Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСЫ Ў ТУРМАХ


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Па афіцыйных зьвестках, у зоне знаходзіцца кожны 160-180-ы жыхар краіны — надзвычай шмат... Калі падняць статыстыку з савецкага часу, дык высьветліцца, што нацыя зьнявечаная турмой ня менш, чым нават апошняй вайной.

Вось адказы жыхароў Драгічына на пытаньні нашае праграмы: ці ёсьць сярод іхных знаёмцаў былыя вязьні турмаў? Як ставяцца яны да такіх людзей?

(Спадар: ) “Ёсьць, нават стрыечны брат. Вельмі шкода яго — усё жыцьцё, лічы, правёў у гэтых установах. Ніколькі, вядома, ён ня выправіўся, нават зараз там. Вельмі шкода, шкода такіх. Аніяк у сваяка не ўладкавалася, хоць і бацькі ёсьць, усё ёсьць, нават дзе жыць... Але ж гэта зацягвае, мусіць, і ён зацягнуўся ўжо назаўсёды...”

(Спадарыня: ) “У мяне няма знаёмых, што сядзелі. Але я ведаю, што не заўсёды тыя, хто ў турме, патрапілі туды за тыя справы, якія яны нібыта зрабілі. Ёсьць там і выпадковыя. Той, хто павінен сядзець, ходзіць на волі. А людзі, якія скралі, напрыклад, мех бульбы ў калгасе, трапяць у турму і пабачаць несправядлівасьць, што там ёсьць. Я так ведаю”.

(Спадар: ) “Так, у мяне ёсьць такія знаёмыя. Сусед, у дзяцінстве сябравалі. Бацькі ў яго баптысты, і пэўны ціск з гэтага боку быў і на яго, бо і ён у баптысты пайшоў. За што і трапіў у турму. І пайшоў, пайшоў, пайшоў... Цяпер трэці раз сядзіць. А вось іншы прыклад. Адзін знаёмец яшчэ да васямнаццаці гадоў пабыў у калёніі. Цяпер яму ўжо сорак пяць, і ён кажа: усё зраблю, абы не ў турму, ня дай Бог туды трапіць!”

Памятаю спакойнае, няпомсьлівае стаўленьне маёй роднай вёскі Ракузаўка, што на Магілёўшчыне, да некалькіх землякоў, якія адседзелі гадоў па дзесяць за сваё паліцэйскае мінулае. Нават па п’янцы колішнія партызаны не ўпікалі нямецкіх памагатых. Цікава, што апошнія чамусьці жылі больш заможна, але я ня бачыў, каб яны ў сваю чаргу неяк падкрэсьлівалі той дзіўны матэрыяльны рэванш перад маім дзядзькам Архіпам, якога ў свой час прадстаўлялі нават да Героя…

Але як усё зьмянілася, калі пачалі зьяўляцца зэкі найноўшай эпохі — Ракузаўка стала іншай. Падазронай, з замкамі на кожных дзьвярах, са злосным сабачым брэхам. Гэта ня выратавала. Сотню двароў прыдушыў страх перад тымі, хто дэманстратыўна не хаваў сваіх наколак, бандыцкіх звычак. Іх было нямнога — пара-тройка чалавек, але аднойчы аднекуль зьявіўшыся, яны ўжо не зьнікалі: вярталіся з турмаў, некуды сыходзілі, зноў траплялі за краты, прыводзілі прапітых сябрукоў, падазроных сябровак…

І надзённымі сталі для Ракузаўкі чуткі: таго пабілі, адтуль скралі, там паламалі, тое згарэла. Раней спагадлівая, усьмешлівая вёска пачала пераймаць звычкі шпаны, блатнякоў, люмпэнскай публікі... На вачах адбывалася карозія нораваў. Зусім арганічна гэта зацьвердзілася, калі да нас пачалі сяліць “хімікаў” — тых, хто адбываюць пакараньне за няцяжкія злачынствы ва ўстановах адкрытага тыпу.

Сярод іх быў Мікалай Мірончык з Асіповіцкага раёну. Ён рана застаўся бяз маці, а мачыха неўзьлюбіла пасынка. Пры першай магчымасьці зьехаў на БАМ — поўны юнацкага рамантызму. Толькі ж ударная камсамольская будоўля шмат у чым трымалася на зэках. Яны і прывучылі Міколу да гарэлкі. Пасьля Сыбіры родны калгас, там дзеля чарговай выпіўкі скіраваў машыну дроваў “налева” і апынуўся ў Ракузаўцы. Ня біўся, ня краў, не мацюкаўся. Мая суседка Клара Зьдзешчыц кажа, што вяскоўцы ацанілі ягоныя незвычайныя для зэка паводзіны:

(Зьдзешчыц: ) “Ён да людзей добра ставіўся, дапамагаў дома, у гаспадарцы. У нас шмат старых, жанчын. За гэта любілі”.

Асабліва сябраваў зь Лідзіяй Ільянковай.

(Ільянкова: ) “Усё зваў мяне “другой маці”. Я адказвала: “Ну ладна, мой сынок, толькі ж ты не блажы больш, каб мне не было сорамна”.

Спадарыня Лідзія раіла Мікалаю ажаніцца тут ды застацца назаўсёды: навошта вяртацца туды, дзе не чакаюць? Адзінае засмучала ў ім — бясконцае п’янства. Вясковыя ўмовы патуралі старому граху: за любую дапамогу разьлічваліся пляшкай. А пасьля чаркі з кім душу адвядзеш? З тымі зусім не анёламі, якія аблюбавалі Ракузаўку. І закончылася ўсё новым турэмным тэрмінам за крадзёж нейкай калгаснай драбязы. Як адседзеў, вярнуўся да Ільянковай.

(Ільянкова: ) “Ці прымеш, Фёдараўна?” Я кажу: “Ну як не прыняць? Калі ў цябе няма нікога, дык жыві. Клопатаў тут!” Сама сіратой расла. Калі мне было 12, маці памёрла, а я старэйшая ў сям’і. Пашкадавала і ўзяла. Пагутарыла зь дзецьмі: перавыхаваецца, будзе дапамагаць. Калі талерка супу якая лішняя, дык паесьці дадзім”.

Піць ён ня кідаў, казаў, так і памрэ. Як у ваду глядзеў: два месяцы таму сканаў. Ні грошай на пахаваньне не засталося, ні адзеньня прыстойнага. Вёска ня кінула яго: скінуліся хто колькі мог, а хто на грошы небагаты, тыя апранулі нябожчыка ў чыстае, амаль новае. Упершыню за доўгія гады ва ўзаемаадносінах паміж маімі землякамі і “сядзельцам” адбыўся нейкі незвычайны зрух.

Як бы на своеасаблівы знак гэтага вымушанага прымірэньня Мікалай Мірончык з Асіповічаў ляжыць зараз пад жалезным крыжам на ўскрайку вясковых могілак. Жалобная стужка падпісаная проста: “Ад жыхароў Ракузаўкі”. Клара Зьдзешчыц раіць ня кідаць такіх людзей на волю лёсу:

(Зьдзешчыц: ) “Трэба, каб кожны імкнуўся на добры шлях яго паставіць, каб гэты чалавек ішоў менавіта па ім. Каб кожны імкнуўся навучыць гэтых людзей...”

Памяць пра гады за кратамі адгукаецца як мінімум у кожнай дзясятай сям’і. Аднак грамадзкае стаўленьне да тых, хто адседзеў сваё і вярнуўся, даволі суворае. І не без падставаў. Бо рэцыдывы, паводле розных афіцыйных зьвестак, складае 30 і больш адсоткаў. Але зараз мы пра іншае. Пра тых, хто вяртаецца. Але куды — дадому? Да работы? Да вучобы? На жаль, нармальнае жыцьцё для большасьці зь іх пачынаецца нават не з нуля, а мінусу. Вось яшчэ адзін лёс. Распавядае сястра былога зьняволенага, спадарыня Людміла:

(Людміла: ) “Алег вярнуўся ўлетку — сонца, прырода, пляж, столькі спакусаў для маладога хлопца! А брат непазнавальны нейкі дзічок: на танцы зь неахвотай, калі на рэчку, дык далей ад гарадзкога пляжу, і піць не цягнула... Нам з маці патлумачыў, што баіцца сарвацца: у калёніі набачыўся, як вяртаюцца туды праз паўгоду-год... “Мне на завод, кажа, трэба хутчэй”.

Але пакуль аднавіў дакумэнты — пашпарт, прапіску, даведку пра тэхнікум, дык тое жаданьне пачало прытупляцца. А як з горам напалам усё сабраў і пайшоў за працоўнай кніжкай, дык, можна сказаць, яго пачалі назад штурхаць, на нары. Нашкодзіла пара адпачынкаў: то ў аддзеле кадраў некага няма, то ў адміністрацыі паперкі патрэбнай не дастаць, таму і работы ня бачна.

Нарэшце заявілі проста: ты “зэк”, а ў нас нармальныя людзі не ўладкаваныя... Алег сарваўся, па п’янцы згубіў тую праклятую кніжку. Зноў зьвяртацца за ёй няёмка, бо трэба тлумачыць, прасіць. Затое сябрукі-алькашы тут як тут! Ой, каб хто яму дапамог з піке выйсьці...”

Гэтая гісторыя адбылася ў палескім мястэчку Петрыкаве. Там, здаецца, усе ведаюць усіх. Для заводзкіх зусім не сакрэт, што Алег стаў ахвяраю Крымінальнага кодэксу амаль выпадкова: пасьля бойкі на танцах.

Беларускія турмы перапоўненыя людзьмі, падобнымі да Алега, аптымальнае пакараньне для якіх штраф, прымусовыя работы... Але атрымліваюць на поўную катушку.

У апошняй рэдакцыі Крымінальнага кодэксу многія артыкулы сталі куды больш жорсткімі, чым нават пры савецкай уладзе. Па 7–8 гадоў пачалі даваць тым, хто парушыў закон упершыню, прычым размова зусім не пра рабаўнікоў ці забойцаў. Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала прыводзіць лічбы: 13% тых, што трапілі за краты, зьдзейснілі злачынствы, якія ня маюць вялікай грамадзкай небясьпекі, і амаль 30% правапарушэньняў атэстуюцца менш цяжкімі. Гэта, напрыклад, дробны крадзёж.

Раней кожны пяты злодзей у рэспубліцы проста штрафаваўся, а зараз за мех бульбы, воз саломы, за палку напханай крахмалам кіўбасы простая дарога ў турму — толькі кожнаму трыццатаму шчасьціць разьлічыцца за сваю дурноту рублямі. Астатнім выпадаюць краты.

Адчужанасьць суседзяў і аднавяскоўцаў, іхнае падазронае стаўленьне да так званых “зэкаў” з гледзішча абыватальскай псыхалёгіі зразумелае: дужа шмат гвалту вакол. Людзі касавурацца, а сястра Алега Людміла плача, што брата можа прыбіць да так званых “сініх”, пастаянных знаёмцаў Тэміды.

Паводле статыстыкі Міністэрства ўнутраных справаў, палова ўсіх злачынстваў учыняюць асобы, якія нідзе не працавалі. Праблема пошуку заробкаў тычыцца і тых, хто моліцца на закон, і тых, хто пляваць на яго хацеў. У аршанскай калёніі УЖ 15/12 толькі 5% зьняволеных спадзяецца знайсьці на волі працу. Праблема рэсацыялізацыі ў грамадзтва былых зэкаў, безумоўна, у першую чаргу тычыцца іх працаўладкаваньня. Вось меркаваньне экспэрта Беларускага Гельсынскага камітэту Алега Гулака:

(Гулак: ) “Звычайнаму чалавеку цяжка знайсьці больш-менш прыстойную працу. А які мае судзімасьць, гэта ўвогуле амаль немагчыма. І шмат такіх зваротаў у БГК. Таму мы вельмі добра бачым сытуацыю. На жаль, яе вельмі цяжка вырашаць, а ў іншых краінах з больш разьвітай эканомікай і дабрабытам грамадзтва гэта рабіць прасьцей. Праграмы рэсацыялізацыі патрабуюць дадатковых грошай. Гэта ўсё нятанна каштуе. Беларусь пакуль ня можа сабе гэтага дазволіць”.

У адносінах да вызваленых зь месцаў пазбаўленьня волі дзяржава выключна ашчадная: для падтрымкі першых крокаў на волі былыя вязьні могуць разьлічваць на яе дапамогу ў памеры — ну, паспрабуйце адгадаць? — адной мінімальнай зарплаты! Прычым грашыма атрымліваюць толькі палову, астатняе — талёны на харчаваньне. У гэтыя дні па апошняй амністыі вызваленыя ад пакараньня 14 тысяч чалавек. І далёка ня ў кожнага ёсьць нейкі прытулак хоць бы на першы час. Куды ім падацца, калі з-за скупога фінансаваньня ў краіне фактычна няма цэнтраў рэсацыялізацыі.

Сталічны цэнтар, менскі, разьлічаны на 12 былых вязьняў, барысаўскі на 8, гомельскі, гародзенскі ды магілёўскі — на 6 чалавек. Амніставаныя ідуць з калёніяў літаральна калёнамі, але ж і назад вяртаюцца пачкамі — амаль кожны шосты-сёмы…

Дарэчы, па сьведчаньні былога начальніка Менскага сьледчага ізалятара Алега Алкаева, і за савецкім часам рэцыдыўнасьць была прыблізна такой жа. Сярэдні кошт утрыманьня кожнага асуджанага штомесяц абыходзіцца падаткаплатнікам амаль на 90 тысяч рублёў. Хто захоча, вазьміце калькулятары і займіцеся падлікамі. Астатнім прапаную паслухаць працяг апытаньня жыхароў Драгічына: ці ёсьць сярод іхных знаёмцаў былыя вязьні турмаў? Як ставяцца яны да такіх людзей?

(Спадарыня: ) “Ведаеце, я працавала ў вячэрняй школе, там вельмі часта бачыла дзяцей, яшчэ непаўнагадовых, якія ўжо сядзелі, вярталіся, пасьля іх зноў садзілі. Вельмі шмат такіх, і ўладкоўваюцца па-рознаму. Калі турма “ламае”, то пасьля, вядома, цяжка. Я так думаю, што адсоткаў 80 паўторна вяртаюцца туды. Цяжка ўладкавацца ў гэтым жыцьці”.

(Спадар: ) “Так, ёсьць такія знаёмыя. Канечне, лёс некаторых склаўся няўдала, пасьля ўжо дастаткова цяжка ўзнавіць свой грамадзянскі статус. Мала хто з-за турмы працуе па той жа спэцыяльнасьці, што і да асуджэньня. Але чаму я павінен пагардліва ставіцца да такіх? Мне асабіста яны нічога дрэннага не зрабілі. Я нармалёва стаўлюся да іх — проста бяда ўтварылася”.

(Іншы спадар: ) “У мяне, дзякуй Богу, падобных знаёмцаў няма, Гасподзь зьлітаваўся”.

Царква і рэлігія сталі адным з самых магутных фактараў, якія дапамагаюць былым вязьням не зламацца псыхалягічна, знайсьці ў сабе сілы стаць на ногі тады, калі большасьць ужо адмовіла ім у дапамозе. Найбольш актыўныя тут пратэстанцкія грамады. У афіцыйнай прапагандзе нават зьявілася тлумачэньне: маўляў, баптыстам ды іншым сэктантам абы расьці колькасна, вось і падбіраюць розных там...

У адказ Якаў Пацукевіч зь Пінску заўважае, што, па-першае, гэта пагардлівае, нябоскае стаўленьне да тых, хто зьбіўся з дарогі да Храму. Па-другое, пратэстанты Беларусі больш за іншых вернікаў краіны нацярпеліся за свае погляды, ім бліжэй іншых канфэсіяў духоўныя пошукі і пакуты ўчорашніх вязьняў.

Сам Якаў Васільевіч пяць гадоў адседзеў у турме — цытую прыгавор Брэсцкага абласнога суду ад 6 жніўня 1974 года: “за арганізацыю і кіраўніцтва незарэгістраванай рэлігійнай сэктай Адвэнтыстаў сёмага дня”. Так, 30 гадоў таму ён парушыў закон атэістычнае краіны, каб на сваё разуменьне выканаць закон Божы.

Даўно няма ўжо ў беларускім Крымінальным кодэксе тых антырэлігійных артыкулаў, адвэнтысты афіцыйна зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь, але дагэтуль з-за палітычна акрэсьленай судзімасьці спадару Пацукевічу выплачваюць палову заробленай пэнсіі.

Нядаўна Вярхоўны суд адмовіў яму ў рэабілітацыі, і цяпер Якаў Васільевіч спадзяецца хіба толькі на дапамогу вядомага дэпутата Івана Пашкевіча. У сваім лісьце ён падкрэсьліў красамоўны факт: “Вярхоўнаму суду маю справу дакладаў судзьдзя Пташнік, які мяне судзіў тады ў Пінскім судзе”. Дык ці можа чалавек, якому і сёньня агукаецца ягонае даўняе зьняволеньне, быць абыякавым да вязьняў апошняга часу? Тым больш, калі іх, магчыма, асуджалі тыя ж самыя служкі Тэміды, са старой перакананасьцю ў сваёй вечнай праўдзе... Толькі ж — хіба ў вечнай? І — ці ў праўдзе? Якаў Пацукевіч кажа, што вечная праўда толькі ў веры Гасподняй.

А ў суседнім зь Пінскам мястэчкуЯнаве ўчорашніх зьняволеных, што апынуліся на раздарожжы, апякуюць вернікі з абшчыны Хрысьціян веры эвангельскай. На чыгуначным вакзале падабралі неяк Уладзімера Козела, які амаль палову з 38 гадоў свайго жыцьця правёў за кратамі. Сястра ды іншыя сваякі “зэка” не прынялі, вось ён і бамжаваў.

Учорашняму рэцыдывісту знайшлі прытулак у прыбудове да малітоўнага дому. Баптысты падтрымалі яго, дабіліся, каб міліцыя ўладкавала на працу ў прыгарадным калгасе, райвыканкам спрабаваў вырашыць жыльлёвую праблему. А Ўладзімер праз газэту абяцаў узяцца за розум, расказаў, напрыклад, як вярнуў прадаўцу памылкова адлічаную рэшту... Аднак Козел пайшоў на крадзёж і зноў апынуўся ў камэры. Цяпер піша лісты ў Янаўскую абшчыну, каб маліліся за яго. Пастыр Анатоль Сай разважае так:

(Пастыр Сай: ) “Ён сам ня ў курсе, чаго хоча. Вось напісаў ліст, у якім раскайваецца, кажа, хоча жыць сумленна. Аднак хіба гэта ўпершыню? Гэты чалавек хворы духоўна. Ён зразумеў, што на людзкім даверы й на людзкой дабрыні можна лёгка пражыць. Я ж бачыў, як патаемна паліць ды чыфірыць. Але ж хоць ён і падаецца невыпраўным, Гасподзь усё можа зрабіць. Таму мы і будзем маліцца”.

А сястра Вольга, у якой Валодзя доўгі час жыў, і слухаць пра яго ня хоча:

(Вольга: ) “Адчапіцеся. Ня брат ён мне ніякі. Больш ніколі й на парог яго не пушчу!”

Вельмі можа стацца, што Козелу, калі і баптысты ад яго адвернуцца, у найлепшым выпадку давядзецца дабіваць свой век у спэцыяльным інтэрнаце для былых зьняволеных. Ёсьць такая адмысловая ўстанова ў вёсцы Бабінічы пад Воршай. 45 старых рэцыдывістаў жывуць у пакойчыках з закратаванымі вокнамі. Днём, як і ўсе вольныя людзі, маюць права хадзіць куды хочуць — вось і наводзяць страх на тутэйшых вяскоўцаў. Часам небеспадстаўны, бо крадзяжы там даволі частыя. Сваю гісторыю распавядае інтэрнатаўскі паэт, мастак ды філёзаф Ігар Ходатаў, больш вядомы сярод сваіх як Гары:

(Гары: ) “Гары Іванавіч Ходатаў. Нарадзіўся я ў Жлобіне ў 35-м годзе, у сям’і вайскоўца. Бацька быў Іван, арыштавалі яго ў 49-м. На якой падставе, дагэтуль ня ведаю. Пасьля разводу жыў у камуналцы. Ну, і сачыў за суседкай. Я ня ведаў, што яна габрэйка... Хаця ўвогуле я не антысэміт, я габрэяў паважаю, у мяне любімы артыст эстрады Аркадзь Райкін.

Дык вось аднойчы налавіў рыбы, прынёс яе дахаты, а суседка кажа: “Усю кватэру запаскудзіў”! А ў мяне чуб упаў на вочы, як у Адольфа, ножык у руках — я ж рыбу чысьціў, і кажу: “Што ж вы, маць вашу так! Можа, вам Гітлера ўваскрасіць або Сталіна?!” Тады ж ва ўладзе Андропаў быў, ён вынес пастанову пра барацьбу з хуліганамі, п’яніцамі ды іншым сацыяльным збродам. Пад гэтую мятлу я й “загрымеў пад фанфары”. На гэтым я “гару” — язык мой вораг мой.

Цяпер жыву ў інтэрнаце. Некалькі разоў выступаў супраць адміністрацыі: я каго ўзяў на кручок, то ўжо ня зьлезу, пакуль не даканаю ў выхаваўчых мэтах, толькі ў выхаваўчых мэтах! А яны мяне за гэта ў псыхіятрычны шпіталь... А нельга ўсіх пад адзін грабеньчык! Гэта вам любы псыхоляг скажа, любы сацыёлаг: толькі ўмовы, толькі асяродзьдзе робяць з чалавека злачынцу! Вось яна, праўда й філязофія жыцьця! Так во і праходзіць апошні этап майго жыцьця: безь сям’і, у інтэрнаце... Чакаю во сын мусіць прыехаць, увесну прыехаць абяцаў...”

У трагіфарсавым маналёгу старога рэцыдывіста Гары ёсьць шчырая нотка, зьвязаная з чаканьнем сына. Так, найпершае выратаваньне для большасьці былых вязьняў палягае менавіта празь сям’ю. І — каханьне. Яно ўладарыць ня толькі над усімі ўзростамі, але й сацыяльнымі групамі. Вось яшчэ адзін сюжэт зь Петрыкава.

Тацяна пазнаёмілася зь Пятром па перапісцы — прачытала на сваю галаву ягоную абвестку ў газэце: “высокі, прыгожы, бяз шкодных звычак, у турму трапіў выпадкова, прашу паверыць”. Паверыла. Як вызваліўся, прыехаў, сустрэліся, спадабаліся адзін аднаму ўжо не па лістах. Згулялі вясельле, нарадзілі дачку. І тут зрыў. “Суседзі накаркалі”, — гаворыць Тацяна. Бацька, спадар Мікалай, шкадуе маладую дачку:

(Мікалай: ) “...Але ж зьвязаўся ён з гэтым паганым “зялёным зьміем”. Ну і што? Як дзень — п’янка, як другі — п’янка, як трэці — п’янка... І так месяц, два, тры... Выгналі з працы сукінага сына!”

(Карэспандэнт: ) “А вы зь ім спрабавалі неяк разабрацца, нешта ўцямяшыць у галаву?”

(Мікалай: ) “Спрабаваў, але дзе там — усё гэта адскоквала ад яго, як мячык ад сьцяны. Яму самае галоўнае — пляшка, набрацца, каб нічога ня бачыць. Цярпела-цярпела дачка, ды што рабіць, давялося разводзіцца. Але ўсё роўна цягаецца да яе, дэбашырыць...”

(Карэспандэнт: ) “Гэтыя дзверы, што вы рамантуеце, ягоных рук справа?”

(Мікалай: ) “Во, во, во! Гэтыя дзьверы за гэты год я пяты раз рамантую! І міліцыя яго брала, і я казаў, што пысу намылю — нічога не дапамагае...”

Многія вяртаюцца з турмаў зь яшчэ больш пакалечанай псыхікай. І гэта адбіваецца ў сфэры тонкіх пачуцьцяў. Аднак праўда і ў тым, што каханьне ўсё ж здольнае лекаваць. Менавіта пра тое любімая ў народзе “Каліна чырвоная” Шукшына. Вельмі шмат людзей у краіне сядзелі, столькі марылі ў калёніях пра сямейнае шчасьце і вельмі нямногім яно даставалася... Фільм жа дадаў упэўненасьці, веры сотням тысяч людзей. Таму й палюбілі “Каліну” паўсюдна. А ў Ельскім раёне асабліва. Ва ўсялякім разе, у Беларусі нідзе больш чым тут не выходзяць замуж за былых асуджаных.

Ужо дзясяткі два так званых “зэкаў” апошнім часам прыжаніліся тут, пайшлі ў прымакі. Напрыклад, у Дабрыні імі сталіся Васіль Кучарэнка і Андрэй Казлоўскі. Тое ж і ў суседнім Млынку. Выканаўца абавязкаў старшыні Млыноцкага сельсавету Галіна Канабраткіна расказвае:

(Галіна: ) “Яны працуюць, а жывуць у сем’ях. Жытло ў жонак ёсьць. Але і асабістае жытло былым асуджаным патрэбнае дзеля рэабілітацыі, тут і гаворкі няма”.

У якасьці прыкладу распавяла пра Мікалая Мельнікава. Ён хоць і адбыў на зоне не адно пакараньне, але ў Млынку стаў выдатным спэцыялістам, дырэктар гаспадаркі Аляксандар Максіменка ўзяў яго асабістым кіроўцам. І калі ў былога вязьня нарадзіўся сын, саўгас вырашыў купіць для сям’і дом. А што яшчэ трэба, калі пасьля турмы ў цябе ёсьць жонка, сын і жыльлё? Мельнікаў вельмі сур’ёзна адказвае: “Дачка, безь яе хата няпоўная”...
XS
SM
MD
LG