Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыі ў несвабодным грамадзтве: сродак інфармацыі ці маніпуляцыi?


Юры Дракахруст

Удзельнічаюць: Алег Манаеў, Елена Башкірава, Ліліана Багавіч, Валер Хмялько.

(эфір 6.10.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

Як заўважаў польскі філёзаф Станіслаў Ежы Лец: "Трубяць у рог багацьця – значыць, ён пусты". Сапраўды, у ХХ стагодзьдзі кантроль над сродкамі масавай інфармацыі быў адным з наймагутнейшых падмуркаў таталітарных і аўтарытарных рэжымаў. Хто жыў за савецкім часам, да сьмерці не забудзе – але і зараз беларусам ня трэба далёка езьдзіць, каб пераканацца ў эфэктыўнасьці дзяржаўнага кантролю над мэдыямі. Хаця цяперашні кантроль не параўнаць з тагачасным , савецкім – існуюць недзяржаўныя мэдыі, расейскія сродкі масавай інфармацыі, нарэшце, заходняе радыё, ёсьць і такія пакуль ня надта распаўсюджаныя крыніцы інфармацыі, як спадарожнікавае тэлебачаньне ды Інтернэт.

Ва ўсім сьвеце ўплыў тэлебачаньня непараўнальна большы, чым іншых мэдыяў, і Беларусь тут не выключэньне. Асаблівасьць Беларусі палягае ў тым, што нацыянальнае тэлебачаньне істотна саступае замежнаму, расейскаму. Пра прычыны гэтага гаворыць дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў.

(Манаеў: ) "Беларускае тэлебачаньне вельмі нізкаякаснае ў чыста прафэсійным, журналісцкім пляне, і яно прайграе расейскаму тэлебачаньню паводле любых паказчыкаў. Другая прычына – беларускае тэлебачаньне цалкам кантралюецца ўладаю, а менавіта самім Лукашэнкай, і таму яго перадачы проста неадэкватныя рэчаіснасьці. Калі беларускі гледач уключае расейскае тэлебачаньне, ён больш даведваецца нават пра Беларусь, але і пра іншыя краіны перадачы расейскага тэлебачаньня менш тэндэнцыйныя, ідэалягізаваная, чым беларускія. Мяркую, калі б у Беларусі паўсюль свабодна прымалася, напрыклад, Бі-Бі-Сі і беларусы разумелі б ангельскую мову, на першым мейсцы было б менавіта Бі-Бі-Сі".

Лічыць беларускі сацыёляг Алег Манаеў.

Зразумела, беларускае тэлебачаньне ня мае тых рэсурсаў, якія мае расейскае, але ці ў іх толькі справа? У пэўнай ступені словы спадара Манаева пацьвярджае досьвед Украіны, пра які распавядае прэзыдэнт Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі Валер Хмялько.

(Хмялько: ) "Найбольш папулярныя ў нас нацыянальныя недзяржаўныя тэлеканалы: на кожных трох гледачоў недзяржаўнага тэлебачаньня даводзіцца два гледачы дзяржаўнага. Размова ідзе пра найбольш моцныя недзяржаўныя сродкі інфармацыі, якія ахопліваюць тэрыторыю ўсёй краіны. Што тычыцца расейскага тэлебачаньня, то зараз яно наўпрост на Ўкраіну ня йдзе, але калі ўлічыць, што яго транслюе трэці ўкраінскі канал, то глядзіць яго прыблізна столькі ж, колькі і недзяржаўнае ўкраінскае тэлебачаньне. За пэрыяд пасьля здабыцьця незалежнасьці дзяржаўнае ТБ значна страціла сваю папулярнасьць, незалежнае – набыло. Расейскае тэлебачаньне таксама часткова страціла папулярнасьць, але пакуль трымаецца досыць высока".

Гэта быў украінскі сацыёляг Валер Хмялько. Украінскі досьвед абвяргае догму пра тое, што расейскае тэлебачаньне – такое ўжо непераможнае, а таксама паказвае і шлях абвяржэньня: нездарма менавіта недзяржаўнае ўкраінскае тэлебачаньне апераджвае і сваіх украінскіх дзяржаўных, і маскоўскіх канкурэнтаў. І гэта пры тым, што расейскія тэлеканалы на Ўкраіне прысутнічаюць, больш за тое, украінская недзяржаўная кампанія іх і рэтрансьлюе. Там гэта не палітыка, а бізнэс.

Так што беларускае тэлебачаньне прайграе расейскім тэлеканалам не з-за нейкай беларускай "другаснасьці", а з прычынаў сапраўды непрафэсіяналізму ды палітычнай ангажаванасьці. Хаця палітычная ангажаванасьць прыносіць горкія плады і беларускім недзяржаўным мэдыям. Ізноў гаворыць прафэсар Манаеў.

(Манаеў: ) "Тое што незалежныя газэты саступаюць дзяржаўным у значнай ступені тлумачыцца нясувымяральнасьцю рэсурсаў, якімі яны валодаюць. Але справа ня толькі ў гэтым. Гады тры таму сацыялягічныя службы: і НІСЭПД, і НОВАК, фіксавалі, што незалежныя выданьні, напрыклад, паводле ўзроўню даверу, амаль на роўных канкуруюць з дзяржаўнымі, а ў Менску нават пераважаюць. Але зараз гэта ня так. Зараз паводле індэксу даверу незалежныя СМІ саступаюць дзяржаўным у паўтары разы. Беларускі незалежны друк за апошнія два-тры гады стаў больш ангажаваным, больш ідэалягізаваным. Некаторыя ўплывовыя выданьні занадта глыбока ўплішчыліся ў палітычны працэс, атаясамілі сябе нават не з дэмакратычнымі сіламі ў цэлым, а з пэўнымі групоўкамі. І, як ва ўсім сьвеце, гэта не магло не адбіцца на якасьці. Яны сталі ўспрымацца як ворганы пэўных палітычных сілаў. Зразумела, прыхільнікі гэтых сілаў пачалі чытаць такія выданьні з асаблівым задавальненьнем, але такіх людзей параўнальна няшмат. А сярод публікі ў цэлым давер да незалежных выданьняў зьнізіўся".

Гаварыў беларускі сацыёляг Алег Манаеў. Цікавы аргумэнт у спрэчках пра ролю свабодных мэдыяў у несвабодным грамадзстве, якія раз-пораз узьнікаюць у Беларусі. Часьцей за ўсё гэтыя спрэчкі вядуцца ў маральным пляне: ці маральна спрабаваць быць New York Times, калі ідзе барацьба з дыктатураю, і ці не абявязак недзяржаўных мэдыяў – стаць у шэрагі барацьбітоў? Але як бачым, спробы незалежных выданьняў устаць ў палітычны шыхт, шкодзяць апроч усяго і інтарэсам той самай барацьбы: губляецца уплыў, зьніжаецца давер да незалежных мэдыяў. Нават у пасткамуністычным грамадзстве, не гаворачы ўжо пра свабоднае, давер людзей да сябе мэдыям даводзіцца заваёўваць кожны дзень. Пра гэта гаворыць прэзыдэнт расейскага сацыялягічнага цэнтру РОМІР Елена Башкірава.

(Башкірава: ) "Сытуацыя з даверам да мэдыяў кардынальна зьмянілася. У адрозьненьне ад савецкага пэрыяду, калі давер да СМІ пераважнай большасьці грамадзянаў быў амаль абсалютным, калі дзейнічалі адгумэнты кшталту "у газэце напісалі", "у праграме "Время" ўчора сказалі", зараз такой сытуацыі няма. Сучаснае расейскае грамадзства ня надта даверае паведамленьням сродкаў масавай інфармацыі. Паводле нашых апошніх дадзеных, цалкам давяраюць ім толькі каля 5% апытаных, хутчэй давяраюць, чым не – 37%, столькі ж – хутчэй не давяраюць, і зусім не давяраюць 17%".

Гэта была расейскі сацыёляг Елена Башкірава. Прыблізна падобная карціна назіраецца і ў Беларусі. Падобная ў тым сэнсе, што людзі вераць далёка не ўсяму, што пішацца ў газэтах, гаворыцца па радыё, паказваецца па тэлебачаньні. Напрыклад, аўдыторыя беларускага тэлебачаньня, паводле дадзеных апытаньняў, складае 72% насельніцтва. А вось паказчыкі даверу – істотна меншыя. Распавядае Алег Манаеў.

(Манаеў: ) "Падчас нашага апошняга верасьнёўскага апытаньня высьветлілася, што беларускаму тэлебачаньню давяраюць 43%, а не давяраюць 31% апытаных. Усе тыя, якія падзяляюць меркаваньні цяперашніх беларускіх уладаў, гэта ў значнай ступені якраз тыя, хто давяраюць беларускаму тэлебачаньню. Але гэта толькі 42%, як я ўжо сказаў, а не 100%".

Праўда, ёсьць тып сродкаў масавай інфармацыі, давяраюць якім больш людзей, чым карыстаюцца імі. Паводле дадзеных расейскага цэнтру РОМІР, сумарная аўдыторыя заходніх радыёстанцыяў, што вяшчаюць на Расею, вельмі малая – каля 2-3%. Але: Гаворыць прэзыдэнт РОМІР Елена Башкірава.

(Башкірава: ) "Нягледзячы на тое, што аўдыторыя вельмі невялікая, у той жа час ступень даверу да іх крыху вышэй. Каля 10% цалкам давяраюць паведамленьням заходняга радыё".

Цікавае стаўленьне – толькі 3% слухаюць, але давяраюць утрая больш. Нешта кшталту інфармацыйнага "недатыкальнага запасу", у звычайных абставінах і ОРТ хопіць, але калі што – добра, што ёсьць "Свабода" і Бі-Бі-Сі. Якія, дарэчы, у Расеі, у адрозьненьне ад Беларусі, можна слухаць не з-за мяжы, а праз расейскія ж рэтрансьлятары. Але гэта, як высьвятляецца, не галоўнае. У Беларусі заходнія "галасы" слухаць горш, але слухаюць больш. Распавядае Алег Манаеў.

(Манаеў: ) "Паводле дадзеных нашага апошняга апытаньня сукупная аўдыторыя заходняга радыё складае 15%. На працягу 20-ці гадоў, гэта значыць, у параўнаньні з савецкім часам гэтая лічба зьнізілася ўдвая. Чаму? Як бы там ні было, за гады перабудовы і незалежнасьці нават тыя крыніцы інфармацыі, якія беларускія грамадзяне мелі ў савецкія часы, сталі менш тэндэнцыйнымі. Але што больш важна – зьявілася безьліч іншых крыніцаў інфармацыі. Усё гэта зьнізіла цікавасьць да заходняга радыё".

Гаварыў прафесар Манаеў. Падаецца, што аб'ём аўдыторыі заходняга радыё ў постсавецкіх краінах – сваеасаблівы паказчык свабоды наогул і свабоды слова ў прыватнасьці: чым менш свабоды, тым больш слухаюць. У Беларусі, як бачым, слухаюць шмат.

Зараз ува ўсіх на слыху "югаслаўскі цуд", калі тамтэйшая апазыцыя, якая ня мела доступу да дзяржаўных мэдыяў, здолела перамагчы на выбарах. Пра прычыны гэтага распавядае кіраўнік бялградзскага Цэнтру сацыяльных і палітычных дасьледаваньняў Ліліана Багавіч.

(Багавіч: ) "Шматлікія палітыкі, некаторыя журналісты, нават некаторые экспэрты надаюць вялікую ўвагу ролі СМІ і лічаць, што гэта найбольш уплывовы фактар, які фармуе палітычныя паводзіны. Але гэта ня так. Гэта ня так у адносінах да Югаславіі. СМІ ў Сэрбіі былі пад кантролем уладнай кааліцыі вельмі працяглы час, асабліва электроныя мэдыі. Цягам выбарчай кампаніі дэмакратычная апазыцыя ня мела доступу да гэтых СМІ, якія ўпарта дыскрэдытавалі яе і яе кандыдата ў прэзыдэнты. Але апазыцыя выйграла і мясцовыя, і фэдэральныя выбары, Каштуніца атрымаў значна больш галасоў, чым Мілошавіч, якога вельмі моцна падтрымлівалі дзяржаўныя мэдыі. Аднак гэта не было вырашальным. Перадусім таму, што было шмат альтэрнатыўных сродкаў прадставіць палітычную праграму кандыдатаў: мясцовыя регіянальныя мэдыі, незалежныя газэты, сустрэчы, Інтэрнэт. Другое, што вельмі важна, – кандыдаты ад апазыцыі мелі добрую праграму, якая паказала шлях вырашэньня праблемаў грамадзства, якая адпавядала мэтам большасьці. Гэта было прычынаю перамогі, а не кантроль над мэдыямі".

Лічыць югаслаўскі сацыёляг Ліліяна Багавіч. Дарэчы, цікавы чыньнік: паводле дадзеных цэнтру, які яна ўзначальвае, у 2000 годзе дзяржаўным мэдыям у Югаславіі давяраў толькі кожны чацьверты, а не давяралі – ажно 68%. У гэтым, магчыма, таксама адна з прычынаў, чаму манапалізаваныя дзяржаўныя мэдыі не ўратавалі Мілошавіча ад паразы: яны ўжо страцілі ўсялякі давер. Беларусі да Югаславіі ў гэтым сэнсе далёка, а галоўнае, што, кажучы словамі паэта, да Беларусі далёка – вось што шкада".

XS
SM
MD
LG