Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕКАТОРЫЯ НАСЕЛЕНЫЯ ПУНКТЫ НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ АДРЭЗАНЫЯ АД МАГIСТРАЛЬНЫХ ШЛЯХОЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Шмат хто зь берасьцейцаў сёньня адмовiўся ад карыстаньня ўласным аўтамабiлем. Здарылася гэта не таму, што аўтааматары прыслухалiся да парадаў супрацоўнiкаў дзяржаўтаiнспэкцыi. Большасьць вулiцаў была заваленая сьнегам i не прыдатная да руху транспартных сродкаў. Асаблiва пацярпелi жыхары берасьцейскiх мiкрараёнаў, куды грамадзкi транспарт трапляў зь вялiкiмi цяжкасьцямi. Вось што распавёў адзiн з жыхароў гораду:

(Спадар: ) “Сёньня ранiцай я стаяў на прыпынку i хвiлiнаў 20 назiраў за тым, як спрабуе разьвярнуцца маршрутны аўтобус. У вынiку я ды яшчэ пяцёра мужчынаў пачалi выпiхваць яго, каб ён выехаў. Таму што справа магла зацягнуцца, i я проста б спазьнiўся на працу”.

У iншых месцах берасьцейцы недакачалiся аўтобусаў увогуле i дабiралiся па сваiх справах пешшу. Камунальныя службы, нягледзячы на бесьперапынны рэжым працы, ня здолелi падрыхтаваць дарогi для руху транспарту. Да такiх высноваў прыйшла i гарадзкая надзвычайная камiсiя, што тэрмiнова сабралася сёньня на сваё паседжаньне. Было вырашана прасiць дапамогi ў вайскоўцаў i абласной службы надзвычайных сытуацыяў. Але кiраўнiк гэтай службы Канстанцiн Шэршуновiч паведамiў, што iхнай тэхнiкi таксама ня хопiць, каб лiквiдаваць сьнежныя заносы. Тым больш, што тэхнiка пакуль занятая толькi расчысткай дарогаў. Вывозiць сьнег прыйдзецца пазьней.

Яшчэ больш драматычна складваецца становiшча ў вёсках. На Берасьцейшчыне зарэгiстраваныя ўжо чатыры выпадкi, калi дахi жывёлагадоўчых фэрмаў ня вытрымалi цяжару cьнегу. Акрамя таго, некаторыя населеныя пункты зараз адрэзаныя ад магiстральных шляхоў i жыхары гэтых мястэчак апынулiся ў iзаляцыi.
XS
SM
MD
LG