Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МАГІЛЁВЕ НА 360 000 ЖЫХАРОЎ – КАЛЯ 25 ГРАМАДЗКІХ ПРЫБІРАЛЬНЯЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

У Магілёве на трыста шэсцьдзесят тысячаў жыхароў прыходзіцца каля дваццаці пяці грамадзкіх прыбіральняў, бальшыня зь якіх пабудаваная за рысай гораду. У самім Магілёве яны разьмешчаныя толькі на рынках і ў вакзалах. Людзі вымушаныя спраўляць натуральную патрэбу ў грамадзкіх месцах, на вуліцах і ў пад’ездах дамоў, за што нярэдка трапляюць у міліцэйскае аддзяленьне. Летась толькі за чатыры месяцы адміністрацыйнае пакараньне з гэтай прычыны панесьлі тры з паловай тысячы магілёўцаў. Натуральна, адсутнасьць грамадзкіх прыбіральняў падштурхнула да гэтай ініцыятывы магілёўцаў, асабліва тых, хто пабываў ў такой сытуацыі. Гаворыць адзін з ініцыятараў збору подпісаў Мікалай Кавалёў:

(Кавалёў: ) "Я апынуўся ў такім становішчы, што прыехаў да сваіх знаёмых, а іх не было дома. Мне хацелася справіць сваю патрэбу. Таму прыйшлося бегчы да ракі Днепр ў кусты, бо вакол не было грамадзкай прыбіральні. Я думаю, што патрэбна вырашаць гэтае пытаньне, паколькі не адзін я магу апынуцца ў такім становішчы".

Ініцыятыву магілёўцаў падтрымала магілёўская арганізацыя Свабоднага прафсаюзу. Ейныя юрысты спасылаюцца на санітарныя нормы, паводле якіх на тысячу месьцічаў небходная адна прыбіральня. Атрымліваецца, што Магілёву патрэбна больш трохсот прыбіральняў.

Начальнік упраўленьня камунальных гаспадарак гарвыканкаму Сяргей Гардзееў пакуль ня вядае, як адказаць на гэтае пытаньне. Паводле ягоных словаў, праблема патрабуе працяглай распрацоўкі, а пачынаць прыйдзецца зь біяпрыбіральняў. Але ж калі – невядома.

Калі ініцыятары збору подпісаў атрымаюць на свой запыт адмоўны адказ, то запатрабуюць прыцягнуць чыноўнікаў да судовай адказнасьці за невыкананьне імі сваіх службовых абавязкаў.
XS
SM
MD
LG