Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЗАРАЖАНЫЯ РАДЫЯЦЫЯЙ ТЭРЫТОРЫІ ВЫКАРЫСТОЎВАЮЦЬ ДЛЯ ВЫПАСУ ЖЫВЁЛЫ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Вялікі статак жывёлы я напаткаў на мяжы Буда-Кашалёўскага і Чачэрскага раёнаў, паміж выселенымі пасьля Чарнобылю вёскамі Харошаўка і Халочча.

Ля рэчкі Прудоўка змайстраваны адмысловы загон для амаль трохсот цялушак.

Самі пастухі днююць і начуюць у мэталічнай будцы на колах, прыцягнутай сюды трактарам з саўгасу “Камінтэрн”.

Знаёмлюся з пастухамі.

(Пастух: ) “Туманскі Пётр Андрэевіч. Нас пакуль трое пастухоў. Тыдзень прывучаем жывёлу. Потым будзем пасьвіць удваіх. Наша задача накарміць цялушак, каб прывага была”.

(Карэспандэнт: ) “Тут жа землі заражаныя радыяцыяй!”

(Туманскі: ) “Ведаем, што радыяцыя ёсьць. А куды ж цялушак дзяваць? На месяц мы ж іх ня адправім. Ну так? (Сьмяецца).

(Карэспандэнт: ) “А хто вам загадаў сюды прыгнаць?”

(Туманскі: ) “Наша начальства – дырэктар Шаўчук Сяргей Раманавіч і заатэхнік”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вашы начальнікі казалі, што тут ёсьць радыяцыя?”

(Туманскі: ) “Ёсьць, яны добра ведаюць”.

Другі даглядчык жывёлы распавёў пра абставіны перагону статку ў заражаную зону.

(Пастух: ) “Марчанка Сяргей. Перагналі жывёлу сюды 29 красавіка. Нам сказалі сюды, тут трава, паша добрая. Дырэктар казаў нават, калі прывага 500 грамаў за суткі будзе, дык і заробак будзе”.

(Карэспандэнт: ) “А як гэта месца называецца?”

(Марчанка:) “Халочча. Людзей выселілі, а вёску закапалі”.

(Карэспандэнт: ) “Не баіцеся, што тут радыяцыя?”

(Марчанка:) “Ёсьць такое, баімося, канечне. Ну дык жа заставілі нас сюды прыгнаць”.

Пастухі распавялі таксама, што ў гэтым месцы іхні саўгас “Камінтэрн” летась нарыхтаваў шмат сіласу. Для захаваньня яго скарыстаны былі ямы ў выселенай вёсцы Харошаўка. Узімку сілас вазілі адсюль на фэрмы.

Цікаўлюся ў пастухоў, ці ёсьць ім нейкія даплаты за працу ў заражанай зоне?

(Туманскі: ) “Нам нічога ня плацяць. Раней плацілі за радыяцыю, а цяпер адмянілі. Кажуць, няма радыяцыі”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, вам даплачвае свой саўгас?”

(Туманскі: ) “Нічога не даплачвае. Гэта зусім нікуды ня годна. Несправядліва”.

У адміністрацыі зон адчужэньня мне паведамілі, што ня маюць пакуль сёлета зьвестак пра выкарыстаньне сельгаспрадпрыемствамі заражаных тэрыторыяў.
XS
SM
MD
LG