Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДЗЯРЖЫНСКУ Ў ВЫНІКУ ПРАТЭСТАЎ ПАКАРАНЫЯ КІРАЎНІКІ ЖЫЛЬЛЁВА-КАМУНАЛЬНАЙ ГАСПАДАРКІ


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

Пра пакараньне адказных асобаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Дзяржынску было паведамлена ўвечары 20 траўня на сустрэчы кіраўнікоў райвыканкаму і ўдзельнікаў пратэсту. Распавядае сябра грамадзкай камісіі ў справе расьсьледаваньня прычынаў высокіх плацяжоў Тацяна Ваніна:

(Ваніна: ) “Было абвешчана, што зьнятыя са сваіх пасадаў начальнік ЖКГ Козел, галоўны эканаміст і цеплатэхнік. А галоўны бугальтар і галоўны эканаміст атрымалі вымовы. Зьнялі за тое, што яны павылічалі зь людзей грошы за адзін месяц. А не таму, што налічылі шмат”.

Дзейнасьць грамадзкай камісіі ўлады прызналі нямэтазгоднай. Між тым, паводле шараговых жыхароў Дзяржынску, улады неаб’ектыўна паставіліся да расьсьледаваньня. Гаворыць пэнсіянэрка Лідзія Французава:

(Французава: ) “Крыўдна, што налічэньне адбываецца нераўнамерна. Я жыву адна ў двухпакаёвай кватэры. Мне 77 год. Камусьці павялічваюць плацяжы на 100 адсоткаў, а каму — на тры ці пяць тысяч рублёў. Мне павялічылі на 100 адсоткаў. Трэба правяраць іх. Я лічу, што тут ёсьць і рука Менску. Таму што бязь ведама Менску яны б такога не зрабілі”.

Паводле спадарыні Ванінай, нягледзячы на ігнараваньне райвыканкамам грамадзкага расьсьледаваньня, людзі не прынялі рашэньня пра роспуск грамадзкай камісіі, а будуць працягваць дамагацца праўды:

(Ваніна: ) “У мяне такое ўражаньне, што гэта не магло адбывацца бязь ведама райвыканкаму, усе гэтыя налічэньні. Ёсьць такая інтуіцыя, што ўсе яны павязаныя. Нас проста не дапускаюць да гэтых папераў. З нашага боку прагучала ініцыятыва, каб была дадзеная магчымасьць папрацаваць нашай камісіі. Я думаю, мы будзем працаваць зь людзьмі, зьбярэм подпісы за тое, каб працавала камісія”.
XS
SM
MD
LG