Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖЫХАРЫ ЧАЧЭРСКУ ЗАСТАЛІСЯ БЕЗ АБЯЦАНЫХ РАДЫЁТЭЛЕФОНАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Публічнае абяцаньне забясьпечыць радыётэлефонамі і моладзь, і састарэлых людзей Аляксандар Лукашэнка даў летась у гадавіну Чарнобыльскай катастрофы падчас наведваньня Чачэрску. Людзі скардзіліся на дрэнную тэлефонную сувязь, і кіраўнік дзяржавы распарадзіўся перадаць міністру сувязі Ганчарэнку паставіць такую станцыю. “Вось гэтыя тэлефоны з правадамі адыходзяць. У Нямеччыне іх амаль няма. Ужо будзе радыётэлефон бяз гэтых правадоў”, — абяцаў Аляксандар Лукашэнка.

За восем месяцаў у справе радыётэлефанізацыі Чачэрскага раёну нічога ня зрушылася. Мясцовы вузел электрасувязі замяніў толькі на тэлефоннай станцыі абсталяваньне 30-гадовай даўніны, пашырыўшы ў райцэнтры абанэнцкую сетку.

Пра ўзьвядзеньне радыётэлефоннай станцыі тут і зараз нічога ня ведаюць. Распавядае начальнік раённага вузла электрасувязі Мікалай Круглёў:

(Круглёў: ) “Радыёстанцыя ад мяне не залежыць. Гэта найперш залежыць ад аблтэлекаму. У нас няўпэўненая зона прыёму. Патрэбны яшчэ такія станцыі ўздоўж магістралі. І толькі потым радыёстанцыю можна рабіць у Чачэрску. Але гэта надзвычай дорага. У нас і за звычайныя тэлефоны вялікая дэбэторская запазычанасьць. Плюс да таго пераразьлік за радыётэлефоны будзе на падставе валюты. Гэта ўвогуле дарагая рэч”.

Што ён мае рацыю, пацьвярджаюць многія шараговыя жыхары Чачэрску. Бугальтарка Вера адной з раённых установаў сказала на гэты конт:

(Вера: ) “Ведаеце, мне ўсё роўна. Я звычайны тэлефон не магу сабе дазволіць, кажу шчыра. Мабільны — тым болей. Заробак мне не дазваляе, магчымасьці такой няма”.

Людзей не задавальняе і нядаўняе ўвядзеньне 70-рублёвай платы за даведкі па тэлефоне “09”.

Высокі кошт устаноўкі апаратаў (у разьліку на валюту прыкладна 150 даляраў) стрымлівае тэлефанізацыю аддаленых вёсак. Прынамсі 300 вяскоўцаў у розных кутках раёну чакаюць, калі будзе праведзены ім хаця б звычайны тэлефон.
XS
SM
MD
LG