Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАРАВОЗЫ ЭКАНОМЯЦЬ ЧЫГУНАЧНІКАМ ЭНЭРГАРЭСУРСЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

У рэгіянальным аддзяленьні чыгункі ёсьць ужо тры лякаматыўныя дэпо, якія прыстасавалі старыя паравозы пад кацельні. Яны выкарыстоўваюцца зараз для абагрэву паліўных складаў, майстэрняў, іншых вытворчых участкаў.

У прыватнасьці, начальнік Жлобінскага лякаматыўнага дэпо Мікалай Грапаў паведаміў, што іхны паравоз апрабаваны і гатовы да эксплюатацыі. Патрэбны толькі дазвол тэхнічнай інспэкцыі, каб узаконіць кацельню-паравоз. Паводле словаў спадара Грапава, стары паравоз ім не давялося шукаць. У дэпо на кансервацыі іх было цэлых два.

Ня ўсе паравозы здалі на пераплаўку ў Гомелі, Калінкавічах. Але асабліва іх шмат, як сьцьвярджаюць чыгуначнікі, у Лідзе на Гарадзеншчыне. Стаяць яны на кансэрвацыі і ў Менскай вобласьці.

На старыя паравозы зьвярнулі ўвагу, калі ў краіне сталі моцна падвышаць кошты на цеплавую і электрычную энэргію.

Як і ў Жлобіне, у лякаматыўным дэпо Гомеля таксама прыстасавалі паравоз для абагрэву вытворчых памяшканьняў. У якасьці паліва сюды звозяць старыя драўляныя шпалы.

Начальнік Калінкавіцкага дэпо Аляксандар Аляксееў паведаміў, што яны ўжо цягам году выкарыстоўваюць паравоз для падагрэву вады і атрыманьня тэхналягічнай пары. Такім чынам эканомяць каля 10% прыроднага газу. Але ад такога вынаходніцтва начальнік не ў захапленьні.

(Аляксееў: ) “Ня ведаем, на чым эканоміць і як эканоміць. Выкручваемся, як можам. Мы – лякаматыўшчыкі, а паравоз – той жа лякаматыў. Вось і прыстасавалі. Ёсць шмат старых шпалаў. Аднак падрыхтоўка іх да спальваньня – працаёмкая справа. Калі казаць па праўдзе, то лепей кацельня на прыродным газе. У нашага вынаходніцтва каэфіцыент эканоміі нізкі. Жыцьцё вымушае, даводзіцца выкручвацца. З прычыны беднасьці”.
XS
SM
MD
LG