Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ШКЛОЎШЧЫНЕ БУДУЮЦЬ “ПАЦЁМКІНСКІЯ” ПЛАТЫ


Марыя Ўсьціновіч, Шклоўскі раён

Сёньня ў вёсцы Заходы Шклоўскага раёну будуюць новыя платы. Дзеля гэтага з раённага цэнтру прыехалі супрацоўнікі камунальнай гаспадаркі.

(Спадар: ) “Сёньня ІТР камунгасу аб’явілі суботнік для ўсталяваньня платоў. На працягу месяца перад прыездам Лукашэнкі ў Шклоўскім раёне трэба ўсталяваць больш за 5.5 кілямэтраў плоту”.

Уздоўж шашы, якая зьвязвае Магілёў, вёску Княжыцы і Шклоў, зрабілі аднолькавыя прыгожыя платы яшчэ летась, а сёлета менавіта ў вёсцы Заходы праводзяць добраўпарадкаваньне вясковых вуліцаў і калгасных пабудоў.

(Спадар: ) “Відаць, чакаецца прыезд прэзыдэнта менавіта ў гэты адзін з лепшых калгасаў нашага раёну, таму мы будуем платы”.

Гэты ўдзельнік сёньняшняй працоўнай суботы, які пажадаў застацца невядомым, наступным чынам разумее сэнс аўральнага добраўпарадкаваньня.

(Спадар: ) “Мы будуем “пацёмкінскія” вёскі, агароджваем дамы і фэрмы, каб хаця б стварыць выгляд дабрабыту”.

Мужчына распавёў, што за апошнія паўтары месяцы чацьвёртым разам выходзіць на бясплатную працу. Аднак адмовіцца, як і іншыя, ня можа, бо ня хоча мець непрыемнасьцяў.

(Спадар: ) “Мы адчуваем сябе быдлам, іншымі словамі – нас ніхто не пытаецца, нас проста гоняць на працу ў наш законны выходны дзень”.

Разам з тым размаўляць з журналістам наконт суботніка і агароджаў пераважная большасьць шклоўцаў, якія выйшлі на працу, асьцерагаецца.

(Спадар: ) “Ёсьць начальства на гэта. Далі ўказаньне – мы паехалі, вось і ўсё. Ясна?”

Вяскоўцы задаволеныя добраўпарадкаваньнем, хаця выдатна разумеюць, да чаго яно прымеркаванае, і таму пытаньні пра новыя платы імкнуцца абыходзіць.

(Спадар: ) “Культурай займаемся, каб усё прыгожаньнка было, культурна, і ўсё, паехалі, дзеўкі”.

У суседняй з Заходамі вёсцы Лакуці платы зрабілі год таму, аднак толькі абапал шашы. Сёлета добраўпарадкаваньнем тут не займаюцца, і вось што пра гэта кажуць мясцовыя жыхаркі.

(Спадарыня: ) “Гэта добра, калі б гэта ва ўсёй вёсцы было, а не толькі на праежджай частцы”.

(Спадарыня: ) “Там будзе ехаць міністар, прэзыдэнт, вось таму там і ставяць. А тут хто будзе ехаць, хто будзе прыяжджаць? Нікога ж нідзе няма. Хто паедзе ў гэтую глухмень?”

Людзі гавораць, што паводле новых платоў уздоўж дарог можна скласьці прыкладны маршрут, дзе апошнім часам пабывалі зь візытам кіраўнікі вобласьці ці дзяржавы. Таму іх і называюць “пацёмкінскімі платамі”.
XS
SM
MD
LG