Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВІЦЕБСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПРАВЯЛІ АКЦЫЮ “ПАХАВАНЬНЕ ПРЫВАТНАГА БІЗНЭСУ”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Акцыю “Пахаваньне прыватнага бізнэсу” спачатку меркавалася правесьці як сапраўдныя хаўтуры. Таму на плошчу Леніна, дзе а 10-й раніцы пачалі зьбірацца віцебскія прадпрымальнікі, была нават запрошаная адмысловая хаўтурная аркестра з адпаведным рэпэртуарам. Аднак зайграць вядомы твор Шапэна музыкам забаранілі міліцыянты, якіх таксама сабралася на плошчы нямала, а ў прылеглыя двары падагналі нават некалькі аўтобусаў з АМОНам.

Каб сарваць акцыю канчаткова, на пад’езьдзе да плошчы супрацоўнікі міліцыі затрымалі некалькі прыватных машынаў, што везьлі сымбалічную труну з надпісам “Мы хаваем прыватны бізнэс” і транспаранты, зь якімі меркавалася прайсьці па горадзе. З прапановаю разысьціся да прысутных зьвярнуўся сам намесьнік начальніка абласное ўправы міліцыі Міхаіл Лукша, аднак людзі нават ня сталі яго слухаць.

Неўзабаве калёна зь некалькіх соцень чалавек накіравалася на пляц Волі, дзе да прадпрымальнікаў далучыліся партыйцы зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” і Партыі камуністаў беларускай. Аўтобусы з АМОНам ды міліцэйскія машыны рушылі за імі. Дарэчы, удзельнікі акцыі ды міліцыянты сталіся адзінымі наведнікамі афіцыйнага сьвята, якое зладзілі да 1 траўня на пляцы Волі гарадзкія ўлады. Няйначай, віцябляне палічылі за лепшае адзначыць сьвята працы на ўласных лецішчах.

У гандляроў паветранымі балёнікамі, якія разьлічвалі, што на плошчы ў гэты дзень будзе шмат дзяцей, прадпрымальнікі набылі тое, што наўрад ці карысталася бы попытам у іншых варунках: чорныя балёнікі з выявамі чарапоў ды касьцей. І менавіта яны сталі сымбалем пахаваньня прыватнага бізнэсу ў Віцебску. Паколькі забароны на чорныя балёнікі не існуе, міліцыянтам давялося толькі назіраць, як над плошчай большае і большае змрочная хмара. Аднак, паводле словаў прадпрымальніка Анатоля Шапавалава, насамрэч хаваць прыватны бізнэс у Віцебску яшчэ рана:

(Шапавалаў: ) “Сёньня ў нас жалоба, але мы здавацца не зьбіраемся. Жыве Беларусь!”

Пры канцы імправізаванага мітынгу, у часе якога прадпрымальнікі гаварылі пра свае праблемы, чорныя балёнікі ўзьляцелі ў неба.
XS
SM
MD
LG