Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБОТНІКІ КРЫЧАЎСКАГА ЗАВОДУ ГУМАВЫХ ВЫРАБАЎ АТРУЦІЛІСЯ ТЭХНІЧНАЙ ВАДОЙ


Марыя Ўсьціновіч, Крычаў

Дзевяць работнікаў Крычаўскага заводу гумавых вырабаў апынуліся з дыягназам “дызэнтэрыя” ў інфэкцыйным шпіталі. Тыя, хто меў кантакт з хворымі, у тым ліку і дзеці, павінны прымаць лекі для прафіляктыкі.

Паводле санітарных лекараў, людзі атруціліся тэхнічнай вадой, якую пілі, калі на водаправодзе адбылася аварыя. Завод і сёньня застаецца безь пітной вады. Учора на канвэер, дзе працуюць 60 чалавек, адміністрацыя выдала адну паўтаралітровую бутэльку мінэральнай вады.

Зараз водаправодныя сеткі на прадпрыемстве прамываюцца, там робяць дызэнфэкцыю. Работніцы сьцьвярджаюць, што сеткі не рамантаваліся і ня чысьціліся 45 гадоў — з таго часу, калі завод быў пабудаваны. У трубах знайшлі ня толькі вялікі слой глею, але і парэшткі птушак і жывёлаў. Раённы цэнтар санітарыі і эпідэміялёгіі наклаў спагнаньне за нездавальняючы стан водаправодных сетак на галоўнага інжынэра — 120 тысяч рублёў штрафу.

Санітарныя лекары ўпэўненыя, што зараз небясьпекі эпідэміі на прадпрыемстве няма. Хаця жанчыны, якія ходзяць на працу, скардзяцца на болі ў страўніку.

Паводле інфармацыі Магілёўскага абласнога цэнтру санітарыі, завод павінен выдаткаваць 600 тысяч рублёў на прафіляктычныя лекі для сваіх работнікаў. Аднак сёньня высьветлілася, што адміністрацыя адмаўляецца даць грошы, пакуль афіцыйна ня будзе даказаная віна прадпрыемства.

Выпадак групавога захворваньня на заводзе мясцовыя дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі не камэнтуюць. Работніцы заводу зьвярталіся па дапамогу да рэдактара незалежнага крычаўскага выданьня “Вольны горад” і кіраўніка мясцовай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргея Няроўнага, аднак газэта на гэты час прыпыніла свой выхад.

Сяргей Няроўны гаворыць, што атручваньне работнікаў заводу вадой — далёка ня першы факт, які замоўчваюць мясцовыя ўлады. Падобнае адбылося ў мінулым красавіку, калі адбыўся пажар у інтэрнаце прадпрыемства.

Зараз, паводле Сяргея Няроўнага, рэпутацыя дырэктара заводу зьберагаецца ад нэгатыўных момантаў у сувязі з выбарамі ў мясцовыя саветы. Пётар Трубкін зьяўляецца кандыдатам у дэпутаты раённага савету і будзе абірацца на безальтэрнатыўнай аснове.
XS
SM
MD
LG