваньнямі і кіраваў. Калі ж палітыкі ў Беларусі праклінаюць імпэрскую Расею і пагражаюць наменклятуры люстрацыямі ў выпадку сваёй перамогі, гэтая перамога не настане ніколі, хай сабе Лукашэнка згубіць свой аўтарытэт увогульле. Дарэчы, апытаньні эліты паказваюць, што нават сярод прадстаўнікоў дзяржаўных структураў Міхаіл Чыгір як кандыдат ў прэзыдэнты значна больш папулярны, чым Лукашэнка".

(Дракахруст: ) "Палітоляг Уладзімір Дорахаў зьвяртае увагу на тое, што большая частка незадаволеных існуючым становішчам – гэта так званая сацыяльная ці "кухонная" апазыцыя. Гэтыя людзі проста хочуць жыць лепш, чакаюць таго, хто прынясе ім гэтае паляпшэньне. Гэтая апазыцыя, што складае каля траціны насельніцтва, зараз абмяжоўваецца бурчэньнем на кухні – адсюль і назва, яна ня пойдзе на бырыкады, але можа пайсьці на выбары і сказаць сваё слова. У Лукашэнку гэтыя людзі ўжо расчараваліся, але гэтае расчараваньне не стала даверам да кагосьці іншага. Ізноў гаварыць Уладзімір Дорахаў".

(Дорахаў): "Для перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах апазыцыя мусіць спачатку выканаць "праграму-мінімум" – прыцягнуць на свой бок гэтую сацыяльную апазыцыю. Гэта – толькі частка задачы, асаблівасьць прэзыдэнцкіх выбараў палягае ў неабходнасьці атрымаць і галасы "балота", тых, хто вагаецца. Але пакуль палітычная апазыцыя далёкая ад дасягненьня нават мінімальнай мэты – прыцягнуць на свой бок сваіх патэнцыйных прыхільнікаў, тых, каму Лукашэнка ўпоперак горла. Зараз жа паводле апытаньняў нашага інстытуту гэтыя самыя перакананыя праціўнікі Лукашэнкі давяраюць структурам апазыцыі – партыям, Вярхоўнаму Савету – нават менш, чым тыя, хто вагаецца, каму ўсё роўна".

(Дракахруст: ) "У нашых ранейшых перадачах мы ўжо казалі пра досьвед так званага "выбуховага" росту рэйтынгу, калі за некалькі месяцаў малавядомы палітык робіцца нацыянальным кумірам. Ранейшыя прыклады: Лукашэнка ў 1994 годзе, Пуцін – у мінулым годзе, зараз да гэтага сьпісу дадаўся трыюмф Каштуніцы. Ці магчыма зараз у Беларусі нешта падобнае? Гаворыць палітоляг Ірына Бугрова."

(Бугрова): "Праблема "выбуховага" росту рэйтынгаў толькі звонку выглядае настолькі выбуховай і незвычайнай. Усё гэта рыхтуецца загадзя, існуе як праэкт, які лунае ў паветры і потым робіцца рэчаіснасьцю. Другім фактарам зьяўляецца фактар адчуваньня тупіку ў грамадзстве. Гэты фактар існаваў і ў Славаччыне ў 1998 годзе, і ў Югаславіі ў гэтым годзе. Мне здаецца, што адчуваньне тупіковасьці існуе зараз і ў беларускім грамадзстве. І вельмі важнае значэньне тут набывае тое, які дыягназ чаканьняў людзей робіць эліта. Уласна насельніцтва не гатовае сфармуляваць, чаго яно хоча, таму за элітаю застаецца выбар фармулёвак будучага праэкту, які потым можа быць абазначаны, як "выбух", выбух чаканьняў , выбух выбара".

(Дракахруст: ) "Гледзячы па шэрагу чыньнікаў, праэкт "Прэзыдэнт-2001" ужо пачаўся. Ці будзе ён мець посьпех – сказаць цяжка, не дае пэўнага адказу і нашая сёньняшняя дыскусія. Ёсьць чыньнікі, што спрыяюць посьпеху, ёсьць – якія перашкаджаюць. Дарэчы, ня тое што за некалькі месяцаў, але нават за дзень да выбараў у Югаславіі вельмі абазнаныя адмыслоўцы ў балканскіх справах казалі, што ўсё прадвызначана і Мілошавіч застанецца прэзыдэнтам. "Югаслаўскі цуд" абверг гэтыя прагнозы.

Чыньнікі, умовы зададзеныя цяперашнім этапам нашага доўгага шляху. Але досьвед нашага шляху – тое, што цуды часам здараюцца і што на самой справе яны рыхтуюцца і робяцца людзьмі."

XS
SM
MD
LG