Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖЫХАРЫ ВЁСКІ АСТРАВОК МАРАЦЬ ПРА ЛАЗЬНЮ


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, ці ўхваляеце вы цяперашнюю палітыку дзяржавы ў дачыненьні да малых вёсак? У прыватнасьці, да такіх, як ваш Астравок?”

(Крупнік: ) “А чорт іх ведае”.

(Тамашэвіч: ) “Калгасы перарабілі ў нейкія СК-арганізацыі. І больш нічога”.

(Кісель: ) “Людзей няма. З таго краю дык зусім пустуюць хаты зімою”.

(Карэспандэнт: ) “На вашу думку, арганізацыя сельскай гаспадаркі ў вёсцы на належным узроўні?”

(Спадар ) “Ніякай увагі няма ні ад старшыні сельсавету, ні ад калгасу. Палова вёскі пустуе. Адны старыя засталіся”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму моладзь не застаецца ў калгасах?”

(Крупнік: ) “Па-першае, жыльля тут не даюць, заробкаў своечасова ня плацяць. Ды мала зарабляюць. У зімовы час адна тысяча рублёў выходзіць на дзень. Трыццаць-сорак тысяч за месяц атрымае — а трэба ж жыць. Дзяцей у школу выправіць. Абуць, апрануць. Вось яно нічога і не атрымліваецца”.

(Астрэйка: ) “Я тут жыву”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць вам тут праца?”

(Астрэйка: ) “На цяперашні момант няма. Каб яшчэ не было сваёй гаспадаркі, дык наогул можна было бы рукі складваць”.

(Карэспандэнт: ) “Вам хапае на жыцьцё?

(Астравух: ) “Мы вось робім на фэрме, дык калі няма малака, дык нічога не заробіш”.

(Карэспандэнт: ) “Што трэба зрабіць у вёсцы, каб тут жылі людзі?”

(Раманоўская: ) “Трэба дапамагаць людзям. А то павыбіралі гэтых дэпутатаў, а яны нічога ня робяць. У мяне трое малых дзяцей. Сама я інвалід другой групы зь дзяцінства. Паеду за дапамогай, а мне кажуць — няма. А яшчэ пагражаюць, што выганяць з калгасу”.

(Спадар: ) “Вунь стаіць калгасная лазьня. Пісалі дэпутату, дэпутат даў указаньне, каб да 1 траўня лазьня была адрамантаваная. А калі прыехаў старшыня, дык ён сказаў: “А што мне дэпутат!”

(Карэспандэнт: ) “У вёсцы няма дзе памыцца?”

(Раманоўская: ) “Няма. Мы мыемся дома ў ночвах. Абмыемся, каб вошай не было”.

(Спадарыня: ) “Я ўжо пісала дэпутату, і калі ён ня дасьць адказу, то буду скардзіцца Лукашэнку”.

(Раманоўская: ) “Дзе які пэнсіянэр ці інвалід, дык ты не патрэбен грамадзтву. Жыўцом у магілу заганяюць”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму тут фэрмэраў няма?”

(Спадар: ) “А хто сюды пойдзе?”

(Астрэйка: ) “Як памруць пэнсіянэры, дык тут нікога ў гэтай вёсцы і не застанецца”.
XS
SM
MD
LG