Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ШТО ДУМАЮЦЬ ГАМЕЛЬЧУКІ ПРА АДСЯЛЕНЬНЕ З ЗАРАЖАНЫХ РАДЫЯЦЫЯЙ ТЭРЫТОРЫЯЎ?


Казімер Яноўскі, Гомель

(Жанчына: ) “У мяне бацькі жылі ў Хойніцкім раёне ў вёсцы Гарошкаў. Дык што, там павінны людзі жыць? Паміраць там? А дзеці як? Я сваё дзіця назад не вярнула б. І бацькоў таксама. Маці ў мяне памерла, а бацьку мы, наадварот, забралі да сябе. Вы ведаеце, колькі людзей ў вёсцы у нас памерлі? Мы езьдзім у вёску на Радаўніцу. Кожны год у нас усё новыя і новыя магілы. Людзі паўміралі ад раку. Нават у дзяцей малых у нас усё рак, рак, рак”.

(Хлапец: ) “Якая ж гэта памылка, адсяленьне?! Няўжо трэба было пакінуць людзей, каб яны засталіся паміраць там ад уздзеяньня радыяцыі. Лічу, правільна зрабілі, што іх перасялілі”.

(Хлапец: ) “Гэта было памылкай, што людзей перасялялі ў іншыя раёны, вёскі. Там было беспрацоўе. Людзі п`янствавалі, ня маглі знайсьці працу. Асабістая справа кожнага чалавека, вяртацца ў зону ці не”.

(Хлапец: ) “Улады павінны сказаць чалавеку, наколькі гэта зона забруджана. Ці небясьпечна там жыць? Ці могуць там без наступстваў для здароўя жыць дзеці? У заражанай вёсцы Куклічы Чачэрскага раёну жыла мая бабуля. Мы вымушаны забраць яе, каб яна лепей адчувала сябе”.

(Мужчына: ) “Гэта самае натуральнае глупства было зроблена. Цяпер апамяталіся. І што? Разбурылі ўсё! Людзі гатовы назад вярнуцца. І ўрад гатовы назад іх перасяліць. А куды? Радыяцыя, як нам тлумачаць, пераменлівая. Сёньня тут, а заўтра – там”.

(Жанчына: ) “Ну як яны там жылі б, калі там было дужа кепска? Трэба было адсяляць. Яны ўжо пераехалі, у іх новае жытло. Яны ўжо за столькі гадоў абаснаваліся. Няхай жывуць. Навошта іх вяртаць назад у зону?”

(Мужчына: ) “Я таксама лічу, што трэба было адсяляць адтуль, дзе шмат радыяцыі”.

(Жанчына: ) “Глупства ў нас зрабілі, бесталкоўшчыну. Навошта іх было чапаць? Кішэні панабівалі старшыні і зьехалі. Нас пакінулі, як інвалідаў. Незаконна гэта, няправільна. Трэба вярнуць людзей на месца, даць ім жыць”.

(Хлапец: ) “А як бы людзі жылі ў радыяцыі? Іх рана яшчэ вяртаць назад. Можа, хіба пазьней, праз гадоў дзьвесьце”.

(Мужчына: ) “Трэба было адсяляць. Але варта было на новым месцы стварыць належныя ўмовы. Людзі ж назад вяртаюцца з прычыны дрэнных умоваў на новым месцы”.

(Хлапец: ) “Канечне, людзей трэба было перасяляць з зоны. Пакутуюць ня толькі дарослыя, але і дзеці. А дзеці – гэта будучыня нацыі. Нават з гэтай адной прычыны трэба было адсяляць людзей і як мага далей трымацца ад Чарнобылю, ад месца аварыі”.

(Хлапец: ) “Калі шчыра, то мне падаецца, што трэба было адсяляць. Там усё заражана, там вельмі ўсё дрэнна. Гэта было правільна тады і, напэўна, цяпер. Я ня думаю, што за 18 гадоў штосьці зьмянілася”.
XS
SM
MD
LG