Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У САЛІГОРСКУ СУД АПРАЎДАЎ АКТЫВІСТАЎ АГП


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

Судзьдзя Салігорскага гарадзкога суду Аксана Каляда апраўдала пяцёх сяброў салігорскай філіі АГП: Ларысу Алешку, Марыю Воўчак, Аляксея Прыходзьку, Яўгена Валодзьку і Зьмітра Ларыёнава. Як вынікае з судовага рашэньня, акцыя “Хочам ведаць праўду”, у часе якой 7 траўня актывісты АГП трымалі партрэты Юрыя Захаранкі ды іншых зьніклых, прайшла ў Салігорску без парушэння дзейнага заканадаўства. Паводле ўдзельнікаў працэсу, які распачаўся 12 траўня, салігорскі суд вагаўся з такім рашэньнем. Гаворыць Зьміцер Ларыёнаў:

(Ларыёнаў: ) “Відаць, суд ня ведаў, як з намі паступіць. Увесь працэс зводзіўся да аднаго — імкнуліся нам інкрымінаваць, каб падвесьці пад артыкул Адміністрацыыйнага кодэксу. А мы казалі, што ніхто нас не арганізоўваў, што такая акцыя праводзіцца ў Беларусі ўжо ня першы год. І нас апраўдалі”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму было вынесенае менавіта такое рашэньне?”

(Стэльмак: ) “Бо так сказалі ў Менску. Бо ў нас жа ўсе суды незалежныя толькі на паперы. Насамрэч, тут дзейнічае камандная сыстэма. Як скажуць, так і зробяць. Сказалі бы пакараць, нас бы пакаралі. Не — дык не. Гэта залежыць ад “вярхоў”.

Старшыня Менскай абласной арганізацыі АГП Марына Багдановіч, якая брала ўдзел у судовым працэсе ў якасьці грамадзкай абаронцы, таксама лічыць, што рашэньне было прынятае ў Менску:

(Багдановіч: ) “Дакладна, што судзьдзя і людзі, якія прымалі гэтае рашэньне, зьвязваліся зь Менскам. Таму што калі людзі стаяць з партрэтам Лукашэнкі й кажуць: “Мы хочам ведаць праўду пра гэтага чалавека”, то ніхто не падыдзе і не затрымае. А калі мы стаім з партрэтам Захаранкі, міліцыянты нас затрымліваюць. Вось гэта тое, што дало ім зразумець: тое, што яны робяць — сьмешна”.
XS
SM
MD
LG