Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПРАВЯЛІ НЕСАНКЦЫЯНАВАНЫ СХОД


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Учора ўлады абнародавалі прэзыдэнцкі ўказ, паводле якога тэрмін атрыманьня ліцэнзіяў прадпрымальнікамі працягнуты да канца году. Аднак у падатковай службе іх папярэдзілі, што ўсіх, хто безь ліцэнзіі, усё адно будуць штрафаваць.

(Спадар: ) “У інспэкцыі нам зноў сказалі, што безь ліцэнзіяў гандляваць нельга. Але тут гавораць, што можна. Невядома што ў нас робіцца”.

(Спадарыня: ) “Аб тым, што ня маем права гандляваць безь ліцэнзіі — мы даем падпіску. Так нам сказалі”.

Чыноўнікі пераконвалі, што падатковыя інспэктары могуць нічога ня ведаць, таму трэба зьвяртацца напрасткі да начальніка інспэкцыі. Людзей якраз абурае такая няўзгодненасьць:

(Спадар: ) “Большая частка людзей падаткаў сваіх не заплаціла, але паводле заканадаўства апошнім днём аплаты падатку зьяўляецца 28-га папярэдняга месяца. І ў сувязі з тым людзі ня ведаюць, што рабіць: ісьці плаціць цяпер, як запрашаюць улады? Гэта аўтаматычна выклікае штрафныя санкцыі ў памеры ста даляраў. Таму народ стаіць і ня ведае, што рабіць”.

Прадстаўнікі гарвыканкаму сказалі літаральна так: сёньня і заўтра — два дні вас штрафаваць ня будуць, ідзіце і плаціце свой падатак. Але ў прадпрымальнікаў застаўся пэўны недавер да гэтых абяцанак.

Нагадаю, што вялікая частка гандляроў ня мае ліцэнзіяў, наяўнасьць якіх была абавязковай з траўня. Таму яны ня сталі плаціць падатку за травень. Аднак першатравеньскія пратэсты прымусілі ўлады працягнуць тэрмін афармленьня ліцэнзіяў да канца году.
XS
SM
MD
LG