Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШКОЛЬНІКІ ПАВІННЫ ГАДАВАЦЬ СЬВІНЕЙ?


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

Прычым, як мне патлумачылі ў аблвыканкаме, гэтае рашэньне ўзятае “губэрнатарам” Менскай вобласьці Мікалаем Дамашкевічам пад асабісты кантроль. І ня проста ўзятае – ужо і сплянаваныя, так бы мовіць, эканамічныя парамэтры новай галіны.

У школах Менскай вобласьці павінна гадавацца тысяча чатырыста сьвіней. Гэтая лічба была падзелена на 22 раёны вобласьці і ў дырэктыўным парадку да кожнага зь іх быў даведзены плян па гадоўлі сьвіней.

Узьнікае пытаньне: навошта школам сьвіньні? Як патлумачыў мне адзін з кіраўнікоў упраўленьня адукацыі Менскага аблвыканкаму Мікалай Кулеш, сьвінагадоўчая галіна мае на мэце дапамогу ў вырашэньні праблемы школьнага харчаваньня дзяцей Менскай вобласьці. Інакш кажучы, сьвіное сала і мяса пойдзе на харчаваньне саміх вучняў.

Паводле спадара Кулеша, гэтая ідэя запазычаная з савецкага досьведу. Калі некаторыя школы, а найперш школы-інтэрнаты для дзяцей-сіротаў, трымалі прышкольную гаспадарку, у якой сярод іншых жывёлаў гадаваліся і сьвіньні.

Гаворыць начальнік аддзелу адукацыі Пухавіцкага раёну Іосіф Кучко:

(Кучко: ) “Мы закупляем 90 парасят. Ну і будзем вырошчваць іх. Камбікорм просім – КХП нам пазычыць”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе вы грошы возьмеце на парасят?”

(Кучко: ) “А я пазычу з бюджэту”.

(Карэспандэнт: ) “А хто будзе гадаваць гэтых сьвіней?”

(Кучко: ) “Гэта вельмі складанае пытаньне. Тут мы яшчэ вывучаем. Я хацеў дзяцей далучыць да гэтага, але зараз хачу зрабіць адну фэрму”.

(Карэспандэнт: ) “Дык вы ня будзеце ствараць фэрмы ў школах?”

(Кучко: ) “Не. Там няма дзе. Вось якая бяда. У школах, там дзе ёсьць памяшканьні, мы зьмяшчаем туды паліва. Будаваць жа хлявушок для адной сьвінні – эканамічна немэтазгодна. Таму цяжкасьцяў вельмі шмат”.

Як вынікае са словаў спадара Кучко, у Пухавіцкім раёне дырэктыва абласнога начальства будзе выкананая. Няўжо так паўсюдна? Ці ўхваляюць гэтую ініцыятыву шпраговыя настаўнікі?

Якраз гэтымі днямі ў большасьці раёнаў Меншчыны ўлады і і найперш органы адукацыі вырашаюць, што рабіць. Як яны адрэагаваць на ўстаноўку аблывыканкаму? Хацеў бы паведаміць пра лёс сьвінагадоўчай ініцыятывы ў Маладэчанскім раёне. Тут на мясцовыя школы быў ускладзены плян у 75 сьвіней. Гаворыць кіраўнік аддзелу адукацыі Маладэчанскага раёну Вацлаў Рушлевіч:

(Рушлевіч: ) “Было рашэньне райвыканкаму–вызваліць ад вырошчваньня сьвіней. Сказалі, што гэта ня справа для школаў. Начальства сказала, што трэба вучыць і выхоўваць дзяцей, а не займацца сьвінагадоўляй. На ўзроўні раёна мяне зразумелі, асноўная задача настаўніка – вучыць і выхоўваць дзяцей”.

Але раённае начальства можа і перагледзець гэтае рашэньне, паколькі раённая “вэртыкаль” наўпрост падпарадкавана аблвыканкаму. І калі Мікалаю Дамашкевічу такая “самадзейнасьць” прыйдзецца не да спадобы, то ня выключана, што свае 75 сьвіней маладэчанцы ўсё ж будуць гадаваць.

Што тычыцца шараговых настаўнікаў, то яны паўсюдна адмоўна ставяцца да школьнай сьвінагадоўлі. Вось, напрыклад, меркаваньне на гэты конт настаўніка з Маладэчанскага раёну Васіля Бычка:

(Бычок: ) “Гэтая ініцыятыва... Ну, напэўна, ня знойдзецца ні адзін нармальны чалавек, які б яе ухваліў. Ну ніяк не ўкладваецца ў сьвядомасьці, што трэба гэтым займацца! Гэта ня толькі мая думка, а і ўсіх настаўнікаў, і грамадзкасьці. Дзеці нашы ўсё-ткі вельмі шмат працуюць. Прыходзіць восень – капаюць бульбу, падымаюць лён. Вясна надыходзіць – зьбіраюць каменьне, садзяць елачкі. А гэта ж усё займае навучальны час. І ня дзіўна, што нашыя дзеці могуць у нечым пры паступленьні саступаць гарадзкім школьнікам. Другой думкі і быць ня можа. Сёньня век тэхнічнага прагрэсу. А мы ідзём не наперад, а назад”.

Гэта быў настаўнік з Маладэчанскага раёну Васіль Бычок.
XS
SM
MD
LG