Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ ВІЦЕБСКІ МЭР АСУДЖАНЫ НА ЧАТЫРЫ ГАДЫ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Судзьдзя Перашамайскага раённага суду Людміла Ларына прызнала дырэктара нямецкага прадпрыемства “Вітэла” Валерыя Неўшава вінаватым адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Гэта незаконнае прысваеньне матэрыяльных сродкаў у асабліва буйных памерах, перавышэньне службовых паўнамоцтваў ды ўхіленьне ад выплаты падаткаў.

Паводле выраку судзьдзі, у якасьці пакараньня Валеры Неўшаў мусіць адбыць 4 гады ў калёніі строгага рэжыму ды выплаціць каля 48 мільёнаў беларускіх рублёў нямецкаму прадпрыемству-заснавальніку і больш як 2 мільёны беларускай дзяржаве. Маёмасьць спадара Неўшава падлягае канфіскацыі, а сам ён на працягу пяці гадоў пазбаўлены права займаць кіраўнічыя пасады.

Нагадаем, што крымінальную справу супраць дырэктара нямецкага прадпрыемства “Вітэла”, якое вырабляе складнікі для кандытарскае вытворчасьці, узбудзіла Віцебская абласная ўправа КГБ. Паводле афіцыйнае вэрсіі сьледзтва, у гэтую ўстанову са скаргамі на эканамічныя злаўжываньні Неўшава зьвярнуўся кіраўнік нямецкага канцэрну “Швартаў” — прадпрыемства-заснавальніка “Вітэлы” — Карл Хайнц Келерман.

Аднак за апошнія 8 месяцаў (а Валеры Неўшаў стала знаходзіўся ў сьледчым ізалятары з 23 траўня мінулага году) канцэрн “Швартаў” адмовіўся ад усіх абвінавачаньняў, а аўтар скаргі спадар Келерман быў звольнены; прадпрыемства “Вітэла” перайшло ў іншае падпарадкаваньне, і цяперашні дырэктар зь нямецкага боку Вальтэр Шмэдэс засьведчыў спадару Неўшаву падчас суду свой поўны давер ды спагаду. Спадар Неўшаў, дарэчы, на працягу ўсяго судовага працэсу, які распачаўся яшчэ 26 верасьня, не прызнаў сябе вінаватым ні ў адным з прад’яўленых КГБ абвінавачаньняў.

Абаронца падсуднага Натальля Марачкоўская адмовілася камэнтаваць сёньняшні прысуд, аднак заявіла, што неўзабаве будзе пададзеная апэляцыя ў вышэйшыя судовыя органы.
XS
SM
MD
LG