Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯЦЕЙ ПЕРАСЯЛЕНЦАЎ З ЗАРАЖАНЫХ ВЁСАК НА АЗДАРАЎЛЕНЬНЕ НЯ ВОЗЬМУЦЬ


Казімер Яноўскі, Веткаўскі раён

У беларускую вёску Няглюбка перасяленцы з краінаў СНД сталі прыяжджаць у 1990-я гады. Пасьля Чарнобылю многія мясцовыя жыхары выехалі зь вёскі ў чыстыя раёны. Апусьцелыя хаты дырэкцыя саўгасу “Дружба” стала аддаваць перасяленцам з Расеі, Казахстану, Таджыкістану ды іншых рэспублік былога Саюзу.

Цяпер перасяленцы складаюць асноўную рабочую сілу ў сельгаспрадпрыемстве. Аднак з прычыны адсутнасьці прапіскі і беларускага грамадзянства ў бацькоў, дзеці перасяленцаў ня могуць выехаць на аздараўленьне са сваімі няглюбскімі аднагодкамі.

Гавораць дзеці перасяленцаў:

(Дзяўчынка: ) “Я ў санаторый ня еду, бо няма яшчэ прапіскі”.

(Хлопчык: ) “Я не прапісаны, мне нельга ехаць. Хацеў бы разам з усімі паехаць у санаторый”.

Трынаццацігадовы Ігар Яцкоў, які з маці прыехаў з Казахстану, на летніх канікулах мяркуе ня адпачываць, а зарабляць грошы.

(Яцкоў: ) “Буду летам зарабляць. Можна кароў альбо цялят пасьвіць у саўгасе, а можна і дапамагаць каму-небудзь”.

Сакратарка сельскага Савету Надзея Грынькова сьцьвярджае, што многія перасяленцы самі ня надта рупяцца сабраць неабходныя даведкі і атрымаць прапіску. Сярод такіх названа была і перасяленка з Казахстану Галіна Пермалотава, даярка, маці чацьвярых дзяцей.

(Пермалотава: ) “Цяжкавата прапісацца. У каго, можа, хапае сродкаў, той прапісваецца. У мяне ня хапае. За ўсе даведкі, што зьбіраеш, трэба плаціць. І каб здаць дакумэнты, таксама трэба заплаціць. Даведка на СНІД наагул 10 даляраў каштуе, і яна толькі на адзін месяц сапраўдная. Па даведку трэба ехаць у Гомель. І мінімалку трэба плаціць. У мяне не атрымліваецца, ў мяне чацьвера дзяцей. Трэба іх пракарміць, адзець, абуць. Усё дарагое. Калі прадукты ўзяла, месяц ужо лічы заробку няма”.

У Галіны Пермалотавай трое школьнікаў. На летнік канікулах яны таксама ня паедуць на аздараўленьне.

(Пермалотава: ) “Без прапіскі тут на адпачынак не бяруць. Едуць толькі тыя, хто прапісаны. Мы плацім прафсаюзныя складкі. А чым карыстаемся? Толькі тым, што дзецям раз на год нейкія падаруначкі дадуць. Калі мы тут жывем і працуем, то дзеці маглі б хоць раз паехаць на якое аздараўленьне. Па-мойму, ня было б вялікіх стратаў”.
XS
SM
MD
LG