Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАГІЛЁЎСКІ ГАРСАВЕТ НЕ ЗАЦЬВЕРДЗІЎ ГЕРБ ГОРАДУ БЕЗ “ПАГОНІ”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

На сэсіі Магілёўскага гарадзкога савету новы варыянт гербу, які прапанаваў гарвыканкам, выклікаў гарачыя спрэчкі. Меркаваньні падзяліліся. У выніку праект гербу не набраў патрэбнай для ўхваленьня колькасьці галасоў.

Паводле меркаваньня старшыні Магілёўскага гарадзкога савету Валерыя Сьвістунова, сваю ролю ў непрыняцьці новага гербу адыгралі ня толькі розныя мастацкія густы, а боязь абвінавачаньняў ў непасьлядоўнасьці. Справа ў тым, што дэпутаты гэтага скліканьня ўжо галасавалі каля двух гадоў таму за варыянт гербу, які датуецца 1661 годам: тры вежы, адчыненыя вароты, рыцар і “Пагоня” ўверсе. Менавіта такі варыянт адстойвалі перад дэпутатамі магілёўскія гісторыкі.

Аднак зь Менску, з Геральдычнага камітэту даслалі рэкамэндацыю вярнуцца да больш старажытнага гербу альбо стварыць новы. Таму быў створаны варыянт, дзе ад цяперашняга сымбалю засталіся толькі тры вежы й вароты.

Зьнікненьне з гербу рыцара і “Пагоні” камэнтуецца ў Магілёўскім гарвыканкаме як імкненьне пазьбегнуць мілітарызацыі гарадзкога сымбаля.

Леў і абраз у гербе спадабаліся кіраўнітцву гарвыканкаму, аднак выклікалі шмат пытаньняў у спэцыялістаў. Васіль Набелахаў, выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які вядзе курс геральдыкі, лічыць, што праект зроблены непрафэсійна.

(Набелахаў: ) “Прадстаўлены варыянт з гледзішча эмблематыкі, сэнсавага адзінства, геральдыкі мае шмат памылак”.

З усіх гербаў, якія былі ў Магілёва, Васіль Набелахаў вылучае якраз той, які лічыцца сымбалем гораду зараз і дзе ёсьць выява “Пагоні”.

(Набелахаў: ) “Гэты герб больш за ўсё вядомы гараджанам. І, па сутнасьці справы, за яго даўно ўжо прагаласавала грамадзкасьць стыхійна, паколькі ён зьяўляецца ў нас на ўсіх тэлеэкранах, застаўках, на ўсіх старонках газэтаў, рэклямных выданьняў, і людзі прызвычаіліся, што гэта ўжо гарадзкі герб”.

Падобныя меркаваньні выказваюць магілёўцы на вуліцах гораду.

(Спадарыня: ) “Я не разумею, чаму гарадзкія ўлады так настойваюць на тым, каб нам зьмянілі герб. Мне вельмі падабаецца той, які ёсьць зараз, і ўсім маім сябрам ён падабаецца. Гэта дадатковыя грошы патрэбныя на ўсё гэта, і таму я лічу, што гэта зусім непатрэбна”.

(Спадар: ) “Герб з “Пагоняй”, які ў нас зараз ёсьць, — гэта сапраўды гістарычны герб гораду Магілёва. І я не разумею, навошта зараз прымаць новыя гербы, прыдумляць нейкія малюнкі з ільвамі і абразамі, якія ня маюць дачыненьня да гісторыі, традыцыяў і культуры нашага гораду”.

Зараз Магілёў ня мае афіцыйнага гербу з гледзішча дзейнага заканадаўства Беларусі. Гарвыканкам вырашыў дапрацаваць той варыянт, які зараз не прынялі дэпутаты і, магчыма, для новага разгляду зьбярэцца спэцыяльная сэсія гарадзкога савету яшчэ гэтага скліканьня. Гісторыкі, са свайго боку, папярэджваюць чыноўнікаў, што герб павінен мець важкія падставы — культурна-гістарычныя, геральдычныя і таксама здаровага сэнсу.
XS
SM
MD
LG