Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПАСЯЛІЎСЯ Ў КАБАЧКУ


Казімер Яноўскі, Петрыкаўскі раён

Сёньняшні, першы дзень паездкі Аляксандра Лукашэнкі быў ня надта напружаны. У сельгаспрадпрыемства “Запаветы Ільіча” Петрыкаўскага раёну Лукашэнка прыляцеў на верталёце аб 11-й гадзіне. Знаёміўся тут з тым, як праходзяць палявыя работы, абяцаў падтрымку гародніннай галіне і патрабаваў пашырэньня экспарту сельгаспрадукцыі, у тым ліку і ў Расею.

У вёсцы Бабунічы Лукашэнка агледзеў будаўніцтва экспэрымэнтальных дамкоў зьменшанага кошту, пагутарыў зь вяскоўцамі й адляцеў у сваю рэзыдэнцыю на Прыпяці. Якая яна — рэзыдэнцыя, мне распавёў жыхар Петрыкава:

(Петрыкавец: ) “Гэтае месца знаходзіцца каля вёскі Кабачок. Там ёсьць затон, ён таксама называецца Кабачок. Круты бераг, прыгожы бераг. Цудоўны від на рэчку Прыпяць. Колісь там адпачывалі жыхары — і Петрыкава, і Ляскавіч, і прыежджыя. Зрабілі тут драўляны маёнтак на два паверхі. Як нашы петрыкаўцы кажуць: а што яму — жыць у хляве? Ён жа прэзыдэнт! Месца і дом абгароджаныя ў бок Дарашэвічаў кілямэтры тры-чатыры. Дакладна я ня мерыў. Стаіць добры такі плот, двухмэтровы — з дошак”.

Цікаўлюся ў суразмоўцы: ці забруджанае гэта месца радыяцыяй?

(Петрыкавец: ) “Не, гэтае месца не забруджанае. Петрыкаўшчына збольшага — чыстая зона”.

(Карэспандэнт: ) “А вось менавіта Кабачок і Дарашэвічы?”

(Петрыкавец: ) “Не, гэта чыстая зона”.

Патрапіць на тэрыторыю рэзыдэнцыі немагчыма. Дзясяткі гектараў маладога сасьняку ня толькі абнесеныя плотам, але і ўзмоцнена ахоўваюцца.

(Петрыкавец: ) “Там вельмі багата аховы. Ахова Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”. Усе яны ў форме, пры кукардах, з аўтаматамі. Яны ахоўваюць і экспэрымэнтальную гаспадарку “Ляскавічы”. Але ж прэзыдэнт са сваёю аховаю прыяжджае”.

На тэрыторыі рэзыдэнцыі петрыкаўскія дарожнікі заасфальтавалі сьцежку, каб Лукашэнка мог катацца на ролікавых лыжах ці каньках. Распавядаюць людзі й пра сажалку:

(Петрыкавец: ) “Як кажуць петрыкаўцы і ляскаўцы, там сажалка ёсьць такая. Туды ў мінулым годзе запусьцілі багата самоў. І каб ніхто іх не пакраў, кожнаму саму прывязалі на вяровачцы плястмасавую бутэльку, і самы з гэтымі бутэлькамі плавалі. Але ж палешукі — хітры народ, усё адно скралі аднаго сама. Там, кажуць, цэлая вайна была, кагосьці нават выгналі з аховы”.

(Карэспандэнт: ) “А дзеля чаго самоў запускалі ў ставок?”

(Петрыкавец: ) “Каб паказаць Аляксандру Рыгоравічу, якія ў нас ёсьць рыбіны на Палесьсі, у Прыпяці”.

У палескай рэзыдэнцыі знаходзяць сабе занятак і чыноўнікі з адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.

(Петрыкавец: ) “Літаральна ўчора бачыў, як ехалі два “Фальксвагены”, чорныя такія, зь цёмнымі вокнамі. У іх сядзелі людзі ў камуфляжнай форме. Наперадзе ішла “Вольва” зь мігалкамі, і ззаду “Вольва” зь мігалкамі. Казалі, што вельмі багата стрэлаў было за ракою і каля Ляскавічаў. Палявалі! Палююць там круглы год. Там няма забароны на паляваньне”, — распавёў жыхар Петрыкава, які ня пажадаў, каб ягонае імя называлі публічна.

Плянуецца, што заўтра Аляксандар Лукашэнка наведае Ельскі раён і завод друзу ў Глушкавічах, што ў Лельчыцкім раёне.
XS
SM
MD
LG