Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З-ЗА КРАДЗЯЖОЎ НА ЭЛЕКТРЫЧНЫХ ПАДСТАНЦЫЯХ У МАГІЛЁВЕ АДКЛЮЧАЮЦЬ ЭЛЕКТРЫЧНАСЬЦЬ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

У Магілёўскіх электрычных сетках гавораць, што калі крадзяжы ня спыніць міліцыя, то аднаўленчыя працы на падстанцыях могуць ускладніцца і адключэньні электрычнасьці стануць больш працяглымі.

Сэрыя крадзяжоў на электрычных падстанцыях Магілёва і адключэньні ў сувязі з гэтым электрычнасьці ў горадзе ацэньваюцца як надзвычайнае здарэньне. Таму што абрабаваныя дзяржаўныя аб’екты сфэры энэргетыкі.

Міліцыя вядзе пошук злачынцаў. З кожнай падстанцыі невядомыя зносяць да 15 кіляграмаў дэталяў, у якіх утрымліваецца медзь. Страты Магілёўскіх электрычных сетак ад крадзяжоў дасягнулі 1 мільёну беларускіх рублёў.

Рэзкія адключэньні электрычнасьці, нават на некалькі гадзінаў — рэч вельмі небясьпечная, бо дае збой кампутарная і іншая тэхніка, адключаюцца сыгналізацыі, а жыхары дамоў могуць апынуцца ў ліфтах, якія спыніліся.

Энэргетыкі папярэджваюць, што запас дэталяў, якія, дарэчы, купляюцца ў Расеі за валюту, далёка не бязьмежны. У Магілёве ёсьць і такія падстанцыі, якія мантажаваліся гадоў 20 таму і цяпер не вырабляюцца. Крадзёж зь іх дэталяў можа прывесьці да неабходнасьці мяняць усю падстанцыю, што азначае адключэньні электрычнасьці не на гадзіны, а на дні.

Спэцыялісты гавораць, што гэтыя крадзяжы ўчыняюць не дылетанты. Летась падобная спроба скончылася сьмерцю шукальнікаў каляровых мэталаў. Зараз невядомыя крадуць дэталі ў сьветлы час сутак і дакладна ведаюць, як зрабіць гэта бясьпечна.

Крадзяжы абсталяваньня электрычных сетак, у якіх утрымліваюцца каляровыя мэталы, апошнія гады зьяўляюцца вялікай праблемай для памежнай Магілёўскай вобласьці. Крадуць дэталі й правады, асабліва ў сельскай мясцовасьці, дзе ёсьць закінутыя і адселеныя вёскі. Людзей не спыняюць і частыя паведамленьні пра сьмяротныя выпадкі, якія здараюцца з выкрадальнікамі.

Каляровыя мэталы звычайна вывозяцца ў Расею кантрабандным чынам. Там гэты тавар каштуе даражэй, чым на беларускім баку мяжы.
XS
SM
MD
LG