Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАРШРУТНІКІ МАГІЛЁВА І БАБРУЙСКУ ДАМАГЛІСЯ АД УЛАДЫ САСТУПАК І АДНАВІЛІ ПРАЦУ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Два дні ў Магілёве і Бабруйску не працавала пераважная колькасьць маршрутных таксовак. Акцыя пратэсту кіроўцаў і ўладальнікаў маршрутак адбілася на жыцьці гарадоў, і іх жыхары выказвалі незадаволенасьць тым, як працуе грамадзкі транспарт без прыватнікаў.

(Спадарыня: ) “Няхай улада дае больш аўтобусаў для таго, каб людзі не душыліся ў машынах, а маршруткі, канечне, вельмі і вельмі ратавалі горад”.

(Спадарыня: ) “Таму што транспарт ходзіць дрэнна, і многія людзі могуць карыстацца маршруткамі”.

(Спадар: ) “Вы ж бачыце, якія аўтобусы дабітыя, парк дабіты. Маршруткі дапамагаюць людзям перасоўвацца ў горадзе”.

Маршрутнікі сёньня дамагліся ад уладаў саступак. У Магілёўскім аблвыканкаме ўрэшце паабяцалі ініцыяваць у рэспубліканскіх органах перагляд новай мыты для транспарту камэрсантаў, які быў набыты ў апошнія два гады, яшчэ да ўвядзеньня новага правіла. А што датычыцца касавых апаратаў, то маршрутнікі пакуль могуць працаваць безь іх да 1 ліпеня, і верагодна, што па часе на гэты конт зьявяцца дакладныя нарматыўныя дакумэнты.

Страйкоўцы ня вельмі задаволеныя вынікамі перамоваў з уладамі, аднак лічаць, што выйшлі на публічную акцыю пратэсту не дарма:

(Спадар: ) “Мала, канечне. Хочацца, каб увогуле адчапіліся ад нас”.

(Спадар: ) “Нам стабільнасьць патрэбная!”

(Спадар: ) “Трэба часьцей вось так выходзіць — разам усім. Упірацца рогам, дый усё!”

Многія з удзельнікаў акцыі пратэсту мяркуюць, што чыноўнікі пайшлі на кампраміс у сувязі з заўтрашнім візытам у Магілёў Аляксандра Лукашэнкі.

(Спадар: ) “На сёньняшні дзень саступкі — гэта проста згладжваньне вуглоў. Заўтра прыяжджае, як сказана, высокапапастўлены госьць у горад Магілёў — і каму хочацца бачыць гэты натоўп на гэтай “чырвонай плошчы”? Нікому ня хочацца”.

Маршрутнікі Магілёва і Бабруйску сёньня ў другой палове дня вярнуліся да працы. Аднак пасьля двух дзён страйкаваньня на цэнтральнай плошчы перад домам саветаў удзельнікі акцыі пратэсту зрабілі свае высновы наконт уладаў:

(Спадар: ) “Тым, хто мае ўладу, трэба апусьціцца і прыслухацца да працоўнага люду”.

(Спадар: ) “Улада тады будзе нас чуць, калі яна будзе выбірацца зьнізу, а не прызначацца зьверху”.
XS
SM
MD
LG