Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СВАСТЫКУ НА ПОМНІКУ ЎЛАДЗІМЕРУ КАРАТКЕВІЧУ НАРЭШЦЕ ЗАФАРБАВАЛІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Тое, што свастыку з помніка Караткевічу дагэтуль не прыбралі, усхвалявала віцяблянаў нават болей, чым ейнае зьяўленьне. Пасьля рэпартажаў па тэлевізіі ды фотаздымкаў у мясцовых газэтах наведнікаў каля гэтага помніка значна пабольшала: паглядзець, што нарабілі тут невядомыя вандалы ды выказаць сваё абурэньне абыякавасьцю гарадзкіх ўладаў прыйшлі сёньня дзясяткі людзей, некаторыя зь дзецьмі.

(Спадар: ) “Гістарычнае месца — і ў такім неахайным выглядзе! А побач, між іншым, дамы нашае віцебскае эліты. Так што, я думаю, што гэта не чужыя падлеткі тут нарабілі, а з гэтых самых элітных дамоў! Зброд розны зьбіраецца, а ўладам да гэтага справы няма!”

(Спадар: ) “У нас жа ёсьць камунальныя службы, якія мусілі тут усё прыбраць. Дык не! І ўсё ў нас у дзяржаве абы-як!”

(Спадар: ) “Народныя дружыны трэба адраджаць! Толькі сам народ мусіць сачыць за парадкам, наша міліцыя ўсё адно нічога ня робіць!”

Людзі доўга спрачаліся пра тое, што рабіць, ды хто вінаваты, і толькі адзін чалавек здагадаўся прынесьці растваральнік ды фарбу, каб нарэшце прывесьці помнік Уладзімеру Караткевічу ў належны выгляд. Як высьветлілася, аднагодак славутага пісьменьніка Леанід Дзенісевіч працуе навучальным майстрам у Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце, адзін з будынкаў якога месьціцца побач. Свастыку ды брыдкія словы, якія ўжо не паддаваліся растваральніку, спадар Дзенісевіч вырашыў зафарбаваць карычневай фарбай, якраз пад колер гранітнага пастамэнту. І зрабіў не на загад якога начальства, а з уласнае ініцыятывы.

(Дзенісевіч: ) “Ну, канечне! Гэта ж ужо няёмка так! Нейкія абібокі, якім рабіць няма чаго, прыйшлі, напаскудзілі. Штовечар, мусіць, тут зьбіраюцца, з бутэлькай. А потым во й робяць абы-што! Можа, тут і палітыкі ніякае няма, проста хуліганы гэтыя нарабілі!”

Даведаўшыся, што знайшоўся чалавек, які добраахвотна прыбірае помнік, вакол пачалі зьбірацца мясцовыя журналісты. Да іх выйшаў і дэкан школьнага факультэту ВДУ Анатоль Мурашкін, які датуль назіраў за падзеямі з акна свайго кабінэту. Спадар Мурашкін сказаў, што якраз сёньня правёў сход са сваімі студэнтамі ды прапанаваў наладзіць дзяжурствы каля гэтага помніка, каб сачыць за парадкам. І што першы “працоўны дэсант” ужо адбыўся: студэнты расставілі па сваіх месцах перакуленыя садовыя лаўкі.

Пакуль ішла гаворка, Леанід Дзенісевіч справіўся са сваёй працай, яна адняла ў яго ўсяго хвілінаў сорак. Тым часам як галоўны спэцыяліст гарадзкога аддзелу культуры Яўген Клемянцёнак дагэтуль чакае, што помнік прывядуць у належны выгляд камунальныя службы, якія атрымалі ягонае даручэньне яшчэ тры дні таму. Так ён сказаў па тэлефоне, бо з таго часу каля помніка ня быў.
XS
SM
MD
LG