Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬШЧЫНА ВЯРТАЕЦЦА ДА БАЛОТАЎ І НЕ БАІЦЦА РАДЫЯЦЫІ


Казімер Яноўскі, Гомель

У 1970-я гады цяпер ужо мінулага стагодзьдзя Гомельскую вобласьць няшчадна асушалі. Мэліярацыю Палесься наогул абвесьцілі ўсесаюзнай ударнай будоўляй. Цяпер многія мэліяратыўныя сыстэмы і асушаныя нізкапрадуктыўныя землі прыйшлі ў заняпад. Акурат яны і выводзяцца з інтэнсіўнага севазвароту.

Распавядае намесьнік начальніка абласной управы зямельных рэсурсаў і геадэзіі Аляксандар Новікаў:

(Новікаў: ) “Цяпер у нас у гаспадарках не хапае ні тэхнікі, ні рэсурсаў, ні ўгнаеньняў, каб апрацоўваць бедныя землі. Паводле рашэньня ўраду і пераглядаем землі, выводзім з інтэнсіўнага карыстаньня. Частку пакідаем пад сенакосы, пашу, а самыя горшыя — засадзім лесам. Дзе мэліяраваныя землі забалоціліся, на падставе актаў пераводзім іх у забалочаныя. Ёсьць ужо землі і забалочаныя”.

Летась лесам удалося засадзіць амаль 8 тысяч гектараў колішняй ворыўнай зямлі. На большае пакуль не хапае сродкаў. Звыш паўтысячы гектараў мэліяраваных земляў пазначаныя летась у актах балотамі.

Я пацікавіўся, ці не выводзіліся з абароту забруджаныя радыяцыяй землі, дзе нельга атрымаць нават нарматыўна чыстую прадукцыю? Такіх земляў надзвычай шмат пасьля Чарнобыльскай катастрофы ў Хойніцкім, Брагінскім ды іншых “чарнобыльскіх” раёнах.

Аказалася, што не выводзіліся. Якім чынам дзейнічалі, паведаміў кіраўнік Рэчыцкага райсельгасхарчу Леанід Бычко:

(Бычко: ) “У нас такіх земляў у раёне было (а я з 1997 году працую) амаль 9 тысяч гектараў. Пасьля дапушчальныя канцэнтрацыі забруджанасьці зьменшылі. Землі нібыта чыстыя, а збожжа — бруднае”.
XS
SM
MD
LG