Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГАРАДЗЕНСКІХ РЫНКАХ АДБЫЎСЯ АДНАДЗЁННЫ СТРАЙК


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Нечакана зьявіўся дзеяч страйкавага руху Валеры Леванеўскі. Ён абвесьціў сёньняшні страйк і заклікаў прадпрымальнікаў прыйсьці да выканкаму ўсяго за суткі. Прычым сам ён меўся сёньня ў Палаце прадстаўнікоў абмяркоўваць праблемы падаткаабкладаньня, але яму ня выпісалі пропуск.

У аблвыканкаме раніцай сабралася сэсія аблсавету, каб абмеркаваць пытаньне падаткаў. Прадпрымальнікі вылучылі туды на вуліцы сваіх прадстаўнікоў ад самых буйных рынкаў — “Паўднёвага” і “Цэнтральнага”. Дарэчы, абодва сёньня ў значнай ступені не працавалі.

З ацэнкай сёньняшняй акцыі — адзін з прадпрымальнікаў:

(Прадпрымальнік: ) “Калі на самой справе ўжо прыціснуць людзей, і калі зараз дэпутаты нічога ня вырашаць, дык людзей зьбярэцца значна болей. Бо гэта датычыць усіх прадпрымальнікаў. Гэта даволі спантанная акцыя. Калі заранёў паведаміць людзям, шмат хто прыйшоў бы нават са сваякамі, зь сябрамі. Тады гэта была б больш значная акцыя, безумоўна”.

Валеры Леванеўскі патлумачыў мне, што сэсія аблсавету — пазачарговая, даведаўся ён пра яе ў апошні момант. Таму раптоўна, за суткі абвесьціў страйк.

Прадпрымальнікі хочуць, каб улады зьменшылі падаткі на 20%. Учора ўвечары прадстаўнікі рынкаў выказалі свае патрабаваньні старшыні аблвыканкаму Ўладзімеру Саўчанку. Сёньня старшыня Клюбу прадпрымальнікаў Франц Мамуль паведаміў сабраным на вуліцы пра галоўны вынік: улады згадзіліся зьменшыць аплату за гандлёвае месца на 10%.
XS
SM
MD
LG