Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СТУДЭНТАЎ ВІЦЕБСКАГА МЭДЫЧНАГА ЎНІВЭРСЫТЭТУ ЗМУШАЮЦЬ ЗДАВАЦЬ ГРОШЫ НА СТАТУЮ ГІГЕІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Своеасаблівае захапленьне адміністрацыі ВМУ старажытнай грэцкай міталёгіяй пачалося яшчэ колькі гадоў таму, і ў выніку ў фае галоўнага корпусу ўжо зьявіліся дзьве вялікія бліскучыя фігуры на поўны рост: статуя знакамітага Гіпакрата ды статуя патрона ўсіх лекараў, грэцкага бога Асклепія, таксама вядомага, але болей пад рымскім імем Эскуляп.

Дарэчы, багіня здароўя Гігея, або Гігіея, скульптура якой мае зьявіцца цяпер ў двары, — ягоная дачка. Апроч яе, у міталягічнага Асклепія была дачка Панацэя ды яшчэ двое сыноў, таму студэнты жартуюць, што неўзабаве на падворку мэдунівэрсытэту можа зьявіцца цэлы пантэон! Зрэшты, яны хацелі бы бачыць тут зусім іншыя постаці:

(Хлопец: ) “Я лічу, што каля мэдунівэрсытэту абавязкова мусіць быць помнік Абу Алі Ібн Сіна”.

(Дзяўчына: ) “Помнік Дарвіну, да прыкладу…”

(Хлопец: ) “А я лічу, што помнікаў у нас ужо дастаткова. Тут вось колькі гадоў ідзе рамонт у інтэрнаце №4, дык лепей бы на яго пусьцілі сабраныя сродкі!”

(Карэспандэнтка: ) “А ці многа грошай вам трэба здаваць?”

(Хлопец: ) “Мінімум 500 рублёў. Паколькі сярэдняя стыпэндыя складае каля 20 даляраў, то ніхто ня хоча нават такіх грошай здаваць добраахвотна”.

(Дзяўчына: ) “Каля мэдунівэрсытэту ўвогуле можна шмат чаго паставіць. І скульптуру Гігеі таксама. А потым, як працяг традыцыі, каля вэтэрынарнае акадэміі можна паставіць помнік яшчуру або птушынаму грыпу!”

Тым ня менш, хто са шкадаваньнем, а хто з рогатам, але грошы студэнты паціху здаюць, бо праблемаў на “ўзроўні рэктара” ня трэба нікому. Старастам групаў ужо абвесьцілі, што скульптура гатовая, і засталося сабраць сродкі хіба на пастамэнт для Гігеі.

Ці ейная выява патрэбная ўнівэрсытэту ды гораду, разважае сябра Віцебскага таварыства аховы помнікаў, краязнаўца Міхась Паўлаў (дарэчы, таксама лекар паводле адукацыі):

(Паўлаў: ) “Я не зусім разумею, навошта гэтая скульптура, якая даніна павагі Гігеі тут аддаецца? Калі ўжо ёсьць такая неабходнасьць, я бы прапанаваў паставіць тут помнік канкрэтнай асобе, чыё імя зьвязанае з унівэрсытэтам, горадам, усёй Беларусьсю. Да прыкладу, Карлу фон Гібэнталю, вынаходніку гіпсавай імабілізацыі, які жыў ды працаваў у Віцебску”.

Дарэчы, падобным чынам ушанавалі памяць тутэйшых дасьледчыкаў у Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце, усталяваўшы каля ўваходу бюсты Бахціна, Ціхамірава ды Сапунова. Што да супрацоўнікаў мэдычнага ўнівэрсытэту, то ад іх давялося пачуць наступны камэнтар:

(Спадарыня: ) “Пытаньне вельмі простае — што лепей: адрамантаваць у інтэрнаце каналізацыю або ўсталяваць помнік? За каналізацыю хіба скажуць “дзякуй” ды забудуць. А помнік дасьць магчымасьць нашаму рэктару застацца ў памяці прынамсі некалькіх пакаленьняў”.

Да гэтых словаў застаецца дадаць хіба тое, што рэктар ВМУ Аляксандар Касінец вялікі аматар ня толькі старажытнай, але і найноўшай гісторыі. Зь ягонае ініцыятывы ў навучальнай установе ня толькі зьяўляюцца стылізаваныя “грэцкія” скульптуры, але й выдаюцца цэлыя зборнікі прамоваў Аляксандра Лукашэнкі: тутэйшы выдавецкі цэнтар друкуе іх нароўні з дасьледаваньнямі вядомых прафэсараў.

Прафэсары ж, у сваю чаргу, таксама вымушаныя ахвяраваць на статую Гігеі, хаця і ўскосным чынам: на ажыцьцяўленьне “гістарычных” ініцыятываў рэктара выдаткоўваюцца тыя самыя “ўнутраныя сродкі”, якія ў іншых умовах пайшлі бы на прэміі або навучальныя дапаможнікі.
XS
SM
MD
LG