Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРАЖЫТНАЯ КОПІЯ АБРАЗА МАЦІ БОЖАЙ БЯЛЫНІЦКАЙ НАБЫТАЯ ЗА ГРОШЫ СУПРАЦОЎНІКАЎ МУЗЭЮ І РЭСТАЎРУЕЦЦА ЗА СРОДКІ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Набыцьцё старажытнай копіі абраза Маці Божай Бялыніцкай у Магілёўскім мастацкім музэі лічаць вялікай удачай. 62 чалавекі аддалі свае грошы, каб заплаціць магілёўскаму калекцыянэру за гэтую каштоўнасьць.

Абраз Маці Божай Бялыніцкай захоўваўся ў 15–16 стагодзьдзях у кляштары кармэлітаў у мястэчку Бялынічы і быў знакаміты далёка за яго межамі. Абраз, які потым быў страчаны, лічыўся цудатворным, і людзі верылі, што ён дае пазбаўленьне ад хваробаў і няшчасьцяў. Рабіліся і копіі зь Бялыніцкага абраза, якія таксама лічыліся цудатворнымі.

Распавядае намесьніца дырэктара музэю Сьвятлана Строгіна:

(Строгіна: ) “Той абраз, які зараз знаходзіцца ў музэі, зьяўляецца адным з раньніх сьпісаў — гэта 18 стагодзьдзе. Ён вельмі цікавы, ён напісаны на палатне, алеем, зроблены цікавы аклад — разьба па дрэву, пазалота, і ён шануецца вельмі добра за мастацкія якасьці свае”.

Набыцьцё новых старажытных экспанатаў зьяўляецца зараз вялікай праблемай. Па-першае, няшмат рэчаў захавалася, і, па-другое, не хапае грошай. Сьвятлана Строгіна гаворыць, што копія абраза Маці Божай Бялыніцкай — гэта адзінае набыцьцё музэю за апошні год.

(Строгіна: ) “Абраз вельмі дарагі, у зьвязку з многімі абставінамі. А захоўваўся ён у добрых руках, у калекцыянэра, але ў яго не было магчымасьці зрабіць рэстаўрацыю, бо рэстаўрацыя ў наш час таксама вельмі дарагая”.

Грошы на рэстаўрацыю абраза былі знойдзеныя з дапамогай апякунскай рады мастацкага музэю, дзе сярод іншых бярэ ўдзел беларускае прадстаўніцтва British American Tobaсco. Сябра рады магілёўскае акцыянэрнае таварыства “Стужка” выдаткавала сродкі на набыцьцё неабходных для рэстаўрацыі матэрыялаў.

Праз паўгоду ў мастацкім музэі будзе адчыненая новая экспазыцыя “Захаваная спадчына”. Там будуць прадстаўленыя беларускія мастацкія творы канца 16-га — пачатку 18 стагодзьдзяў, і цэнтрам экспазыцыі будзе старажытная копія цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай.
XS
SM
MD
LG