Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦАРКВУ Ў СЛАБАДЗЕ ЗЬНІШЧЫЛІ, КАБ НЕ ПСАВАЛА ВІД З КУРГАНУ СЛАВЫ


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

Днямі я наведаў мясьціны, непадалёк ад Кургана Славы. Я нагадаю, ён месьціцца на 21-м кілямэтры шашы Менск – Масква, на тэрыторыі Смалявіцкага раёну.

З 70-мэтровай вышыні штучна насыпанага Кургана добра відаць ваколіцы, прыгожыя краявіды навакольля. Тут жа непадалёк месьціцца “прыкурганная” вёска Слабада. Усяго ў 1-2 кілямэтрах ад Кургана Славы знаходзяцца слабадзкія могілкі.

Дык вось, у савецкай гісторыі пра ўзьвядзеньне гэтага ўсесаюзнага помніка няма ні слова пра тое, што колісь тут, на гэтых могілках, стаяла царква. Гэта быў праваслаўны храм, які ў свой час зьбіраў на набажэнствы шмат мясцовага люду.

Паводле расповедаў жыхароў Слабады, калі ўзьнікла задума ўзьвесьці Курган Славы, сюды панаехала шмат высокага тагачаснага начальства. І тут камуністычныя дзеячы ўгледзелі царкву. Гэтае начальства, відавочна, не магло дапусьціць і думкі, каб наведнікі, сярод якіх найперш высокапастаўленыя камуністычныя кіраўнікі, маглі б спакойна ўспрыняць перад сваімі вачыма рэлігійнае будынак. Такім чынам было прынятае рашэньне зьнішчыць царкву, каб яна гэтым наведнікам не мазоліла вочы. Але такі вандалізм камуністычных уладаў не прайшоў бясьсьледна. Вось што пра гэта мне распавялі цяперашнія жыхары Слабады:

(Спадар: ) “Раней царква была там на могілках. Была самы высокі пункт. Яе зьнесьлі”.

(Спадарыня: ) “Зьнесьлі, калі пачалі будаваць Курган Славы”.

(Спадар: ) “Так, тады. Калі пачалі будаваць аб’яздную дарогу”.

(Спадарыня: ) “І вось кажуць, што усе тыя людзі, што разьбіралі царкву, памерлі. Загінулі. Той хто здымаў звон, разьбіўся. Бабуля Вера так мне распавядала. І іконы былі – раздалі па цэрквах. Цяпер наш сьвятар добры”.

(Спадар: ) “Цяпер тут вырашылі наноў царкву будаваць”.

Царкву ў Слабадзе вырашылі аднавіць. Ці дапамагаюць у гэтым улады, якія цяпер аднаўляюць Курган Славы? Паводле апошніх зьвестак Фэдэрацыі прафсаюзаў, кіраўнік якой Леанід Козік узначальвае адмысловы штаб у пытаньнях рэканструкцыі Кургана Славы, на яго аднаўленьне паступаюць вялізныя сумы грошай. На працах таксама задзейнічаны значныя людзкія рэсурсы. Тут працуюць вайскоўцы, ладзяцца суботнікі.

А літаральна ў нейкім кілямэтры ад Кургана стаіць крыж, каля якога – фундамэнт праваслаўнага храма. Гэты храм будуецца ўжо тры гады, але праца ідзе вельмі марудна. Рэч у тым, што ў асноўным будаўніцтва вядзецца за кошт ахвяраваньняў мясцовых жыхароў. А паколькі вяскоўцы, як вядома, досыць бедныя, то і іхныя ахвяраваньні мізэрныя. Што тычыцца дапамогі храму з боку тых, хто аднаўляе Курган, то пра гэта, паводле мясцовых жыхароў, няма чаго і думаць.

Цяперашнія ўлады, як лічаць слабадчане, спадкаемцы тагачасных савецкіх уладаў, а таму ня можа быць і гаворкі пра прызнаньне імі памылак савецкіх кіраўнікоў. Тым больш пры ўзьвядзеньні Кургана Славы. Таму на пытаньне, калі ў гэтай вёсцы зьявіцца адноўленая царква, – адказаць цяжка. Варта, аднак, зьвярнуць увагу на адну акалічнасьць. Паводле словаў мясцовага сьвятара айца Генадзя, дагэтуль час ад часу даюць знаць пра сябе наступствы вандалізму:

(Айцец Генадзь: ) “Старажылы нашай вёскі распавядаюць, але й я сам пражыў у гэтай вёсцы сем гадоў і пераканаўся ў гэтым. У нас тут мінулыя гады была засуха і не было дажджу. Хаця наўкола паўсюль ішоў дождж. Ідзе хмара з-за лесу, але над Слабадой разыходзіцца, а за слабадой зноў сходзіцца. Тут ні кроплі дажджу, а Дамашаны, Гарадзішча тонуць у вадзе. І старажылы кажуць, што ведаюць, за што. Таму што ў 1965 годзе быў разбураны храм. А храм быў у гонар Пакровы Божай маці. Народ пазбавіў сябе пакрову Божай Маці”.

Гэта быў айцец Генадзь, сьвятар з вёскі Слабада Смалявіцкага раёну.
XS
SM
MD
LG