Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што можа парлямэнт: досьвед Малдовы і Ўкраіны – выключэньне з правілаў ці прыклад для іншых?


Юры Дракахруст

Удзельнічаюць: Думітру Д'якаў, Сяргей Грабоўскі.

(эфір 22.09.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

У спрэчках наконт выбараў, што адбудуцца ў Беларусі 15 кастрычніка, тэма паўнамоцтваў парлямэнту – адна з галоўных. Пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту – адна з умоваў прызнаньня выбараў міжнароднай супольнасьцю. Паводле меркаваньня лідэра АГП Лябедзькі – гэта, па-сутнасьці, адзіная ўмова. Паводле Канстытуцыі 1996 году, заканадаўчы сход Беларусі сапраўды ня мае тых паўнамоцтваў, якімі вызначаецца такая ўстанова, як парлямэнт – нацянальны сход ня ёсьць вышэйшая заканадаўчая ўлада, кіраўнік дзяржавы, паводле напісанай ім Канстытуцыі, можа сваімі дэкрэтамі адмяняць законы.

Да апошняга часу здавалася, што Беларусь стала проста ахвяраю агульнай тэндэнцыі ў палітычным жыцьці краінаў СНД: паўсюль прэзыдэнты "падміналі" пад сябе парлямэнты. Вось і Ўкраіна ў красавіку гэтага году на рэфэрэндуме адзінадушна падтрымала ўмацаваньне прэзыдэнцкай улады. Ну да ўкраінскага досьведу мы яшчэ вернемся, а зараз зьвернем увагу на падзею, што адбылася гэтым летам у Малдове. Там узгаданая тэндэнцыя была спыненая: парлямэнт пазбавіў прэзыдэнта ўлады, адмяніўшы парадак усенароднага абраньня кіраўніка дзяржавы. Малдова стала парлямэнцкай рэспублікай. Арганізатары гэтых зьменаў добра ўсьведамляюць міжнароднае значэньне іх перамогі.

Вось меркаваньне сьпікэра парлямэнту Малдовы Думітру Д'якава.

(Д'якаў: )"Мы спрабуем даказаць, што парлямэнцкая сыстэма можа працаваць у Малдове, і гэта адначасна будзе прыкладам для ўсяго рэгіёну".

Спачатку малдоўскі сцэнар разьвіваўся падобна на беларускі. У 1999 годзе прэзыдэнт Лучынскі ініцыяваў рэфэрэндум аб канстытуцыйным пашырэньні ўлады кіраўніка дзяржавы. Аднак рэфэрэндум быў кансультацыйным – гэта першае адрозьненьне ад Беларусі, а па-другое, Лучынскі не атрымаў перамогі. І тады ў наступ перайшоў парлямэнт – дэпутаты прапанавалі свой праект зьменаў у Канстытуцыю, якія прадугледжвалі, што прэзыдэнт абіраецца не на ўсеагульных выбарах, а парлямэнтам. Праект пайшоў спачатку ў Канстытуцыйны суд і атрымаў станоўчую ацэнку. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй парлямэнт ня мог разглядаць яго раней як праз паўгады пасьля рашэньня Канстытуцыйнага суду. Але як толькі паўгады прайшлі – зьмены ў Канстытуцыю былі адразу ж прынятыя. Лучынскі спачатку нібыта ўхваліў рашэньне дэпутатаў, але потым вылучыў прапанову – правесьці яшчэ адзін рэфэрэндум пра прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Аднак рашэньне пра ўсенароднае галасаваньне ў Малдове прымае ізноў такі парлямэнт, і, паводле Канстытуцыі, рашэньне наконт гэтага можа быць прынятае не раней, чым праз поўгады.

Ці ня можа ў Малдове паўтарыцца беларускі сцэнар 1996 году ці расейскі 1993 году, калі прэзыдэнты, адчуваючы пагрозу сваёй уладзе, выходзілі за межы "канстытуцыйнага поля"? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да кіраўніка малдоўскага парлямэнту Думітру Д'якава.

(Д'якаў: ) "Я ня думаю, што ў Малдове магчымы расейскі варыянт 1993 году. Ён немагчымы хаця б з тае прычыны, што ў нас няма танкаў. Хаця ёсьць шмат спэкуляцыяў наконт настрояў у камандзе прэзыдэнта, што будуць паднятыя студэнты, "аўганцы", ветэраны і іх пратэстны энтузыязм будзе накіраваны супраць парлямэнту. Я ня веру, што гэта адбудзецца. Мы ў няпростых умовах, ва ўмовах спробаў канфрантацыі з боку прэзыдэнцкай каманды, будзем кіравацца прынятымі зьменамі ў Канстытуцыі і ў канцы лістападу абярэм парлямэнтам новага прэзыдэнта Малдовы".

Гэта быў сьпікэр парлямэнту Малдовы Думітру Д'якаў.

Такім чынам тамтэйшы парлямэнт дзейнічае на апераджэньне: прапанова пакуль яшчэ прэзыдэнта Лучынскага можа быць разгледжаная не раней зімы, а ужо ў лістападзе дэпутаты маюць намер абраць новага, парлямэнцкага, прэзыдэнта, у якога, хутчэй за ўсё, падобных ініцыятываў узьнікаць ня будзе. Пакуль Малдова стала толькі выключэньнем з агульна СНДоўскага правіла, невядома, ці стане яна прыкладам для іншых, пра што гаварыў спадар Д'якаў. Ён жа сам адзначае і асаблівасьці малдоўскай сытуацыі, якія дазволілі ператварыць краіну ў парлямэнцкую рэспубліку.

(Д'якаў: ) "Я мяркую, што гэта зьвязана з тым, што дзейнай Канстытуцыяй у Молдове быў усталяваны паўпрэзыдэнцкі рэжым. У парлямэнта былі даволі дакладныя паўнамоцтвы. У сувязі з гэтым партыі мелі даволі значную "вагу" ў грамадзка-палітычным жыцьці, яны бралі ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 1994 году, прэзыдэнцкіх выбарах 1996 году, парлямэнцкіх выбарах 1998 году, мясцовых выбарах летась. Таму, відаць, ў адрозьненьне ад іншых краінаў былога СССР у Молдове голас партыяў быў больш чутным. Да таго ж грамадзкая думка, грамадзкая сьвядомасьць былі настроеныя на захаваньне балянсу пры нэгатыўным стаўленьні да жорстага прэзыдэнцкага рэжыму. Нават у гэтых няпростых умовах, калі нам трэба прадэманстраваць, што парлямэнцкі рэжым – дзейны, нягледзячы на вялікі ціск з боку прэзыдэнцкай каманды, грамадзяне краіны ўхвалілі гэтыя зьмены".

Гаварыў старшыня парлямэнту Малдовы Думітру Д'якаў.

Дарэчы, сп-р Д'якаў – амаль наш зямляк: у 70-х гадох ён вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ, з Беларусі паходзіць і яго жонка. Але, як бачым, беларускі досьвед жыцьця не перашкодзіў яму "адсунуць" свайго, малдоўскага прэзыдэнта.

Як вынікае з яго расповяду, зьменам спрыяла шмат чыньнікаў: парлямэнт Малдовы і да летняга рашэньня меў досыць шырокія паўнамоцтвы, палітычныя партыі краіны, спрактыкаваныя ў шэрагу выбарчых кампаніяў, адыгрываюць важкую ролю ў грамадзкім жыцьці, урэшце, у малдоўскім грамадзстве безаглядная вера ў тамтэйшага "бацьку" была ня надта распаўсюджанай. Хаця пасьля перамогі заўсёды знаходзіцца шмат чыньнікаў, паводле якіх яна была непазьбежнаю.

Але вось досьвед больш блізкі Беларусі і геаграфічна, і палітычна – Украіна. Падчас красавіцкага рэфэрэндуму на Ўкраіне беларускія дзяржаўныя мэдыі голас зрывалі, распавядаючы людзям, як "сястра-Украіна" ідзе беларускім шляхам усталяваньня моцнай прэзыдэнцкай улады. Але ці так гэта было і ёсьць на самай справе? Нагадаем, на рэфэрэндум былі вынесеныя 4 пытаньні: пра дзьвюхпалатны парлямэнт, пра скарачэньне колькасьці дэпутатаў і пра абмежаваньне іх недатыкальнасьці, а таксама пра права прэзыдэнта распускаць парлямэнт у выпадку, калі ён на працягу месяца ня створыць большасьць, ці на працягу трох месяцаў ня прыме дзяржаўны бюджэт. Заўважым першае адрозненьне – гэта не зусім тое, што лукашэнкаўская Канстытуцыя, паводле якой кіраўнік дзяржавы можа проста не зьвяртаць на парлямэнт увагі. Пра больш істотныя адрозьненьні распавядае ўкраінскі палітоляг, галоўны радактар часопісу "Гэнэза" Сяргей Грабоўскі.

(Грабоўскі: ) "Падабенства з Расеяй і Беларусьсю палягае ў тым, што намінальна, калі вынікі рэфэрэндуму будуць уключаныя ў Канстытуцыю, то прэзыдэнцкая ўлада ўзмацніцца. З другога боку, навідавоку адрозьненьні – у нас сам парлямэнт павінен зацьвердзіць зьмены ў Канстытуцыю. У пэўнай ступені гэта ёсьць прыніжэньне для парлямэнту, што ён сам павінен прагаласаваць за зьмяншэньне сваіх паўнамоцтваў. З іншага боку, парлямэнт тэарэтычна можа не пагадзіцца з тымі прапановамі – паводле Канстытуцыі ён не абавязаны пагаджацца. Прэзыдэнт абяцаў, што калі парлямэнт адхіліць гэтыя зьмены Канстытуцыі, ён увядзе іх уласным указам. Я мяркую, што і парлямэнт не адхіліць, і прэзыдэнт не ўвядзе ўказам".

Гэта быў украінскі палітоляг Сяргей Грабоўскі.

Такім чынам, як бачым, украінскі рэфэрэндум ня стаў канчатковаю перамогаю прэзыдэнта, наадворот, хутчэй ён стварыў сытуацыю палітычнага "пату". Прычым, як тлумачыць Сяргей Грабоўскі, нават калі парлямэнт ухваліць вынікі рэфэрэндуму і ўнясе адпаведныя зьмены ў Канстытуцыю, сытуацыя ня будзе падобнаю да беларускай.

(Грабоўскі: ) "Адначасна рэальна павялічылася і залежнасьць прэзыдэнта ад парлямэнту. Добра – парлямэнт не зацьвердзіў дзяржаўны бюджэт. Прэзыдэнту трэба распускаць парлямэнт ці паказаць сваю бездапаможнасьць. Добра – створаная большасьць, але большасьць антыпрэзыдэнцкая. Прэзыдэнту распускаць парлямэнт? Ён ня мае права. Але гэта будзе канстуцыяваная антыпрэзыдэнцкая большасьць. Можна распусьціць парлямэнт, а дзе гарантыя, што наступны будзе лепшы? Наступны можа таксама галасаваць супраць прэзыдэнцкіх законапраектаў, і тады прэзыдэнт павінен ці ўсталёўваць сваю дыктатуру, адкрыта парушаць Канстытуцыю і разганяць любы парлямэнт, ці ён апынецца ў сытуацыі палітычнага блазна".

Гаварыў украінскі палітоляг Сяргей Грабоўскі.

У чым жа прычына? Няўжо дарадцы Леаніда Кучмы не прадугледзелі сытуыцыю палітычнага "пату"?

(Грабоўскі: ) "Гэта ня моцны прэзыдэнт узмацняе сваю ўладу пры дапамозе народный падтрымкі на рэфэрэндуме. Гэта пэўныя алігархічныя кляны, якія маюць вельмі істотны ўплыў на прэзыдэнта і вырашаюць усе за яго, – гэта яны ўзмацняюць сваю ўладу, у тым ліку і з разьлікам на наступныя прэзыдэнцкія выбары. Тут ёсьць ўзмацненьне залежнасьці і парлямэнту, і прэзыдэнцкай адміністрацыі ад алігархічных клянаў, якія дамінуюць у палітычным жыцьці Ўкраіны. Яны дамінуюць і ва ўплыве на прэзыдэнцкую адміністрацыю, і ў самім парлямэнце. Гэтае "ценевае палітбюро" і хацела б неабмежаванай прэзыдэнцкай улады. Але ж кожны бачыць сябе на пасадзе прэзыдэнта ці бачыць там свайго чалавека. І таму атрымліваецца парадаксальная сытуацыя: яны хочуць, але ня могуць, бо кожны канкурэнт абмяжоўвае канкурэнта. Пэўная аўтаномія парлямэнту, формальна, канстытуцыйна замацаваная, усё ж такі алігархам патрэбная".

Гэта быў галоўны рэдактар украінскага паліталягічнага часопісу "Гэнэза" Сяргей Грабоўскі.

Пра алігархаў сказана шмат дрэннага, але ж, як бачым, канкурэнцыя паміж алігархамі стварае пэўны балянс, служыць той "змазкаю", якая забясьпечвае пэўную стабільнасьць і не дае ўсталявацца дыктатуры. Будынак украінскай дэмакратыі стаіць на падмурку постраху кожнага алігарха, што неабмежаваная ўлада дастанецца яго канкурэнту. Падмурак, можа, ня надта прыгожы, затое моцны. Хаця з беларускага гледзішча, як кажуць, не да прыгажосьці. Больш за тое, падаецца, што сучасная ўкраінская пабудова палітычнага жыцьця – найлепшае з таго магчымага, што можа атрымаць Беларусь, калі пойдзе далей сваім даўгім шляхам ужо без Лукашэнкі.

XS
SM
MD
LG