Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛАЦКАМУ ЎНІВЭРСЫТЭТУ ПЕРАДАЛІ КОМПЛЕКС ЕЗУІЦКАГА КАЛЕГІЮМУ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Да апошняга часу ў будынках калегіюму месьціўся вайсковы шпіталь, і гаворка аб неабходнасьці вяртаньня ў старыя муры акадэмічнага духу доўжылася ад часоў “перабудовы”. І вось толькі 21 лютага адбыўся ўрачысты акт іх перадачы таму, каму яны павінныя па праву належаць: Полацкаму дзяржунівэрсытэту.

Плошча памяшканьняў былога калегіюму складае некалькі тысяч квадратных мэтраў; у іх мусяць прайсьці вялікія аднаўленчыя ды рамонтныя працы, але рэктар Полацкага ўнівэрсытэту доктар Эрнст Бабенка не хаваў сваёй радасьці й выказаў перакананьне, што ўжо ў хуткім часе ў адноўленых карпусах пачнуцца заняткі. Тут мяркуецца разьмесьціць гуманітарныя факультэты, а таксама музэй адукацыі.

На ўрачыстасьці прысутнічалі шматлікія госьці зь Менску, Віцебску, іншых гарадоў, прадстаўнікі польскай амбасады ў Беларусі. Сярод гасьцей быў і вядомы пісьменьнік ды гісторык Уладзімер Арлоў. Дамо яму слова:

(Арлоў: ) “Сёньня адметны дзень ня толькі для Полацку, але і для ўсёй Беларусі. Бо адбываецца ня проста перадача гістарычных карпусоў Полацкага калегіюму нашай сучаснай alma mater — Полацкаму ўнівэрсытэту; сёньня зьвязваецца яшчэ адна, надзвычай істотная нітка ў нашай даўняй традыцыі эўрапейскай адукацыі. І гэта маглі б пацьвердзіць выдатныя выкладчыкі і выхаванцы Полацкага калегіюму і Полацкай Акадэміі, якія невідочна прысутнічаюць тут сёньня з намі.

Гэта паэт і філёзаф Мацей Казімер Сарбеўскі, астраном Марцін Пачобут-Адляніцкі, гэта адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры, аўтар няўміручага “Шляхціца Завальні” Ян Баршчэўскі. Можна называць яшчэ дзясяткі імёнаў, якія асьвятлялі ня толькі полацкі небасхіл”.

Ад часоў заснаваньня Полацкага калегіюму ў ім гучала польская ды лацінская мова, потым амаль дзьвесьце гадоў тут гаманілі па-расейску. І вось сёньня пад старымі скляпеньнямі залунала беларускае слова. Будзем спадзявацца, што яно будзе лунаць тут цягам 21-га і ўсіх наступных стагодзьдзяў.
XS
SM
MD
LG