Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЫБУХ НА ГОМЕЛЬСКІМ ЗАВОДЗЕ “ЦЭНТРАЛІТ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Перапрацоўка вайсковых боезапасаў на “Цэнтраліце” вялася не ўпершыню. Гэтым разам 56 тонаў мэталалому, у тым ліку і снарадаў, гомельскі завод атрымаў ад Урэчанскага цэху рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Менскі другасны мэтал”.

На мэталічны лом меўся дзяржаўны сэртыфікат пра выбуховую бясьпеку. Аднак калі газарэзчык узяўся распалавініць галаўную частку снарада, адбыўся выбух.

Пракуратура Савецкага раёну Гомеля распачала па факце сьмерці газарэзчыка і калецтва двух ягоных памагатых крымінальную справу за парушэньне правілаў аховы працы. Пакуль няясна, хто будзе адказчыкам у гэтай крымінальнай справе — толькі Ўрэчанскі цэх, які даслаў у Гомель выбухова небясьпечны мэталалом, ці яшчэ і адміністрацыя заводу “Цэнтраліт”.

У рэгіёне пераплаўкай боезапасаў займаецца ня толькі гомельскі ліцейны завод, але і Беларускі мэталюргічны ў Жлобіне. Яго, дарэчы, нядаўна ўзначаліў былы дырэктар “Цэнтраліту” Мікалай Андрыянаў.

Наколькі вядома, і на БМЗ траплялі разам з мэталаломам снарады, праўда, часу вайны. Службам каправага цэху ўдавалася выявіць небясьпечны мэталалом і такім чынам прадухіліць бяду.

Утылізацыя снарадаў вядзецца і ў Добрускім раёне ў адмысловай вайсковай часьці. Чатыры гады таму тут таксама здарылася трагедыя. Узарвалася ўстаноўка ўтылізацыі пораху з прычыны тэхнічнай няспраўнасьці. Два чалавекі загінулі.

Запас снарадаў у часьці застаўся ад былой Савецкай Арміі. Ён настолькі вялікі, што ўтылізацыяй давядзецца займацца яшчэ многія гады.
XS
SM
MD
LG