Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З БУДЫНКУ АРШАНСКАГА РАЙВЫКАНКАМУ “ВЫСЯЛЯЮЦЬ” АДДЗЕЛ КУЛЬТУРЫ


Браніслава Станкевіч, Ворша

Новым месцам разьмяшчэньня раённага аддзелу культуры прызначаны аварыйны аднапавярховы будынак з аўтаномным ацяпленьнем, што знаходзіцца на самым ускрайку Воршы. Зусім нядаўна адсюль пераехаў раённы цэнтар гігіены, санітарыі ды эпідэміялёгіі, супрацоўнікі якога з году ў год настойвалі на перасяленьні з гэтага будынку, і нарэшце свайго дамагліся — ім раённыя ўлады далі больш камфортнае памяшканьне.

Дзеля супрацоўнікаў аддзелу культуры нічога лепшага не знайшлося, нягледзячы нават на тое, што іхны вымушаны пераезд абумоўлены асабістым інтарэсам старшыні райвыканкаму Ўладзімера Адашкевіча — за кошт памяшканьняў аддзелу ён вырашыў пашырыць свой службовы кабінэт.

Дарэчы, у гэтым сэнсе ён скарыстаў колішні досьвед іншага аршанскага чыноўніка — старшыні гарвыканкаму Валянціна Майсеюка, які таксама некалькі гадоў таму “пашырыўся” коштам “суседзяў”. Праўда, выселены тады гарадзкі аддзел культуры апынуўся ў лепшых умовах — яго перасялілі ў былы будынак гаркаму КПБ, пад адзін дах з разьмешчанай там цяпер мастацкай школай.

Раённаму аддзелу культуры пашанцавала меней — ягоны дах, як і ўвесь будынак цалкам, патрабуюць неадкладнага капітальнага рамонту. Сродкаў на яго пакуль што няма, а вось да эўрарамонту ў кабінэце старшыні райвыканкаму падрыхтоўка ўжо пачалася.
XS
SM
MD
LG