Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская памяркоўнасьць - праклён ці паратунак?


Юры Дракахруст

Удзельнічаюць: эканаміст Міхась Залескі і палітоляг Юры Шаўцоў

(эфір 16.06.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

Слова гэтае цяжка дакладна перакласьці на іншыя мовы. Як гэта па-расейску будзе – "рассудительность"? Ня тое. Гэта, дарэчы, таксама паказьнік – калі нават у блізкае мове няма адпаведніку, значыць, у гэтым слове беларуская мова адлюстравала нешта ўнікальнае і толькі беларусам уласьцівае. Магчыма, бліжэй за ўсе да сэнсу гэтага паняцьця - талерантнасьць.

Існуе думка, што беларуская памяркоўнасьць – наагул міт расейскіх гісторыкаў, прыдуманы дзеля таго, каб апраўдаць падпарадкаванае і несамастойнае становішча беларусаў. Але ж, напрыклад, пра чачэнаў ці літоўцаў такіх "мітаў" не складалі і не складаюць. Да таго ж замежнікі з самых разных краінаў адзначаюць у беларусах менавіта гэтую рысу. Чужы погляд, не заўважаючы дэталяў, бачыць галоўнае, істотнае.

Адны выказваюць гэтаю якасьцю замілаваньне, з боку улады гэтае замілаваньне мае часам зусім карысьлівыя матывы, маўляў, езьдзіць на беларусах можна колькі заўгодна. Іншадумцы слынную памяркоўнасьць праклінаюць: колькі ж можа гэты народ цярпець і цешыцца прыслоўем: "Абы вайны не было".

Больш карысным усе ж падаецца ня ставіць адзнакі, а паспрабаваць вызначыць, чаму гэтая якасьць народу ўласьцівая і якую ролю яна ў грамадзтве выконвае.

Вось меркаваньне на гэты конт экспэрта Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Міхася Залескага.

(Залескі:) "Трэба паглядзець спачатку, што ёсьць памяркоўнасьць . Памножым эпітэты: рахманы, падатлівы, стрыманы, лагодны, дабраахвотлівы, дабразычлівы, талерантны, паблажлівы, а можа нават і пагардлівы. Гэтыя рэчы могуць у кепскі бок расьці і ператварацца са станоўчых у адмоўныя. Так яно і адбылося, і адбылося перш-наперш з-за няпэўнага стану нацыі. А гэты стан цягнецца даўно, можа, ад паразы паўстаньня 1831 году. І вось нацыя , якая зрабілася інкубатарам вайскоўцаў, вытворцаў зброі, існуе дагэтуль вакол сялянскае гаспадаркі. Тры чвэрці беларускіх семьяў у якасьці другой па значнасьці крыніцы прыбытку называюць свае дзялянкі: лецішчы, прысядзібныя пахаліны і гэтак далей. Калі прыватная гаспадарка застаецца сымбалем нормы, у гэтым сымбалі рэалізуецца ўсё асабістае, уся незалежнасьць чалавека і вакол яго будуецца ўся герархія каштоўнасьцяў. А калі гаспадарку з сабой не пацягнеш, то мусіш цярпець, і любога суседа, і дурня-начальніка, і вар'ята-ідэёляга - усіх мусіш цярпець. І робісься памяркоўным, пакуль не дапякуць".

Вось меркаваньне: памяркоўнасьць грунтуецца на сялянскіх каранях, на беларускім хутарскім індывідуалізме.

Швейцарскі філёзаф Карл Юнг назваў неяк нацыю вялікім сьляпым чарвяком, які паўзе, кіраваны лёсам. Але інстынкт самазахаваньня прымушае гэтую істоту знаходзіць часам дастаткова дасьціпныя рашэньні.

Магчыма, памяркоўнасьць – адказ на выклік, на зьнешнія пагрозы і ўнутраныя напружаньні. Ізноў гаворыць Міхась Залескі.

(Залескі): "Характар беларусаў, як і любой іншай нацыі – ён не такі просты. І побач са станоўчымі ці амбівалентнымі рысамі, якія могуць у розныя бакі хіляцца, ёсьць і адмоўныя рысы. Ёсьць ў беларускім характары рэчы адмоўныя: гэта помсьлівасьць, падазронасьць, скрытнасьць. І для таго, каб абмежаваць свае агрэсыўныя рысы, чалавек мусіць сябе стрымліваць. І памяркоўнасьць забясьпечвае стабільнасьць грамадзтва. Тое , што яно расплываецца не як паводка, якая ўсе зносіць, а такой ціхаю лужынаю. Дзеля памяркоўнасьці мы маем стабільнае грамадзтва пры вельмі моцнай помстлівасьці".

Наш суразмоўца ўжо зьвярнуў увагу на дваісты характар памяркоўнасьці: гэта ня толькі талеранцыя, але й ціск. Менавіта гэты другі аспэкт падкрэслівае дырэктар цэнтру праблемаў эўраінтэграцыі Эўрапэйскага гуманітарнага унівэрсытэту Юрый Шаўцоў. На ягоную думку, легендарная беларуская якасьць – спараджэньне ня вескі, а наадварот, гораду, прычым гораду савецкага.

(Шаўцоў:) «У нашай сытуацыі проста немагчыма разбурыць гэтую савецкую спадчыну, якая нам дасталася ў выглядзе арганізаванага грамадзтва. У сэрцы нашай сацыяльна-эканамічнай структуры – нашыя буйныя прадпрыемствы. Іх так шмат, яны такія спэцыфічныя і высокаканцэнтраваныя, што нацыя ня ў стане ад іх адмовіцца. І, зразумела, ня надта хоча гэтага. Але пакуль існуе гэтае "ядро", у нас будзе і культурнае "ядро" вельмі арганізаване. На заводзе, дзе ідзе буйны тэхналягічны працэс, дырэктар – гэта "царь, Бог и воинский начальник". І калі яго ня слухацца, тады ня будзе нічога. Зразумела, што любая культурная меншыня, якая трапляе у канвэерную вытворчасьць, яна павіньная падпарадкоўвацца гэтай тэхналягічнае дысцыпліне. Нашая ўся дзяржава – гэта і есьць адзін буйны завод. І таму любы чалавек надта творчы, ці калі ён надта акцэнтуе сваю культурную тоеснасьць, сваю адрознасьць ад бальшыні, ён трапляе ў сітуацыю, калі сістэма яго давіць. Але калі ён свае культурныя асаблівасьці не культывуе, дык тады яго ніхто кранаць ня стане".

Цалкам зь ягоным меркаваньнем цяжка пагадзіцца. Беларусы - не адзіная ў сьвеце прамысловая нацыя. А амаль без выключэньня менавіта тыя нацыі, што маюць буйную прамысловасьць і вызначаюцца высокай ступеньню сапраўднае цярпімасьці і палітычнае свабоды. Так што для таго, каб растлумачыць беларускую «нецярпімую талерантасьць», канвэераў МАЗу і МТЗ наўрад ці дастакова.

Але зьява вызначаная дакладна: беларуская памяркоўнасьць не такая ўжо і лагодная, межы дапушчальных ёю адрозненьняў – ня надта шырокія, яна - і патрабаваньне. «Будзь, як усе». Прычым, аб'ектам гэтага ціску робяцца і палякі, і сьвядомыя беларусы, і расейцы, што жывуць у Беларусі, усе тыя, хто патэнцыйна можа адхіліцца ад сярэдняе лініі.

Часам можна пачуць меркаваньне, што памяркоўнасьць уласьцівая толькі ўсходняй, праваслаўнай частцы грамадзтва, пры дапамозе якой гэтая большасьць падаўляе заходнюю каталіцкую меншасьць. Магчыма, такім быў гэнэзіс гэтага мэханізму, але не ягоны сучасны стан. Пра гэта сьведчыць высокая ступень аднароднасьці беларускага грамадзтва, тое, што, напрыклад, адрозненьні ў палітычных паводзінах паміж беларускімі Захадам і Ўсходам значна меншыя, чым ва Ўкраіне. Ціск памяркоўнасьці – ён ня зьнешні, а ўнутраны, ня толькі мне гавораць: «Будзь, як ўсе», я сам сабе гэта кажу.

Пацьвержаньні гэтаму можна знайсьці ў самых розных галінах беларускага жыцьця. Сацыялягічныя апытаньні фіксуюць даволі высокі ўзровень сацыяльнай напружанасьці ў краіне, тыя, хто незадаволеныя сучасным станам справаў, адчуваюць сябе дыскрымінаванымі, пазбаўленымі ўсялякіх шанцаў, прыціснутымі да сьценкі.

Паводле дадзеных апытаньняў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследваньняў, кожны чацьверты з тых, хто не давярае Лукашэнку, заяўляе пра гатоўнасьць удзельнічаць у страйках, а кожны сёмы – нават ва ўзброенай барацьбе.

Але чаму гэтае надзвычайнае напружаньне не знаходзіць сабе выхаду ў масавых народных зрушэньнях? Вядома, ёсьць страх перад рэпрэсіямі, але ці толькі ён? А можа, страх паступіць, не так, як прынята, стаць не такім, як ўсе.

Улада нярэдка называе апазыцыю радыкальнай, экстрэмісцкай, «крыважэрнай» і г.д. Але на самой справе ў Беларусі няма сапраўды экстрэмісцкіх палітычных сілаў, інакш кажучы, груповак, што сьвядома практыкуюць гвалт. Не пра тое размова, добра гэта ці дрэнна, зразумела, добра, але адсутнасьць такіх сілаў – ня вынік мудрае палітыкі ўладаў, а характарыстыка грамадзтва – вынік ціску, які не дае адхіляцца надта задалёка ад стандарту.

Асабліва жосткім робіцца гэты ціск, калі адрозныя паводзіны падаюцца як узор, да якога астатняе грамадзтва павіннае "дарасьці". Ізноў гаворыць экспэрт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследваньняў Міхась Залескі.

(Залескі): "Як толькі ў беларуса зьяўляецца падазрэньне, што нехта вышэйшы за яго – няма паноў, няма гаспадароў, няма начальнікаў. Розныя праявы элітарнасьці – яны выклікаюць найбольш адмоўную рэакцыю".

Прыклад з зусім іншай сфэры жыцьця – паказьнікі эміграцыі зь Беларусі. Нягледзячы на усе цяжкасьці, на сацыяльную напружанасьць, узровень гэты застаецца фэнамэнальна нізкім, паводле афіцыйных дадзеных – каля 10 тысячаў чалавек у год, адна дзесятая адсотка насельніцтва.

Спашлемся ізноў на сацыялягічныя апытаньні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследваньняў: амаль траціна апытаных адказала, што хацелі б пакінуць краіну. Тлумачэньняў гэтаму можна даць шмат, але і тут падаецца, што адзін з фактараў, які стрымлівае рашучасьць – ціск атачэньня, тое, што беларусу вырвацца са звыклага кола значна цяжэй, чым паляку ў Польшчы ці расейцу ў Расеі.

На думку Юрыя Шаўцова, менавіта гэтая асаблівасьць дае беларусам дадатковыя шанцы.

(Шаўцоў: ) "І нашае грамадзтва, калі яно захоувае ў сабе ўсю гэтую сістэму, спадчыну савецкую – гэта значыць, яно захоўвае ў сабе імкненьне да нейкіх пасіянарных учынкаў".

Хаця шляхам памяркоўнасьці беларускае грамадзтва забясьпечвае свае адзінства, цана гэтага падаецца вельмі высокай. Гэты механізм дзейнічае без разбору, створаны дзеля таго, каб блякаваць разбуральныя канфлікты, ён калі не блякуе, дык у значнай ступені стрымлівае наагул любыя сацыяльныя інавацыі. І той стан, у якім краіна апынулась зараз, страціўшы перавагі, якія мела пасьля набыцьця незалежнасьці – гэта ў значнай ступені вынік славутае беларускае якасьці.

З усяго сказанага не вынікае, што прыход Лукашэнкі стаў немінучым наступствам беларускае памяркоўнасьці і што менавіта ў ім яна знайшла сваё вышэйшае адлюстраваньне. Узяць тую ж эміграцыю, дык яна была выключна нізкай і ў першыя, «нацыяналістычныя» паводле выразу Лукашэнкі, гады незалежнасьці, Беларусь была адзінаю краінаю СНД, з якой у Расею на сталае жыхарства ад'язджала меньш людзей, чым з Расеі ў Беларусь. І палітычная барацьба мела тады дастаткова стрыманыя формы. Якасьці, што складаюць нацыянальны характар, не зьмяняюцца з прыходам чарговага ўладара.

Так, Лукашэнка здолеў скарыстаць асаблівасьці, уласьцівыя беларусам. Але з гэтага не вынікае, што іх нельга скарыстаць у іншых мэтах. Як адзначае Міхась Залескі, памяркоўнасьць – хаця, можа, і самая адметная, але ж не адзіная рыса нацыянальнага характару беларусаў.

(Залескі: ) " Памяркоўнасьць балянсуецца станоўчымі рысамі. Працавітасьцю, бо праца вымагае часам і канфліктаў. Сямейнасьцю, бо інтарэсы сям'і не заўседы дазваляюць цярпець усе, што заўгодна. Ну і вось цяга да індывідуалістычнае незалежнасьці - яна памяркоўнасьць часам сьцірае поўнасьцю".

Да таго ж тая ж памяркоўнасьць, дарэчы, і зараз не заўсёды дзейнічае на карысьць існуючага стану рэчаў, што вынікае зь яе дваістае прыроды – гэта мэханізм ня толькі нівеліяваньня адрозненьняў, але і пэўнае цярпімасьці да іх. Калі меньшасьць – рэлігійная ці палітычная - дэманструе моц і шматлікасьць, большасьць ня толькі мірыцца зь ёю , але і прызнае яе правы. У палітычным пляне гэта увасабляецца ў шырокую падтрымку ідэі перамоваў паміж уладаю і апазыцыяй, якую на працягу апошняга года фіксуюць усе сацыялягічныя апытаньні.

Прычым, тыя, хто выступае за перамовы, складаюць большасьць як сярод праціўнікаў Лукашэнкі, гэтак і сярод яго адданых прыхільнікаў. Нават яны, насуперак свайму куміру лічаць, што моцныя ў Беларусі павінныя дамаўляцца.

Ну і, нарэшце, што ў чалавека, што ў грамадзтва, часам хібы – працяг перавагаў.

Часам можна пачуць: каб беларусы былі чачэнамі. Чачэны сапраўды здолелі выйграць вайну ў якой-ніякой, але вялікай дзяржавы, падаецца, што і зараз пляны Расеі ў адносінах да Чачні церпяць правал. Але, выйграўшы вайну ў Расеі, чачэны пакуль ня здолелі выйграць мір у саміх сябе, пабудаваць дзяржаву, у якой паліцыя ловіць бандытаў, войска падпарадкоўваецца вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, цэнтральны банк друкуе грошы, а гарадзкія службы – рамантуюць брук.

Прычым, трагедыя ў тым, што чачэны ня здолелі выйграць мір па тых жа прычынах, па якіх выйгралі вайну. Сацыяльныя сыстэмы ваеннае дэмакратыі непераможныя, але амаль ня здатныя ператварыцца ў нармалёвую дзяржаву.

Беларусы, калі гаварыць без мэтафараў, сваю дзяржаву пабудаваць здолелі. Бязладную, дыктарскую і гэтак далей – але дзяржаву, сваю, якая асноўныя функцыі гэтага інстытуту ў дачыненьні да грамадзства выконвае. І ня малую ролю ў гэтым адыграла славутая памяркоўнасьць. Ну а тое, што будыніна атрымалася пакуль крыху нягеглая, дык гэта – не канчатковы прыпынак, а шлях.


Юры Дракахруст

XS
SM
MD
LG